Вячаслаў Адамчык
Кажуць, хто ў жыццi спазнаў рай, той памрэ ў пекле.
Калi быў рай у Iвана Мацюка, то хiба да нараджэння, ва ўлоннi мацi, бо ўсё астатняе жыццё гаравалася ў чорнай агорклай бядоце.
Яшчэ ў часе вайны з гэтакiмi, як сам, падшыванцамi Янак Мацюк натрапiў на горбу доўгiх, нiбы ментузы, пёрыстых мiнаў, выкiнутых, пэўна, з вайсковай палутаркi, што, не маючы ўжо гаручага, праз вярсту застыла на абочыне жвiрыстай шашы. Яны, падлеткi, дапалi спярша да кароткай палутаркi з брызентавай кабiнай, у кузаве якой быў умацаваны трохствольны кулямёт. Стаяў, нiбы бусел, на адной назе. Узяўшыся за ручкi, можна было павярнуць то ўправа, то ўлева, альбо падняць цi апусцiць тры тоўстыя рубчастыя «кажухi», з якiх страхатлiва вызiралi кароткiя чорныя рулi. Забаўка скончылася тым, што, згледзеўшы палутарку з трохствольным кулямётам, па-ястрабiнаму iмклiвы нямецкi самалёт, якi злосна вынырнуў з-за пагорка, нечакана зрабiў разварот i паласнуў нядоўгаю кулямётнаю чаргою. Кулi ўзнялi пылок каля самай палутаркi, балазе не патрапiўшы ў яе. Яны, перапалоханыя дзецi, разбеглiся, каб, акрыяўшы ад страху, сабрацца каля горбы чырвоных мiнаў i завалачы дзве з iх у нейкi спешна выкапаны адступаючымi байцамi акопчыкѕ
Старэйшы за iх чатырох, сын дарожнага майстра з сiняга прыгожага дамка, што стаяў тут, пры шашы, у заценi дзвюх загранiчных елак, Рома Мiкульскi, прынёсшы з дому малаток i французскi ключ i разбiраючы ў гэтым акопчыку першую з дзвюх мiнаў, хацеў нешта падправiць малатком. Мацюку пашэнцiла ? ён якраз вылез з задушлiвага, напаленага сонцам акопа i толькi азiрнуўся на стук малатка, каб на ўсё жыццё застацца з пасечанаю пяском рагавiцаю i ледзьве не аслепнуць. Выбух быў надзiва глухаваты, але ў разбураным акопе ад тых чатырох, што сядзелi ў iм, засталося крывавае месiва. Мацюк, праўда, гэтага не бачыў, як не бачыў наўкруга сябе нiчога ? у вачах была моцная рэзь i непраглядная мiгатлiвая чарната.
Свет трохi праяснiўся толькi на трэцi дзень, але ўсё бачылася як праз тоўшчу вады, калi дасi нырца ў глыбокi каламутны вiр.
Вылечыў Янака вайсковы доктар, ужо немец, калi яны праз тыдзень зайшлi ў мястэчка i мацi, напытаўшы пра нямецкi шпiталь, завяла туды пакалечанага, з запухлымi вачыма сынаѕ Немец нават выпiсаў акуляры, але дзе ты iх вайною купiш, ды цi патрэбныя яны вясковаму хлопцу?
Не спрыяла Мацюку i з вучобаю.
Скончыўшы тры класы акупацыйнай школкi, покуль яе не разагналi партызаны, Мацюк яшчэ пахадзiў у няблiзкую местачковую сямiгодку. Гэта пасля вайны ўжо. З iхняй невялiкай, напалову расселенай на хутары Жывiцы вучылася ўсяго трое: ён, Янак Мацюк, i Сяргей Жаўрыд з сястрою.
Вайна скончылася, а ў тутэйшай лясной старане ўсё яшчэ кiпела, нiбы ў гаршку, куды ўкiнулi гарачы камень: то партызаны, прыгадваючы нядаўнiя свае паходы на «хозаперацыi», бралiся за прыхаваную зброю, то тулялiся, каб не трапiць на вочы чырвонапагоннiкаў ? унутраных войск НКВД, ? акоўцы, то проста шлындала i, як кажуць, паслася прылётная брыда, i аднойчы яны, трое падлеткаў, незнарок натрапiлi на зладзюг, што абкрадалi сельпоўскую краму. Было гэта ў гадзiн пяць, але позняй восенню, калi пры зямлi чорным i глыбокiм разводдзем плаваў сляпы прыцемак. Перапуджаныя зладзеi, не столькi мо згледзеўшы падлеткаў, колькi ўчуўшы незнаёмыя галасы, чамусьцi пачалi ўцякаць i адстрэльвацца, i забiлi трынаццацiгадовую Жаўрыдаву сястру.
Сяргей Жаўрыд пасля гэтага здарэння кiнуў школу, а ён, Янак Мацюк, неяк дацягнуў, дабiраючыся ў мястэчка i праз цёмную яшчэ ноч, калi збоку дарогi iншы раз двума пiльнымi агеньчыкамi блiшчалi воўчыя вочы, i праз кудасу ? непраглядную завею, калi ён патанаў па пахi ў сыпкiх курганах, каб хоць з тройкамi, але скончыць сем класаў. У восьмы Янак Мацюк не пайшоў ? пасведчанне i заяву адвёз у Баранавiчы, у медтэхнiкум, але зрэзаўся на рускай мове ? атрымаў двойку. Прыкрых дванаццаць памылак. Ён папраўдзе не ведаў, як наўкруга ўсе, чужаватай i немiлагучнай для яго мовы.
Прыйшлося летаваць дома, у сумнай, прыгнечанай вёсачцы, адрэзанай сцяною цёмнага яловага лесу ад неспазнанага зваблiвага свету, памагаць бацьку дабудоўваць хату, што стаяла без сенцаў. У войска Янака не ўзялi, забракаваўшы па той жа хваробе ? пасечаных пяском вачах. Але яму даволi было тых сямi класаў, каб уладкавацца ў сельсавет на пасаду сакратара, адкуль яго перавялi ў райфiнаддзел i прызначылi на агiдную, валацужную работу падатковага агента. Хто паважаў сябе, за такую сабачую справу не браўся.
