Мікалай Шкіранда
Кансерватызм, паводле аўтарытэтнага меркавання, — адна з падставовых рысаў беларускай ментальнасці. Аднак сама гэтая ментальнасць, стаўшы аб’ектам працяглай ідэалагічнай «карэкцыі», на нашых вачах трансфармуецца ў нешта мала падобнае да праўдзівай нацыянальнай сведамасці. Згаданы кансерватызм, які ў нармальнай сітуацыі меўся б быць апірышчам этнакультурнай ідэнтычнасці, праз гвалт і перверсію амаль страціў сувязь са сваймі вытокамі і пачатковую форму ды ператвараецца ў культ настальгіі па нядаўняй савецкай мінуўшчыне. Палітычныя сілы, якія намагаюцца супрацьдзейнічаць паноўнаму нігілізму і звыродніцтву, не маюць дастатковага мабілізацыйнага патэнцыялу, а іх ідэалогіі, часта зусім непераканаўчыя, не знаходзяць водгуку ў абыякавым грамадстве. Зрэшты, ніводзін са шляхоў — «усходні» або «заходні», — прыхільнікі якіх спаборнічаюць за авалоданне душою тутэйшага чалавека, не адпавядае ў сваёй ісце ані асаблівасцям менталітэту апошняга, ані аўтэнтычнай геапалітычнай арыентацыі. Ці ёсць тады выйсце з таго палітычнага тупіка і культурнага заняпаду, у якім апынуўся наш край і ці ёсць заходняя ліберальна-дэмакратычная мадэль адзіным выратаваннем? Арыгінальныя адказы на гэтыя пытанні прапануе філасофія кансерватыўнага еўрапейскага руху «новых правых» (Nouvelle Droite), дагэтуль амаль невядомага ў нашым краі1.
ПА ТОЙ БОК ПРАВАГА І ЛЕВАГА
За агульнапрынятую дату пачатку шырокай публічнай чыннасці еўрапейскіх «новых правых» уважаецца 1968 г. Канец «гарачых» 60-х гадоў, славуты, між усяго, масавым трыюмфам левіцы, які пракаціўся па Еўропе хваляй студэнцкіх страйкаў і беспарадкаў, а таксама перавагаю левай гуманітарнай інтэлігенцыі ў культуры пры адначасным глыбокім крызісе тэарэтычнага дыскурсу правакансерватыўнага думання, засведчыў патрэбу радыкальнага пераасэнсавання спадчыны, тактыкі і стратэгіі правых сілаў. Менавіта таму ў 1968 г. у Францыі на тле вулічных барыкадаў ствараецца таварыства «GRECE» (Groupement de Recherches et d’?tudes pour Civilization Europ?ene — Група даследавання і вывучэння еўрапейскай цывілізацыі)2. Аналізуючы тагачасныя падзеі, можна сказаць, што калі ў першым разе гэта быў заняпад, хаос і анархія, дык у другім — кансалідацыя, імкненне да парадку і арганізацыі. Галоўнай задачай згуртавання было абвешчанае задзіночанне мысляроў і інтэлектуалаў, якія падзяляюць адны ідэі дзеля супольнай арганічнай і духоўнай працы. Выбар назову суполкі быў невыпадковы: акронім «GRECE» — гэта амонім французскага слова Gr?ce ‘Грэцыя’, што мела падкрэсліваць скіраванасць чальцоў групы на адраджэнне дахрысціянскай і антычнай спадчыны, а таксама іх моцную прыхільнасць да старагрэцкага культу гераізму, шляхетнасці і прыгажосці. «GRECE» сведчыла таксама, што «новыя правыя» не абмяжоўваюць сваёй культурнай актыўнасці адно Францыяй, але імкнуцца пашырыць свой уплыў на ўсе індаеўрапейскія народы: германцаў, кельтаў, грэкаў, балтаў, славянаў ды інш.
Тэарэтычнымі органамі руху сталі акадэмічныя часопісы «?l?ments», «Nouvelle ?cole» і «Krisis». Рэдагуе апошнія два выданні ды старшынюе ў «GRECE» філосаф Ален дэ Бенуа (Alain de Benoist) — нязменны лідэр «новых правых» цягам апошніх трыццаці пяці гадоў ды аўтар больш як 50 кніг і каля 3.000 артыкулаў, перакладзеных амаль на два дзясяткі моваў. Сярод асноўных тэмаў, якімі ён займаецца, можна назваць палітычную філасофію, тэорыю дзяржавы і права, гісторыю ідэалогіяў, а таксама індаеўрапеістыку, археалогію, біялогію, рэлігіязнаўства і этналогію.
Сам тэрмін «новыя правыя», падхоплены і растыражаваны прэсай, упершыню быў ужыты журналістам Жыльберам Камтэ (Gilbert Comte) у 1978 г. у сакавіцкім нумары газеты «Le Monde», дзе даваўся агляд руху «GRECE», які існаваў ужо блізу дзесяці гадоў. Нельга, аднак, уважаць, што найменне «новыя правыя» — саманазоў удзельнікаў руху, якія меркавалі, што трэба казаць не пра «правых» або «левых», але скарэй пра «новую культуру» (Nouvelle Culture), уяўляную збольшага як вывучэнне ідэяў, што вядзецца ў розных выданнях, асацыяцыях, клубах і таварыствах. Глыбокі аналіз грамадска-палітычнага становішча дазволіў дзеячам «новай культуры» агучыць патрабаванне скасавання традыцыйнага падзелу на «правых» і «левых» як анахранічнага. Рэч у тым, што перайшоўшы межы ранейшых палітычна-ідэалагічных фракцыяў, утварыліся «новыя тэндэнцыі»: з аднаго боку — тыя, што паходзяць з асяродку памяркоўных левых або кансерватыўных правых і якіх аб’ядноўваюць ідэалогія правоў чалавека, неалібералізм або тэхна-ліберальная сацыял-дэмакратыя, атлантызм, сляпое падпарадкаванне Амерыцы і прынцып полірасавага грамадства; з другога боку — тыя, хто выступае супраць заходняй цывілізацыі атлантызму, фанатызму правоў чалавека, расавага змяшэння дзеля захавання свету разнастайных народаў, культур і традыцыяў. Дэйвід Барні (David Barney) (псеўданім А. дэ Бенуа), аўтар артыкулу «Інтэлектуальны пейзаж сучаснай Францыі», бачыць замест апазіцыі «правых» ды «левых» кардынальна іншую сітуацыю: «Новыя сацыяльныя апазіцыйныя рухі, якія выходзяць за рамкі старых мадэляў, пачалі супольна выступаць супраць гэтай ідэалогіі цэнтру, дзе валадарыць «рынкавы монатэізм» (выраз Гарадзі3), бессэнсоўны «антырасізм» прыкрывае сабой адсутнасць праўдзівых левых ідэяў, а ў лагеры правых вузкалобая ксенафобія падмяніла сабой канцэптуальны нонканфармісцкі светагляд і абарону арганічнай грамады. Адгэтуль праўдзівы падзел праходзіць між халізмам і індывідуалізмам, тэхнакратыяй і экалогіяй, рынкавасцю і антыўтылітарызмам. Папраўдзе ёсць толькі два лагеры: тыя, што прыймаюць таварную ўсясветную ды рынкавую логіку, і тыя, якія яе адрынаюць. Або інакш: тыя, што вераць у канец гісторыі, і тыя, якія ўважаюць, што яна ўсё яшчэ адкрытая».