Аднак iншай работы, акрамя таго, каб завербавацца ды паехаць на лесапавал у Карэлiю, ужо нiдзе наўкруга не было. Ды i тыя, хто завербаваўся, папрацаваўшы там год-два, вярталiся дадому ледзьве жывыя i зарослыя бародамi, як турэмшчыкi цi жабракi, альбо сённяшнiя бамжы.
I Янак, узяўшы кiрзавую палявую сумку, пачаў цягацца па чуйных, адгароджаных сабачым брэхам хутарах i тады яшчэ не калгасных вёсках. Пад канец пагодна-прытульнага жнiўня ён збiраў трэцюю рату сельгаспадатку i надвячоркам ужо на прылесным хутары зайшоў у хату, дзе смуродзiла толькi што выгнаным самагонам. Увiшная лiсявая гаспадыня тут жа на тлустых скварках падсмажыла яечню. Ад пачастунку са шклянкаю першака ён, вядома, не адмовiўся i, згаладалы за дзень, добра ўпiўся. Яму невыразна, нiбы праз сон, толькi прыгадвалася, як ён дайшоў да наравiстай мармытлiвай рэчкi з вузкаю кладкаю i ненадзейна хiсткаю парэнчаю. I дзiва ? як з яе не звалiўся, не нырнуў у патайную бухту. Да калацця ўстыўшы на роснай атаве, ачуняў Мацюк ужо сярод ночы. Палявое кiрзавае сумкi з грашыма i квiткамi пры iм не было. Хто i як забраў яе, цi будзеш ведаць з п'янае галавы. А ў сталiнскi час за страту дзяржаўных дакументаў i грошай каралi сурова. Янак Мацюк, падатковы агент раённага фiнансавага аддзела, на падставе артыкула, за растрату дзяржаўных грошай, як было сказана ў выраку суда, атрымаў тры гады. I адсядзеў ён iх, як кажуць, ад званка да званка ? будаваў у Мiнску аўтазавод, пасля ? дамы на праспекце, куды iх, брытагаловых, у злiнялых бушлатах, пад аховаю салдат вазiлi на крытых грузавiках. Раненька, яшчэ прыцемкам, прывязуць, а на шарай гадзiне, каб менш бачыла старонняе вока, затарабаняць назад, за высокi шчытны плот з кольцамi калючага дроту.
Нiкчэмнае, заўсёды пад назiркам узброенага вартавога, агiднае, абцяжаранае прымусам жыццё, а да яго Мацюк прызвычаiўся. Ва ўсялякiм разе ты хоць так-сяк, а накормлены, i ёсцека заслужанае, нязрушнае месца на нарах. Бо пасля турмы, застаўшыся ў Мiнску, спачатку качагарам пры кацельнай, потым грузчыкам пры складзе з размаiтымi будаўнiчымi матэрыяламi ? руберойдам, цэментам, шклом, нават чамусьцi унiтазамi ? жылося мала лепш. Той самы барак, дзе iм на чатырох выдзелiлi пакойчык, забруджаны наўкруга вулiчны туалет, заўсёдная нястача грошай, бо калi купiш бутэльку «Маскоўскай», а адною звыкла не абыдзешся, то на абнову з адзежы альбо на тыя ж кiрзавыя боты капейкi не застанецца.
Дадому да адзiнокай мацi ? бацька памёр, упаўшы ў баразне, яшчэ тады, калi Мацюк быў, як смяяўся сам, на выгодзе ? сядзеў у турме, ён прыязджаў гады ў рады. Недалюблiваў матчынага прымака ? нейкага прыблуду з Казахстана, васпаватага, з сiпатым голасам Зюзюкiна. Праўда, ён як нечакана з'явiўся ў iхняй Жывiцы, так нечакана i знiк.
Вось тады, калi Янак Мацюк рабiў яшчэ качагарам, з iм прылучыўся не столькi, можа, смешны, колькi дурнавата-нягаданы, прыкры выпадак. I не столькi, можа, з iм, колькi ўжо з нямогла-хвораю, састарэлаю мацi.
На велiкодныя святы, каб трохi назапасiцца вэнджаным кумпяком ды выхаванаю на гарышчы пахучаю ад часнаку i каляндры каўбаскаю цi сальцiсонам i выпiць падкрашанае ягадамi ? парэчкамi цi чарнiцамi ? жытняе самагонкi, Мацюк замянiўся з напарнiкам ? той быў праваслаўны ? i прыехаў у родную Жывiцу дадому.
Выйшаўшы лагодным вясновым ранкам з самага першага прыгараднага цягнiка, што iшоў з Мiнска на Баранавiчы, Мацюк у зманлiва-светлым настроi з прадчуваннем шчодрага велiкоднага стала, густа застаўленага бутэлькамi, з мiсаю хрумсткай, квашанай у галоўках капусты, з вяндлiнаю i ружавата-сiняю, як вясёлка, нарэзанаю скрылiкамi паляндвiцаю, бадзёра ступаў палявою дарогаю пад высокую i несцiханую песню жаваранкаў. Пройдзеш аднога, а з акрыялай пасля зiмы рунi падымаецца другi. I ўжо звiнiць ручаiнкаю, што пералiваецца праз камень цi корчык, ён, ясна-шары, асвечаны спадыспаду нiзкiм сонцам, трапяткi жаваранак.
Пясчаная дарога ўбягала ў вёску, убраўшыся ў ружаваты брук, з лагчынкаю пасярод, выбiтаю яшчэ даўнейшымi вазамi. Прыгорблены, нiкiм не бачаны на адзiнокай дарозе, Мацюк тут выпрастаўся, ганарыста прыўзняў голаў i скрыва зiркнуў на цёмныя i патайныя, як азёрная вада, вокны першай з канца Жаўрыдавай хаты з крыжавiнаю тэлеантэны на шыферным даху, ? цi не бачыць хто яго? Сыты распрэжаны конь з доўгiм, даўно не стрыжаным хвастом панура цягаў з воза пачарнелую канюшыну.