Розніца між «старымі» і «новымі» правымі палягае ў тым, што багаж усіх ранейшых «правых» — нацыяналістаў, нацыстаў, хрысціянскіх фундаменталістаў, імперыялістаў, лібералаў з іх простымі ды неадэкватнымі адказамі на выклікі сучаснасці — пакідае апошніх абсалютна нездаволенымі. Навязлівыя, манатонныя, рэакцыйныя і цалкам прадказальныя «старыя» правыя былі абразаю для інтэлекту. А. дэ Бенуа ў сваёй кнізе «Погляд справа: крытычная анталогія сучасных ідэяў», якая атрымала гран-пры Французскай Акадэміі за эсэістыку, вытлумачвае змену сэнсу «правай ідэі»: «Правай я называю гэткую пазіцыю, якая ўважае за станоўчае адрозненні, што існуюць у свеце, і, адпаведна, адносную няроўнасць, што няўхільна з іх вынікае, а за адмоўнае — паступовую гамагенізацыю свету, якую абвяшчае і ўжыццяўляе тысячагадовая ідэалогія роўнасці. < …> Гэта азначае, што для мяне ворагі не «левыя» або «камуністы», або «рэвалюцыя», але ўсялякая эгалітарная ідэалогія, з яе рэлігійнымі, свецкімі, метафізічнымі і нібыта «навуковымі» азначэннямі, што квітнеюць ужо дзве тысячы гадоў, асобнымі этапамі і праявамі якой былі раней хрысціянства, вучэнне Русо, асветніцкія ідэі і рэвалюцыя 1789 г., а немінучым вынікам — сучасны крызіс заходняга грамадства і камунізм». Між тым А. дэ Бенуа дапускае, што ў залежнасці ад палітычнага краявіду ён мог бы ўявіць, як яго «правыя» ідэі становяцца «левымі».
Рэлятывізм у дачыненні да застарэлай палітычнай тыпалогіі зусім не азначае браку трывалага светагляднага грунту. Адзін з актывістаў «новых правых» Мішэль Мармін (Michel Marmin) піша: «Пазіцыя, якую займае «GRECE», можа ў пэўных варунках уважацца за адносную, і, у разе патрэбы, пераглядацца. Яе роля тактычная, то бок падпарадкаваная таму, што папраўдзе нас цікавіць і што ёсць прадметам нашага змагання: з аднаго боку, усведамленне супольнай спадчыны, належнасці да супольнасці крыві і культуры; з іншага боку, жаданне забяспечыць нашаму грамадству будучыню, якая карэспандуецца з яго пачатнай прыродай».
Канец дыхатаміі «правыя» — «левыя» разам з заняпадам бальшыні палітычных дактрынаў азначае, што адзіным праўдзівым і вырашальным для будучыні будзе падзел на тых, хто задаволены грамадствам, у якім жыве, і ўважае яго за меншае з усіх ліхаў, і тых, хто больш яго не падтрымлівае. Паводле словаў А. дэ Бенуа, сёння, калі «сучаснасць, якая падыходзіць да свайго канца, і разам з ёю ўсе мега-наратывы, праз якія яна была легітымізаваная, замененая гегемоніяй нядумання», задачай усіх, хто чакае заканчэння гэтага «заняпаду багоў», мае быць «пошук культурных і палітычных сродкаў процістаяння тэхналагічнай, эканамічнай і інфармацыйнай гамагенізацыі свету». Разбяром ніжэй некаторыя асаблівасці і кірункі гэтага пошуку.
МЕТАПАЛІТЫЧНАЕ ЗМАГАННЕ
Выступаючы супраць манаполіі пракамуністычных ідэалогіяў у культуры, «новыя правыя» пастанавілі аздараўляць культурнае жыццё і стымуляваць павольнае перацяканне грамадскага меркавання ад адной сістэмы каштоўнасцяў да іншай. Ідзецца пра культурную рэвалюцыю, якая перадусім мела б прывесці да змены ідэяў і сведамасці, перагляду зместу цэлай культуры і, у выніку, да змены ўсяго палітычнага клімату. Гэткае тытанічнае заданне вымагала і адмысловага разумення метадаў уласнай дзейнасці. Паводле словаў колішняга генеральнага сакратара «GRECE» П’ера Віяля (Pierre Vial), група «не мае і не жадае мець ніякіх палітычных мэтаў. Яна не мела і не будзе мець надалей дачынення да манеўраў і інтрыг свету палітыкаў. Група імкнецца заняць іншы, больш фундаментальны ровень. < …> «GRECE», як школа думання, рыхтуе рэвалюцыю ХХІ ст., якая злучыць найдаўнейшую духоўную спадчыну з найсучаснейшымі навукова-тэхнічнымі дасягненнямі».