З недаўменнем Мацюк згледзеў за шыбаю перакрыўлены твар i разяўлены рот вастраносага, як дзятлiк, Сяргея Жаўрыда, сябра ўжо амаль забытых падлеткавых гадоў. Узнятая рука, нiбы пачэрпваючы жменяю, клiкала яго ў хату.
Прыстаўшы на мiг, Мацюк раздумваў ? зайсцi цi не.
Але, расчырванелы ад першае велiкоднае чаркi, Сяргей Жаўрыд нават выбег з хаты i, зашпiльваючы металiчныя капялюшыкi гузiкаў на расхрыстанай чорна-белай клятчастай кашулi, здзiўлёна выгукнуў:
- Янак, гэта ты?
Мацюка па-даўняму ў роднай каталiцкай Жывiцы называлi Янакам, у горадзе ён па-прасцяцку ды па-мужыцку быў звычайна ? Ваня.
- А ты што ? перабраў? Не пазнаеш? ? Мацюк падаў сваю дужую, ужо нават загарэлую руку.
- Ды як табе сказацьѕ ? Жаўрыд жменяю абцёр блiскуча-iльснiсты ад тлушчу рот. ? Пазiраю ў акно, а ў мяне ажно валасы дыбам ? ты з таго свету ўстаў.
- Той свет не такi ўжо даўнi ? паўгода дома не быў, ? хмыкнуў Мацюк, азiраючыся на акно, дзе чырванеў яшчэ адзiн, але незнаёмы твар.
- Сваяк мой, ? Жаўрыд прыплюшчыў п'янаватае замутнёнае вока i нават не азiрнуўся. ? А ты цi ведаеш, мы ж ужо былi пахавалi цябе.
- Рана ты мяне хаваеш, ? прымаючы ўсё за нейкi здзек, нарэшце раззлаваўся Мацюк.
- Чаму я?Мацi твая. Але хадзем у хату. Без чаркi не разбяромся, ? Жаўрыд папхнуў нагою брамку i, узяўшы пад паху Мацюка, злёгку пацягнуў да сябе. ? Праўда, я ажно ўмлеў, убачыўшы цябе.
- Ну, не дурыся, ? зноў хмыкнуў Мацюк, пераступаючы высокi парог i з яснага, залiтага вясновым сонцам дня ўваходзячы ў поцемак старое нiзкае хаты.
- Пачакай, раскажу. А покуль прысядзь, ? i прыляпнуў рукою па сiняй табурэтцы, бо на другой умасцiўся шыракаплечы, мурлаты, з сiвою чупрынаю сваяк. ? Я толькi выпраўлю дачку, няхай усё ж накажа мацеры, што прыехаў ты.
I схаваўся за перагародкаю, абклеенаю паласатымi блакiтнымi шпалерамi:
- Збегай, дачка, скажы Марылi, што з горада прыехаў Янак.
- Ну, гэта ўжо лiшнi клопат, ? паглядзеў услед цыбатай дзесяцiгадовай дзяўчынцы з цяжкаю залацiстаю касою настроены на чарку i павесялелы Мацюк.
- Як сказаць, ад такой навiны i разрыў сэрца можа быць ? сын уваскрос з магiлы, ? Жаўрыд падышоў да выштукаванага, мусiць, свае работы, буфета, што паблiскваў мядовым лакам, дастаў гранёную трэцюю чарку, паставiў перад Мацюком.
- На, асвяжыся, ? i налiў з зеленаватае бутэлькi смярдзючае, пэўна, цукровае самагонкi.
Апёкшы ўсё ў грудзях, згаладалы Мацюк схапiў з талеркi самую большую скварку ружаватага сала.
- Дык што тут было? ? спытаў ён, пазiраючы не на Жаўрыда, а на сiвога з распухлым сiнявата-лiловым носам сваяка.
- Ды пахавалi былi цябе, ? Жаўрыд павярнуўся да сваяка, што моўчкi хрумстаў цвёрды салёны гурок, сарамлiва ўсмiхнуўся. ? Дальбог, праўду кажу. На згоне зiмы было. Прыйшоў нехта ў вёску i кажа: «Вунь у раён, у мiлiцыю прывезлi Марылiнага Янака. Пад снегам усю зiму праляжаў». Паехала мацi глядзець, а яго ўжо ў Мiнск адправiлi. Яна следам у горад. Там, у трупярнi, i не разабралася, мусiць. Сын дык сын. Увесь пачарнелы.
- Чужога чалавека прызнала за мяне? ? насупiўся ўжо ап'янелы i ад першае чаркi, i ад дзiўнае страшнае навiны ўражаны Мацюк.
- Ну, абазналася, значыць.
- I хто гэта быў? Я цi не я? ? зубы ў Мацюка едка заскрыпелi.
- Як гэта ты? Ты во сядзiш у мяне ў хаце, а той ляжыць на нашых могiлках поруч з тваiм бацькам.
- Што? Поруч з бацькам? ? Мацюк падняў зеленаватую з чырвонаю замежнаю этыкеткаю бутэльку i налiў сабе сам. ? Во як, поруч з бацькам?!
- Бо думалi, што гэта яго сын. Ты, значыць.
- Сын, кажаш? ? Мацюк растапыранаю рукою злавiў чорна-белую, як шашачная дошка, байкавую кашулю Жаўрыда i тузануў да сябе. ? I хто пахаваў таго валацугу разам з бацькам, пытаю?
- Ну, хто ж ? твая мацi.
Мацюк павярнуў да акна налiты ўжо сiняватай чырванню распухлы твар i ўбачыў старую прыгорбленую кабету ў вялiкай сiва-ваўнянай хустцы. Наўрад цi прызнаў бы ён, што там, на вулiцы, стаяла яго знябожаная, зусiм састарэлая мацi, каб не падказаў Жаўрыд.
- А во ? лёгкая на ўспамiн цётка Марыля. Па цябе, Янак, мусiць, прыйшла.
- Каб пахаваць яшчэ раз?
Мацюк, пахiстваючыся, падняўся з-за стала i шырокiм няцвёрдым крокам ступiў да дзвярэй.
Як толькi ён выйшаў на брукаваны надворак, дзе галавою да воза стаяў i цягаў леташнюю пачарнелую канюшыну каштанавы конь, у браме, трымаючыся за слуп, каб, мусiць, не ўпасцi, закрычала прыгорбленая, у чорнай камiзэльцы i ружаватым фартушку старая жанчына ? Мацюкова мацi:
- Ах, Божа, з таго свету ўстаў!
- Нябось, не хацела, каб я ўстаў? ? закруцiў галавою п'яны i зусiм ужо звар'яцелы Мацюк.
- А я ж цябе гэтак хораша пахавала. Касцюмчык нiзгоршы купiла, п'янiца ты няшчасны. Кары Божай на цябе няма. На што ж ты на маю галаву з'явiўся зноў? На што ж ты ўваскрос?!
Болей прычытваць i аплакваць сябе Мацюк не даўся. Ён акруцiўся наўкруга, агледзеў пры падрубе пачарнелы, азызла-гнiлы млён, падняў яго i шпурнуў туды, у браму, дзе стаяла мацi.
- Ах, Божа мiлы, чаму ж я сама не лягла ў тую магiлу, чаму не памерла?
- Маўчы! ? Мацюк прыгразiў кулаком i закруцiўся зноў, каб знайсцi што падхватнае ў руку. ? Цяпер не ты мяне, а я цябе пахаваю!
Але тут яго схапiў у пояс i пацягнуў назад у хату перапуджаны Жаўрыд.
Пераспаўшы да вечара ў чужой хаце, нанач пацiшэлы, прысаромлены Мацюк прыйшоў дадому. Замiрэння, праўда, з мацi не было, як не было ўжо i сварбы. Мацюк сцiшком пашныпарыў у варыўнi, знайшоў трохлiтровы слоiк самагонкi ? яшчэ той, што засталася ад яго пахавання, ? адрэзаў ад апольца добры брус сала, спакаваў усё ў паркалёвую торбу, што муляла заўсёды ў кiшэнi, i назаўтра раненька сабраўся ў дарогу.
- Куды ж гэта ты? ? спытала мацi, калi ён наспех снедаў.
- Пайду, зiрну на сваю магiлку.
- Ой, дурны быў, дурным i застаўся, ? мацi навотлiў безнадзейна махнула рукою.
Ужо зпанадворку Мацюк убачыў у акне яе заплаканы, з дрыготкiм падбародкам твар.
На могiлкi ён не пайшоў ? чаго глядзець на копчык чужога, можа, ужо апалага i падзёўбанага дажджом долу, ? i вулiцаю выкiраваў на гравiйку, што вяла да цiхага, за чатыры кiламетры ад вёскi, чыгуначнага паўстанку. Усё ж, падымаючыся на прылесны пагорак, азiрнуўся на белы стрункi бярэзнiк за густою зялёнаю рунню ? там у зямлю ўрасталi вясковыя могiлкi. I Мацюк уявiў, як пад вусцiшны пошум доўгага, яшчэ не ўбранага ў лiстоту карычневага вецця на апалых капцах прабiвалася першая ценькая трава, зелянелi пахiленыя замшэлыя крыжы, западалi глыбока ў грунт забытыя каменнi i iскрылiся мармуровай крошкай новыя помнiкi. Там, пад адзiнокаю сухаверхаю хвойкаю, пахаваны бацька i дзве малодшыя сястры-блiзняты, што захварэлi былi на водру i засаб ? у дзён тры ? памерлi абедзве. А цяпер поруч з iмi палажылi нейкага прыблуду.
Злосць, як пена на кiпячым малацэ, узнялася ў Мацюковай апаленай крыўдаю чуйнай душы. I ён не стрываў, адкупорыў слоiк, сарваўшы брудна-жоўтую пластмасавую накрыўку, i адным дыхам адпiў можа са шклянку смярдзюча-атрутнай самагонкi. У торбе намацаў сала i, не дастаючы, адгрыз яшчэ моцнымi зубамi палоску любовага.
Праз хвiлiну-дзве свет лагодна паяснеў, зрабiўся празрысты, хоць над галавою ў Мацюка вiсела ўжо сiняватая хмурнасць. I злосць паступова апала, утачылася, як вада ў траву.
У электрычку Мацюк сеў вясёла-раздабрэлы. Заўважыўшы гэта, да яго падсунуўся хiтраваты, з наздратым задзiрыстым носам, агнiста-рыжы, стрыжаны пад бобрык, як ён назваў сябе, Стас.
Яны з Мацюком зноў адкупорылi той сiняваты з каламутнаю самагонкаю трохлiтровы слоiк. Праўда, з вакзала яшчэ здужалi дабрацца ў кацельню, каб пачаставаць Мацюковага зменшчыка. Але гэтага, вядома, аказалася мала, i Стас схадзiў у магазiн i прынёс дзве бутэлькi «Агдаму». Ачмурэлi яны добра, бо нехта адкруцiў вентыль, i за ноч больш як семдзесят тон саляркi сплыло ў блiзкi раўчак, а адтуль ужо ў азярцо, акружанае шархоткiм сухiм троснiкам. Сiне-ружовая пляма ўкрыла ўсю паверхню прадаўгаватага азярца з белымi лебедзямi, i тады ўжо ў мiкрараёне ўзняўся крык i лямант. Трывога была як на пажары.
Пасля гэтага здарэння Мацюк на тры месяцы застаўся без работы, покуль нарэшце, згаладалы i абношаны, не напытаў месца грузчыка ў снабаўскiм складзе. Тут на пару з маладым хлопцам работы было няшмат: разгрузiць цi загрузiць машыны дзве-тры то з руберойдам, то з шыферам, то з якiмi-небудзь унiтазамi цi скрынкамi аблiцовачнай плiткi. Найбольш хадзiлi з мётламi ды шуфлямi, падмятаючы склад i ходнiк перад шырокiм i доўгiм блочным складам.