Адмаўленне ад існавання выключна ў асадах Realpolitik на карысць папярочнага спосабу мыслення якасна вышэйшага роўню ды вывучэння ўсіх галінаў веды, якія дапамаглі б прапанаваць суцэльны, усеахопны погляд на свет, атрымаў найменне метапалітычнай стратэгіі. Метапалітыку можна акрэсліць як «комплекс каштоўнасцяў, якія не належаць палітыцы, але маюць беспасярэдні ўплыў на сацыяльны кансэнсус, якім займаецца палітыка» (П. Віяль). Беларускі філосаф Сяргей Санько азначае метапалітыку «як саму сферу таго, што ляжыць у падваліне (у самым асяродку) палітычнага, так і спецыфіку тэарэтычнага подступу да гэтай сферы», называючы яе падставовымі складнікамі геапалітыку і традыцыю (гістарычнымі формамі рэалізацыі традыцыі выступаюць, да прыкладу, ідэалогія і рэлігія).
Метапалітычная чыннасць практычна рэалізуецца ў вывучэнні, аналізе і сінтэзе дасягненняў літаратуры, філасофіі і навукі, звязаных з мінуўшчынай і будучыняй еўрапейскай цывілізацыі, задзіночанні групаў, якія гэткімі доследамі займаюцца, публікацыі іх працаў, інфармацыйным абмене і каардынацыі. Апроч усяго, такая работа мае беспасярэдні ды ўжытковы характар. Як зацямляў адзін з сакратароў «GRECE» Жак Бруя (Jacques Bruyas), «мы не мусім быць Шампальёнамі, бо гэта клопат навукоўцаў, але даследнікамі, якія жадаюць вызваліць дух адкрыццяў. Прыярытэт абагульнення азначае ўсталяванне сувязі між адкрыццямі іншых, асвятленне ідэяў, недастаткова ацэненых, або дэталяў, сведама ігнараваных. Мы выкарыстоўваем працу іншых, давяршаючы яе». Гэткае ідэйнае канструяванне лагічна лучыць усе дысцыпліны, ад біялогіі да гісторыі, яно выконвае ролю, падобную, прыкладам, да інтэграцыйнай ролі марксісцкай ідэалогіі.
Чыннасць на ніве духоўных і культурных распрацовак утварае поле бітвы, значна важнейшай за вузкапалітычныя дэбаты. Шчырая вера ў тое, што адно палітычнымі сродкамі можна істотна змяніць сітуацыю, назіраная, да прыкладу, у нас у выглядзе супрацьстаяння апазіцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, марная і вядзе да хранічнай нягегласці. Гранічны стан грамадства вымагае разумення таго, што патрэбныя альбо скрайнія і надзвычайныя формы палітычнага змагання, альбо падрыхтоўка эфектыўнейшага і дасканалейшага ідэалагічнага арсеналу. Пры гэтым, паводле словаў аднаго з найпапулярнейшых аўтараў «новай правіцы» Гіёма Фая (Guillaume Faye), трэба ўсведамляць, што «моц — не на спускавых кручках стрэльбаў, яна мае не прафесійна-палітычную прыроду; яна — пры пачатковым пункце ідэяў, яна мае культурны, духоўны і гістарычны характар. < ...> Сапраўдная палітыка, «вялікая палітыка» (як разумеў яе Ніцшэ), што прамаўляе пра гістарычны лёс народаў, не ўвасабляецца ў «палітычных інстытуцыях». Заваяванне іх анічога не дасць. Такім чынам, метапалітычная стратэгія грунтуецца на ідэалагічным змаганні і пашырэнні сістэмы культурных каштоўнасцяў».