Да таўставатай, з кругленькiм прыемным тварам загадчыцы склада, што разышлася з мужам, Мацюк нават пачаў быў сватацца. I ўсё, здаецца, было, як кажуць, на мазi, каб асмялелы ад бутэлькi вiна, якую яны з напарнiкам цiхенька «раздушылi» ў час абеду, Мацюк не паспрабаваў злёгку нахiлiць раздабрэлую, сытую загадчыцу на торп мяхоў з цэментам, што ляжалi за скруткамi металiчных сетак у канцы склада. Але яна так спрытна жарнула яму мiж ног абцасам карычневага боцiка, што пачарнелы ад болю Мацюк прылёг у праходзе мiж гэтых драцяных сетак.
Асарамачаны, ён ажно два днi не з'яўляўся на работу, а напiўшыся зноў, познiм надвячоркам нацiснуў чорную кнопку званка на блакiтным вушаку перад яе кватэрай. Убачыўшы яго ў адчыненых дзвярах, яна з тою ж самаю злосцю пхнула яго ў грудзi.
Але п'яны Мацюк, вядома, не адступiўся, бясконца нацiскаў на чорную кнопку ў белым квадраце, пакуль у яго за спiною не засаплi трое дужых мiлiцыянтаў. У аднога з iх, самага здаравейшага, васпаватага, у руцэ аказалася карычнявата-тоўстая, што нагадвала бычыны чэлес, вагкая дубiнка. I яна некалькi разоў, цяжка прылёгшы, тупою гарачынёю апякла Мацюковы плечы. Заламаўшы за спiну рукi, яго звялi па сходах унiз i там ужо з размаху кiнулi плячмi на бляшаную падлогу ў закратаваным уазiку.
У шурпатай камеры без аконца, з цьмянаю лямпачкаю i адною на ўсiх вузкаю лаўкаю, дзе гэтакiх самых, з адабранымi рэчамi i вышмаргнутымi з портак папругамi, было як селядцоў у бочцы, Мацюк праляжаў на жываце цэлую ноч. Перавярнуцца на пабiтую спiну ён не мог.
Яго выпусцiлi позняю ранiцаю, выпiсаўшы на месца работы нязначны штраф.
I ўнураны, як пабiты сабака, Мацюк прыехаў на работу. Не асмельваючыся заходзiць у склад, ён моўчкi i прысутулена стаяў каля зялёнага металiчнага гаража, перачэкваючы сцюдзёны вясновы дождж, пакуль яго не прыкмецiла загадчыца i не крыкнула цераз вулiцу:
- Чаго стаiш, як той на вяселлi?! Iдзi пераносiць цэмент, там з даху працякае вада.
Зрэшты, з ёю яшчэ можна было мiрыцца i жыць. На абразу i крыўду яна нiбы забывалася. Бо потым, калi яе прызначылi на нейкую пасаду ва ўпраўленне i за столiкам у кутку склада ўладна сеў лысаваты армянiн, Мацюк ужо ледзьве вытрываў паўгода, так i не дацягнуўшы да пенсii. А здарылася тое, што здараецца не раз i з кожным ? у Мацюка з рук выслiзнула банка з фарбаю. Армянiнаў жаўтлявы, густа зарослы чорна-сiняватым шчацiннем твар налiўся помслiвай чырванню, рудыя вочы блiснулi крывавымi бялкамi, i на Мацюка пасыпалася падкрашаная каўказскiм акцэнтам грозьба. Стрываць абразу было не ў натуры Мацюка, i ён з усяе моцы штурхануў новага загадчыка склада ў агiдна зарослую валаснёю расхрыстаную грудзiну. Задраўшы кароткiя ножкi, гарача-трапяткi, але слабенькi армянiн праехаў плячмi па тлустай лужыне разлiтай фарбы. Вядома, пасля гэтага давялося развiтацца з работаю, а да пенсii заставалася месяца паўтара. Мацюк жывiўся тым, што ў дварах, асаблiва ў шпалерах густога, роўненька падрэзанага глогу недалёка ад гастранома i на сметнiках каля металiчных кантэйнераў, абкружаных цаглянымi сценкамi, валялiся пустыя бутэлькi.
Ды хто ўжо не ведаў Янака Мацюка з яго рудым пад пахаю, яшчэ пустым мяхом цi поўным ? ужо на плячах. Шафёры, што прыязджалi да сметнiкаў на зялёных, раздзьмутых, як аб'етая карова, пакоўных смеццявозах, знарок пакiдалi пры пустых кантэйнерах шарэнгi рознакаляровых бутэлек.
Ведала Мацюка i чарада п'яных абношаных мужчын з смярдзючымi i худымi, як плоткi, маладзiцамi, пазбiванымi да чорных гузакоў i сiнiх кругоў пад вачыма.
- Гэй, Ваня! ? крычалi яны з паласатай лаўкi, што стаяла ў цяньку пад брылём пад'езда, i кiсла-п'яна смяялiся, крывавата расцягваючы рот на адутлаватых бурачкова-сiнюшных тварах. ? Раскажы, як ты ўваскрос з мёртвых.
- Я то ўваскрос, а ты як памрэш, то ўжо не ўстанеш, ? злаваўся Мацюк i на iх, дурнаватых алкашоў, i на сябе, што быў прагаварыўся пад чаркаю пра тое прыкрае здарэнне, што адбылося ў роднай Жывiцы.
- Ладна, выбачай, ? спагадлiва суцяшаў хто-небудзь з iх i, падышоўшы, ляпаў шырокаю лапатаю пяцярнi па яго худым, вастраватым плячы. ? Вунь, каля столiка, дзе рэжуцца ў казла, мы пакiнулi табе бутэлькi. Поўнай, праўда, няма.
- Ого, каб ты паспагадаў чалавеку, ? казаў Мацюк, але iшоў туды, ведаў, што не абмануць. Тады-сяды, расшчодрыўшыся, пакiдалi i напарстак вiна.
Мацюка не любiла чамусьцi дворнiчыха, сiваватая нiзенькая жанчына з нетутэйшаю гутаркаю. Нават памахвала дзяркатаю мятлою:
- Чевой-та ты здеся?
Як не любiлi яго i падвальныя каты, што з нiзкiх пяцiпавярховых хрушчовак асцярожна, каб не нарвацца на слiнкатага, з шырокай пашчай, крывалапага ўкормленага бульдога, выпушчанага на выгул, падкрадвалiся сюды, да смярдзючых кантэйнераў, i, седзячы на адкрытых да палавiны накрыўках, прымружана блiскалi залацiста-зеленаватымi вачмi, надзiмалi на гарбатых спiнах поўсць i нават па-гадзючаму шыпелi.