Цяперашні наступ з усіх флангаў на спрадвечныя традыцыйныя каштоўнасці, культурную апрычонасць і этнічную ідэнтычнасць можна ахарактарызаваць адно як стан вайны — вайны культураў. Разважаючы над логікай таго, што паўсюль адбываецца, даследнік Анры Габар (Henri Gobard) цвердзіць: «Вайна культур ідзе ў галовах, яна паралізуе, а не забівае, яна заваёўвае праз разлажэнне ды ўзбагачаецца на гэтым разлажэнні культураў і народаў». Час добраахвотнага этнацыду і вырачэння сваёй самабытнасці, які прышоў у дом кожнага карэннага народу, можна назваць апагеем дэструкцыі еўрапейскага космасу. У гэткіх варунках тым, хто не хоча ўдзельнічаць у экстатычна-шалёным танцы на касцях сваіх дзядоў, застаецца толькі адна альтэрнатыва: «Альбо ва ўніверсуме ёсць парадак, і задача чалавека палягае ў тым, каб яму адпавядаць. < ...> Альбо ўніверсум ёсць хаос, і задача, якую чалавек можа на сябе ўзяць, у тым, каб надаць яму форму» (А. дэ Бенуа). Наданне гэтай формы ды вяртанне да адпаведнага прынцыпам еўрапейскай культуры парадку і ёсць мэта метапалітычнай стратэгіі еўрапейскіх «новых правых». П’ер Крэбс (Pierre Krebs), заснавальнік нямецкага асяродку «новай культуры» «Thule Seminar», дэкларуе: «Мы акрэслілі нашу праграму як татальнае адраджэнне Еўропы. Мы ўсталявалі таксама стратэгію ўжыццяўлення гэтага праекту: метапалітыка і вайна культураў. < ...> Метапалітыку можна ўважаць за рэвалюцыйную вайну, якая вядзецца на роўні светаглядаў, спосабаў мыслення і культуры. Менавіта гэты метапалітычны ровень ёсць нашым адпраўным пунктам. Мы хочам быць лабараторыяй думкі. Адпаведна і наша заданне ў тым, каб процістаўляць эгалітарнаму этасу ды эгалітарнай сацыяльна-эканамічнай думцы светацям, угрунтаваны на дыферэнцыяцыі — то бок этычную і сацыяльна-эканамічную сістэму, якая шануе права на адрознасць».
Ведама, пры той ролі, якую ўзялі на сябе «новыя правыя», не выпадае спадзявацца на імгненны вынік і захапленне масаў. Зрэшты, гэта для іх не прыярытэтная задача — у прадмове да аднаго з першых нумароў «?l?ments» гаворыцца: «»GRECE» ніколі не будзе масавым рухам, мы не сіндыкат і не палітычная партыя. Але мы хочам прывабіць тыя колькі тысячаў чалавек, якія стануць кіраваць краінай. < ...> Колькі тысячаў — гэта не шмат у абсалютным вымярэнні, але колькі тысячаў, якія маюць адзінства мэтаў і метадаў, — гэта магчымасць рэвалюцыі». Экстрапалюючы гэта на тутэйшую сітуацыю ды сыходзячы з досведу ўсяго беларускага руху, можна цалкам пагадзіцца з А. дэ Бенуа ў тым, што «наша эпоха патрабуе не нейкай «новай эліты». Яна патрабуе скарэй характараў, як інтэлектаў, скарэй хрыбетнікаў, як мазгоў. Але «эліта характараў» — гэта не проста адна з элітаў. Яна мае сваё імя: гэта арыстакратыя». Перавага актыўнай «эліты характараў», якая разлічвае на доўгатэрміновую перспектыву, вынікае з таго, што яна цвёрдая сярод мяккага сацыяльнага асяроддзя, дзейная сярод навакольнай ананімнасці і абаватальшчыны, матываваная і разумная (г. зн. разумее істу рэчаў) сярод аслепленых, замбаваных і абыякавых чалавечых масаў.