Вельмi ж злосна i ўнурана зiркаў на Мацюка чорны, з белым нагруднiкам, сыты кот, што ажно палiскаўся, ад'еўшыся на неразважных, гультаяватых галубах, якiх затоена выцiкоўваў i лавiў каля металiчных кантэйнераў са смеццем.
Аднога разу Мацюк нават натрапiў, як ён валок па шурпатай стужцы асфальту дымна-ружовага галубка, што нямогла палопваў крыллямi i жаласна, нiбы птушаня, цененька папiскваў, а над дваром чорнаю хмараю вiлося i каркала перапуджанае вараннё ? гракi, вароны, галкi ? i нават наiўныя безгалосыя галубы. Стаяў такi свiргат i чыркат, што нават чалавек унаравiўся б, а ён, брыдота, адно скрыва азiраўся i падцягваў бездапаможнага голуба да падвальнага разбiтага акна.
Пакуль Мацюк, пазвоньваючы пустымi бутэлькамi ў рудым, закiнутым на плечы мяху, дабег да шарай цэментнай адмосткi пры белым блочным доме, чорны кот, апеты ў даўнейшай песнi, якую ён, Мацюк, любiў слухаць з расколатай пласцiнкi, асалавелы ад бурштынавага яблычнага вiна, разам з голубам ускораў перавалiцца ў разбiтае акно.
«Хто чым жывiцца! ? брыдка крывячы рот, сам сабе ўсмiхнуўся Мацюк, адыходзячы ад цёмнага, як прорва, падвальнага акна. ? Кот галубамi, а мне, каб пракармiцца, трэба кешкацца ў смеццi ? выпорваць i збiраць бутэлькi. Але ўжо як чыя доляѕ»
А яны, пустыя сабраныя бутэлькi, ратавалi ад прогаладу Янака Мацюка нават тады, калi ён нарэшце сышоў на пенсiю. Бо якiя там былi грошы ? адныя слёзы. Тых няшчасных васемнаццаць, як цяпер iх называюць, лiмонаў сцягвала толькi на разбаўленае малако, цяслявы хлеб i няўежную каўбасу, скручаную з канiны цi пераляжалай валовiны. На чарку зноў прыходзiлася кешкацца, як курыца, у смярдзючых кантэйнерах, а то нават i бiцца за гэтыя сметнiкi з бамжамi. Але з чым не звыкаецца чалавек! Звыкся i Янак Мацюк са сваiм адзiнокiм бадзяннем па агiдных сметнiках i неадступным зазiраннем у вулiчныя урны ? а цi няма там кiнутай бутэлькi?
У суботу, калi ў iхнi мiкрараён пад'ехаў крыты грузавiк з блакiтнымi i ружовымi пластмасавымi скрынкамi, Мацюк, прывалокшы загадзя падрыхтаваныя тры мяхi пустых бутэлек, выручыў ажно два «лiмоны». I сёння, у светлую нядзельку, яму, як спраўнаму i добраму чалавеку, належала бутэлька таннейшага за гарэлку i, лiха яго ведае, з чаго выгнанага, але даволi моцнага брэндзi, што добра б'е ў голаў i валiць з ног.
Высокае, ясна-блакiтнае неба, абмытае нядаўнiмi ўлiўнымi дажджамi, крохкае, як шкарлупка ў ластаўчыным яечку, з баязлiвымi пенiста-пухкiмi дзвюма хмаркамi прарочыла пагодны дзень.
Адзеўшы зношаны з закручанымi кляпамi карычневы касцюм, што, здаецца, нават свiцiўся, нiбы кволая лiчына, i прычасаўшы ўскалмачаныя i ўжо нiбы попелам абсыпаныя, сiваватыя валасы, што даўнавата не ведалi цырульнi, Янак Мацюк выйшаў з свае голае ? тапчан i збiты з дошак стол, ? прапахлае перагарам аднапакаёўкi ў блочным доме i апынуўся ў двары, дзе падлеткi гулка, нiбы стукаючы ў бубен, падбiвалi нагамi чорна-белы мячык.
Не маючы сваiх дзяцей, Мацюк чамусьцi не любiў чужых. Прытоеную нянавiсць чуў i да маладзейшых за сябе мужчын, фанабэрыстых, ганарыста непадступных i шыкоўна апранутых. Асаблiва калi яны садзiлiся ў чорныя з танаваным шклом «мерседэсы». Як чужаўся атлусцелых, раскормленых, у аднолькавай плямiстай форме, з грознымi дубiнкамi на таўставатай, па-жаночы адтапыранай заднiцы, чуйна-маўклiвых «мiльтонаў».
Але сёння пад настрой светлага ранку i шчаслiвага адчування, што можна пахмялiцца ? нутро ўжо даўно гарэла няўтольнаю смагаю, ? Янак Мацюк быў ласкавейшы. Баючыся натрапiць на гайню зарослых, як дзiкуны, з нямытымi бародамi, прапахлых едкiм потам i ўчарашнiм перагарам бамжоў, што маглi выкленчыць грош, цiхенька пракраўся ў гастраном i ў гарэлачным аддзеле ўзяў бутэльку вiна, а ў каўбасным ? сто грамаў варанай шклоўскай, што аказалася, як гума, зусiм няўежнай.
Прысеўшы на драцяную скрынку, што стаяла па другi бок падстрыжаных кусцiкаў, дзе пацвiрквалi неўгамонныя вераб'i, а зводдаль, паставiўшы пры нагах мяшэчкi з семачкамi, дзярката перасварвалiся жанчыны, Мацюк з горла выпiў церпкаватае вiно i закусiў гэтаю пустою, што зусiм не пахла мясам, шклоўскаю каўбасою. Бутэльку прыхаваў, падпiхнуўшы нагою ў густы куст. Настрой умiг прыўзняўся, i свет узвысiўся, падабрэў i прыемна задрыжэў, як летняе мроiва над нагрэтым дахам. Прытоптваючы i падгладжваючы абедзвюма рукамi пышна ўзнятыя, прыемна слiзкiя валасы, тупкаю сцежкаю, што перасякала асфальтныя дарожкi, Мацюк спаважна, не спяшаючыся, падышоў да тралейбуснага прыпынку.
Як ва ўсе выхадныя днi, гарадскi транспарт хадзiў рэдка, на прыпынку сабраўся нецярплiвы натоўп. I калi, прыпадаючы на адзiн бок, прыпоўз перагружаны тралейбус, усе хлынулi ў сярэднiя дзверы, бо заднiя не адчынiлiся. Мацюк размашыста ступiў у таўкатню, дзе людзi, адпiхаючы адзiн аднаго локцямi, шылiся ў затораныя дзверы. Паперадзе Мацюка, заступаючы дарогу, лез валасаты, ссутулены мужчына з вялiкаю, напакаванаю невядома чым сеткаю. Мацюк рэзкiм узмахам рукi адхiлiў яе, каб яна зноў не звалiлася яму на грудзi. Здаецца не ўголас, але злосна ён вылаяўся i тады ўбачыў панылы твар з даўгаватым, як рашпiль, носам. I ў Мацюка да болю ў пальцах сашчамiўся вагкi кулак ? яго на падпiтку заўсёды разбiрала ахвота храснуць каму-небудзь па носе, асаблiва, як у гэтага патлатага, па доўгiм рашпiлi. Балазе Мацюк устрымаўся, бо чалавек з апушчанымi валасамi прасунуўся далей, i ён нарэшце ўцiснуўся ў перапоўнены тралейбус.
- Мужчына, не дышыце на меня, ? раптам закрычала, адсоўваючыся ад Мацюка, коратка падстрыжаная жанчына з тоўстым, як у барца, каркам i залатымi цяжкiмi завушнiцамi.
Мацюк адвярнуўся, але з гэтага боку на яго не то злосна, не то палахлiва пазiралi выцвiлыя вочы старой прыгорбленай кабеты.
Аднак Мацюкоў позiрк быў з такою, мусiць, грозьбаю i злосцю, што вочы ў старое баязлiва заплюшчылiся i яна сагнулася яшчэ больш i мацней абхапiла абедзвюма худымi, у сiняватых жылках рукамi нiкеляваную скобку над сядзеннем.
Мацюк задаволена ўсмiхнуўся i, падымаючы твар, згледзеў за акном, на пляцы Незалежнасцi, купкi людзей, абкружаных мiлiцыяй.
«Што там?» ? хацеў спытаць, але, бачачы, што тралейбус прыцiшае ход, павярнуўся i працiснуўся да дзвярэй.
- Во фашысты тусуюцца, ? сказаў нехта мужчынскiм сiпаватым голасам ужо за спiною ў Мацюка.
- Збiраюцца, бо iм даляры даюць, ? трохi шапялявячы, бяззубым ротам нямогла выцiснула напэўна тая старэнькая кабета.
- Бабуля, бяжы i ты, а то даляры разбяруць, ? нехта здзеклiва смяяўся з неразважлiвай старой.
- А мне i не трэба чужога. Чужога не спажывеш.
«Праўду кажа», ? пагадзiўся Мацюк, выскокваючы на асфальт i чуючы адразу палёгку ад свежага, трохi пранiзлiвага ветру, што вiхрыў з блiзкай аркi.
Тралейбус, крывабока асядаючы на шырокi перагружаны зад, на якiм, як хвост у заезджанага каня, пацялепвалася размачаленая вяроўка, марудна пасунуўся далей i адсланiў пляц. Там, за шырокаю шарэнгаю мiлiцыi, што выстраiлася перад «зебраю», нехта ўладна-цвёрдым голасам пакрыкваў у мегафон: «Грамадзяне, прашу разысцiся! Мiтынг на пляцы Незалежнасцi не дазволены».
Гэты голас нiбы паддаў Мацюку напорыстасцi i злоснай адвагi, i ён уроскiд, размашыста i рашуча ступiў на «зебру», нават не звяртаючы ўвагi на рознакаляровыя iншамаркi, што iмчалi тут, набраўшы добры разгон.
Але не ўскораў дайсцi да палавiны вулiцы, як недзе збоку нахапiўся таўставаты, чырванатвары афiцэр ? звання яго Мацюк нават не паспеў вызначыць ? i ўжо, як на якога блазна альбо смаркача, уладарна выкрыкнуў:
- Ты куда прёшь? А ну ? назад!
Сцяўшы кулакi, Мацюк ледзьве спынiўся ? д'ябальская сiла пад'юшчвала, спакушала i несла яго на гэтага сытага з шырокай седлаватай фуражкай афiцэра мiлiцыi.
- На пляц Якуба Коласа трэба iсцi. Там ужо збiраецца шэсце, ? падказаў дробны i нейкi замуляны мужчына ў пляскатай кепцы i заношанай куртцы, што, нiбы ўцякаючы ад мiлiцыi, шпарка перабягаў «зебру».
Чакаць тралейбуса не выпадала, тым больш, што на прыпынку, тулячыся ад скразняку, стыў i курчыўся той самы нецярплiвы натоўп, i Мацюк рушыў на праспект. У пераходзе, паклаўшы каля сваiх ног футарал з некалькiмi таннымi купюрамi, можа, нават яшчэ сваiмi, выгiнаўся i iграў на флейце рослы хлопец. Мацюк намацаў у кiшэнi дваццаць жоўтых пакамечаных рублёў ? яшчэ старых, з Пагоняю ? i кiнуў у футарал. Янак Мацюк змалку паважаў музыкантаў. Бедны i недавучаны вясковы хлопец, як ён хацеў стаць гарманiстам. Але не пашэнцiла i тут: каб купiць гармонiк, бацька нат не даўся гаварыць.
Праспект, здаецца, быў цiхi. Аднак, як падалося Мацюку, падазрона i чуйна цiхi. Неяк асцярожна, каб нiкога не зачапiць, у адным кiрунку рухалiся купкi моладзi. «Iдуць на пляц Якуба Коласа», ? адзначыў для сябе Мацюк.