КРЫТЫКА СУЧАСНАСЦІ
Адзін з найбольш важных момантаў, які розніць «новую культуру» ад кансерватараў англа-саксонскага кшталту, асабліва амерыканскіх, — гэта фундаментальная крытыка юдэа-хрысціянскай істы сучаснага грамадства. Палітычны і філасофскі рухі апошніх стагоддзяў прайшлі на Захадзе пад знакам секулярызацыі паняццяў і перспектываў, пазычаных з хрысціянскай метафізікі, якая была зведзеная да прафаннага роўню пасля ачышчэння яе ад усіх прыкметаў трансцэндэнтнасці. Гэтыя рухі характарызаваліся пяццю паралельнымі працэсамі: індывідуалізацыяй праз разбурэнне належнасці да даўніх арганічных супольнасцяў; масавізацыяй праз прыняцце стандартызаваных спосабаў жыцця і паводзінаў; дэсакралізацыяй праз адыход ад рэлігійнага светагляду да навуковай інтэрпрэтацыі свету; рацыяналізацыяй праз панаванне інструментальнага розуму, вольнага рынку і тэхнічнай эфектыўнасці; універсалізацыяй праз планетарнае пашырэнне мадэлі супольнасці, выдаванай за адзіную рацыянальна магчымую і таму найвышшую.
Менавіта ў хрысціянстве знаходзяцца пачаткі зменаў, якія, як даводзяць «новыя правыя», спрычыніліся да глыбокага крызісу сучаснага свету. Сапраўды, індывідуалізм ужо прысутнічаў у паняцці асабістага выратавання і ў інтымных прывілеяваных дачыненнях, якія вернік падтрымлівае з Богам-апекуном. Ураўнілаўка вынікае з ідэі, паводле якой усе людзі пакліканыя да збавення, бо нібыта ўсім ім дадзеная індывідуальная душа, абсалютную каштоўнасць якой падзяляе ўсё чалавецтва. Прагрэсізм нараджаецца з уяўлення, быццам гісторыя мае абсалютныя пачатак і завяршэнне ды ў сваім развіцці прыпадабняецца да боскага плану. Нарэшце, універсалізм ёсць натуральны працяг рэлігіі, якая цвердзіць, што валодае абвешчанай звыш адзінай ісцінай, справядлівай для ўсіх людзей. У гэтым сэнсе мае рацыю публіцыст Андрэй Дынько, кажучы, што «мадэрная еўрапейская, цi то еўраатлантычная, цывiлiзацыя i здаецца ўцелаўленнем хрысцiянскага духу» (А. Дынько далучае сябе да тых, хто «з надзеяй глядзіць на Захад» і, паводле ўласных словаў, «абсурдна» аддае перавагу мадэрным заходнім каштоўнасцям).
Розныя філасофскія школы сучаснасці, канкурэнтныя, а часам супярэчлівыя ў сваіх асновах, лучацца ў перакананні, што існуе ўнікальнае і ўніверсальнае развязанне ўсіх сацыяльных, маральных і палітычных пытанняў. Чалавецтва ўспрыймаецца як механічная сукупнасць нейкіх рацыянальных індывідаў, якія праз інтэрас, маральныя ўстаноўкі, сімпатыю або страх непазбежна павінны звярнуцца да еднасці ў гісторыі. У гэткай відалі разнастайны свет становіцца перашкодай, і ўсё, што адрознівае аднаго чалавека ад іншых, успрыймаецца як другаснае або выпадковае ды небяспечнае. Найбольш эфектыўным метадам падпарадкавання індывідаў універсальнаму спосабу асацыяцыі стаў рынак.
Лібералізм увасабляе паноўную ідэалогію сучаснасці, якая зрабіла з рынку самастойную інстанцыю ўсяго грамадскага жыцця і аддзяліла эканоміку ад маралі. Гэтая дактрына аказалася найбольш удалым адменнікам заходняй эгалітарысцкай мадэлі, якая прэтэндуе на «апошняе слова» ў гісторыі чалавецтва, ўжыццяўляючы ўтопію — усясветны рынак без межаў і адметнасцяў. Паводле А. дэ Бенуа, «адна з галоўных характарыстык ліберальнай эканомікі — гэта яе абыякавасць і безадказнасць у дачыненні да культурнай спадчыны, калектыўных каштоўнасцяў, нацыянальных інтарэсаў і набыткаў». Эканамісцкая энтрапія лібералізму ўзаконіла дыктатуру выгады і прымат матэрыялізму, які ёсць яго неад’емнай рухальнай сілай. Лідэр французскіх «новых правых» тлумачыць, што матэрыялізм і цікаванне адно асабістай карысці «ёсць нічым іншым, як распушчэннем душы, адмаўленнем ад усіх чалавечых матывацыяў, якія нельга зразумець ў сэнсе асабістага інтэрасу або імгненнага існавання. Адзіны свет, адкрыты для нашых глуздоў, — гэта свет тут і цяпер уласнага эга. У гэтым свеце няма месца таму, што мае вартасць па-за мной, што стрымлівае мяне, што надае мне форму. < ...> Парадыгма дэкадансу: падзенне ад духоўнага да матэрыяльнага, ад душы толькі да цела — эра homo economicus, шчыльна звязаная са з’яўленнем буржуа, але не гэтулькі як прадстаўніка класу, колькі тыпу, які навязвае пэўную сістэму каштоўнасцяў. Арыстакрат імкнецца захаваць тое, кім ён ёсць, буржуа — тое, што ён мае». Індывідуалістычнае спаборніцтва ў імя матэрыяльнага дабрабыту да скрайнасці палярызуе грамадства і ператварае яго ў месца, дзе адбываецца вайна ўсіх супраць усіх.
Пачаткова класічны лібералізм быў дактрынай, якая грунтавалася на законах выжывання індывіда. У сваёй самай памяркоўнай форме лібералізм проста падкрэсліваў індывідуальную свабоду дзеяння і асуджаў празмерную бюракратызаванасць ураду. Але наколькі вартай ухвалы была абарона лібералізмам свабоды індывіда ўвогуле, нагэтулькі ж небяспечнай для гэтай свабоды аказалася імкненне лібералаў да такой ідэальнай сістэмы, дзе быў бы як мага зменшаны акцэнт на аспекце супольнага паходжання. У сваёй скрайняй форме класічны лібералізм развіўся ва ўніверсальнае лібертарыянства, якое, у сваю чаргу, ужо вельмі блізкае проста да ўхвалення анархіі. «З пашырэннем чыста эгаістычных жыццёвых мэтаў коштам альтруістычнага стаўлення да сям’і ды нацыі, — піша А. дэ Бенуа, — асоба пачынае казаць больш пра свае правы, чым пра свае абавязкі — бо не мае болей аніякага пачуцця наканаванасці і належнасці да чаго-колечы, не адчувае сябе як частку большай і трывалейшай супольнасці. Індывід болей не цешыцца з уласнай пэўнай веры ў сваю спадчыну, якая ёсць часткаю яго абавязку бараніць сваё, — ён не адчувае больш, што мае нешта супольнае з тымі, хто навокал яго. Такі пачуваецца адзінотным і прыгнечаным. Усе каштоўнасці становяцца чыста персанальнымі, таму ўсё цяпер роўнае ўсяму — а значыць, не роўнае нічому».