А паабапал праспекта, спiною ад праезджай часткi яго, праз кожныя пяць-дзесяць крокаў струнка застылi мiлiцыянеры з дубiнкамi i зачахлёнымi газавымi сумкамi на клубах. Мацюку нават карцела спытаць, што там у iх. I ён, падышоўшы да аднаго, што стаяў трохi вальней i расслаблена, спытаў, але не пра сумку:
- Скажэця, што сёння за дзень такi? Чаму так многа мiлiцыi?
- Манеўры будуць, ? адказаў малады вуграваты мiлiцыянер, i вочы яго хiтра заблiшчалi.
Скасiўшы вока на арку, Мацюк згледзеў, што там затулiлiся грузавiкi, поўныя зеленавата-плямiстых, як балотныя жабы, вайскоўцаў. Упрытык адзiн да аднаго цiснулiся уазiкi з закратаванымi аконцамi.
«Во на такiм, злупцаваўшы, вязлi мяне. Гады!» ? вылаяўся Мацюк i тут за уазiкамi ўбачыў цёмна-зялёны «бэтээр» з дзвюма рулямi цяжкiх кулямётаў на ўсечанай вежы.
«Ого, нешта ж будзе», ? нiбы жахнуўся Мацюк i тут жа, сплюнуўшы, жорстка вылаяўся зноў.
Чым блiжай ён падыходзiў да пляца Якуба Коласа, тым болей у дварах тулiлася аўтобусаў, крытых грузавiкоў, тым болей шнуравала па праспекце сiне-белых мiлiцэйскiх машын, а да тратуараў цiснулiся падазроныя жыгулi з танаванымi вокнамi i замiж мiлiцыянераў уздоўж праспекта варту няслi ўжо спецназаўцы ў белых шлемах з забраламi i ў бронекамiзэльках з вялiкiмi лiчбамi на грудзiне. Вiжавалi маладыя дагледжаныя мужчыны пад вусiкамi i ў цывiльных касцюмах. Яны падыходзiлi то да спецназаўцаў, то да машынаў з зацемненым шклом. Iх непакоiў i прыгнятаў нейкi свой таемны клопат.
Выхад на пляц яшчэ здалёк пры трамвайных пуцях заторылi шчытна пастаўленыя грузавiкi. Моладзь ? хлопцы i дзяўчаты ? спрытна i лёгка ўзбiралася на iх i, саскокваючы, бегла туды, дзе насустрач пастаўленаму ў тры рады кардону спецназаўцаў у касках i са шчытамi рухалася, цякла паўнаводнаю ракою калона манiфестантаў.
Яе Мацюк убачыў тады, калi перавалiўся ў брудны кузаў старога краза. Ён, як дзiця, ажно захлiснуўся ад радасцi ? над людзьмi, што iшлi шчыльнымi, шырокiмi радамi, iрдзела, цякло i калыхалася безлiч бел-чырвона-белых сцягоў. Яны паласкалiся на ветры i ўпарта, прыгожа плылi насустрач яму. Наперадзе калоны мужчыны ў белых комжах з гафтаванымi караткаватымi рукавамi няслi абраз. У iнвалiднай калясцы, гонячы яе за колы, ехаў, пэўна, бязногi пакалечаны хлопец. Чацвёра падлеткаў-дзяўчатак у белых прыталеных сукеначках i з распушчанымi, падвiтымi валасамi трымалiся за блакiтныя трымцiвыя стужкi, што цягнулiся да абраза.
Сэрца Мацюкова млела i трапяталася ад балючай уражанасцi. Ён дзiвiўся i ажно палохаўся, як палохаецца чалавек, убачыўшы вялiкi агонь, цi хлопец, упершыню згледзеўшы распранутую дзяўчыну.
Але яго дзiва i радасць умiг перапынiў гулкi пошчак чорных дубiнак па белых шчытах, ? здалося, што загрымелi сотнi барабанаў, i кардон рвануўся наперад, уклiнiўся ў натоўп, рассякаючы яго надвое. I над галовамi людзей замiльгалi вагкiя дубiнкi. Успуджаны лямант i крык вырваўся з калоны манiфестантаў. Янак Мацюк пудка жахнуўся, згледзеўшы, як падалi i падымалiся, аблiваючыся кроўю, сталыя мужчыны.
Нейкая свая, няспраўджаная помста закiпела ў Мацюковай душы, i ён, агледзеўшы кузаў, заўважыў вялiкую iржавую гайку, можа, ад якога крана, i падняў яе. Саскочыў з краза i, трымаючы настылы метал за спiною, не помнячыся, рвануўся наперад. «Бiць iх трэба, бiць!» ? крычаў ён, але, здаецца, толькi самому сабе.
Да кардона ў белых касках i з белымi, увагнутымi, нiбы ночвы, шчытамi ён не дабег. Дарогу яму перагарадзiў драбнаваты, з савiным тварам, наколькi мог яшчэ распазнаць Мацюк, спецназавец у блакiтнай камiзэльцы з лiчбаю «36» на ёй.
Перахапiўшы руку, што ўзняла дубiнку, Янак Мацюк з усяе моцы, навотлiў жахнуў гэтай гайкаю ў апушчанае забрала, учуўшы хрусткi лускат i ўбачыўшы смяротную чырвань крывi.
А далей ён пачуў агнiсты, тупы ўдар па галаве. Адзiн, пасля другiѕ Удары адгукалiся ў вушах, як высокi грымотны абвал. I, як ад моцнага раптоўнага грому, падкошвалiся ногi.
«Б'юць тыя, што са сталёвымi штырамi», ? яшчэ паспеў угадаць ён. Бо за чацвёртым цi пятым ударам памяцi не было. Быў правал у глыбокую чорную прорву. Падхапiўшы за рукi i ногi, Мацюка зноў кiнулi ў закратаваны мiлiцэйскi уазiк, але на гэты раз ужо нежывога. Хто i адкуль ён быў, нiхто не ведаў, бо нiякiх дакументаў пры iм не аглядзелi.
надіслано: Алесь Явдаха, м.Мінськ, www.knihi.net
спец. for «Бриколяж web-log»