Законнай рэакцыяй на выкліканую лібералізмам адчужанасць чалавека было з’яўленне ў ХІХ ст. сацыялістычнага руху, які, аднак, быў апанаваны марксісцкай тэорыяй. Між тым, і лібералізм, і марксізм маюць шмат супольнага — супольныя монатэістычныя вытокі. А. дэ Бенуа і Шарль Шампет’е (Charles Champetier), ставячы ў адзін шэраг гэтыя ідэалогіі, робяць выснову, што, «не зважаючы на сваю апазіцыйнасць, лібералізм і марксізм належаць да аднаго і таго ж свету, які атрымаў у спадчыну думкі Асветы: той жа індывідуалізм, той жа разбуральны ўніверсалізм, той жа прымат эканамічнага фактару, тая ж вялікая ўвага да вызвольнай каштоўнасці працы, тая ж вера ў прагрэс, тая ж ідэя канца гісторыі. Амаль ува ўсім лібералізм толькі больш эфектыўна дасягнуў тых мэтаў, якія ён падзяляў з марксізмам: выкаранення калектыўных ідэнтычнасцяў і традыцыйных культур, расчаравання свету, універсалізацыі сістэмы вытворчасці».
Марксісцкая і ліберальная апантанасць усеагульнай роўнасцю была скіраваная таксама і на знішчэнне высакароднай эліты грамадства. Прафесар Рыхард Герштайн (Richard Herrstein) піша: «Ад джэферсанаўскай «самавідавочнай ісціны» чалавечай роўнасці да французскай «?galit?» і, акрамя гэтага, да рэвалюцыяў, якія ахапілі Еўропу пасля таго, як Маркс і Энгельс абвясцілі свой «Маніфест», цэнтральным палітычным фактам іхнага ды нашага часу было адрынанне арыстакратыі і прывілеяваных станаў, адмысловых правоў для «адмысловых» людзей. Нягледзячы на розныя планы дасягнення, трызненне бяскласавым грамадствам было грунтам «Дэкларацыі пра незалежнасць», гэтаксама як і «Камуністычнага маніфесту»». Папулярнасць лібералізму ў параўнанні з марксізмам не ў малой ступені была абумоўленая тым, што ён дзеяў больш далікатна, стварыўшы прывабнейшы фантом і ўяву чалавечага шчасця ды камфорту (параўн. перакананне, што ліберальная дэмакратыя — найлепшы лад, які калі-кольвек існаваў у гісторыі чалавецтва, меншае з усіх ліхаў ды г. д.). Але, супастаўляючы камунізм і лібералізм, відаць, мае рацыю А. дэ Бенуа: «Праўда ў тым, што ёсць дзве формы таталітарызму, адрозныя ў прычынах і наступствах, але абедзве небяспечныя. Таталітарызм на Усходзе занявольвае, пераследуе ды забівае целы, пакідаючы надзею. Таталітарызм на Захадзе стварае шчаслівых робатаў. Гэткі таталітарызм ёсць пеклам з кандыцыянерам, што забівае душу». Паводле слыннага этолага Конрада Лорэнца (Konrad Lorenz), ліберальная рэлігія спажывецтва і разбурэння арганічнага грамадства прывяла да таго, што ён назваў «генетычным заняпадам» (Genetischer Verfall). Ліберальнае грамадства не патрабуе ніякіх высілкаў, апроч максімальнага спрашчэння і палягчэння жыцця, а таксама вечнага міру і эканамічнага росту, што робіць з яго прывабную ахвяру для заўтрашніх заваёўнікаў. К. Лорэнц прадбачыць: «Вынікі раскошы, атрыманай праз заганнае кола эскалацыі попыту і прапановы рана або позна зруйнуюць заходні свет, у прыватнасці, Злучаныя Штаты. Неўзабаве заходнія людзі ўжо не змогуць адолець менш распешчанага ды здаравейшага люду з Усходу».
Знішчэнне жыццёвага свету на карысць інструментальнага розуму, матэрыяльнага прыбытку і развіцця сфармавала пустую і бяздушную цывілізацыю. Мова рэкламы стала ўзорам для ўсіх сацыяльных моваў, панаванне грошай зрабіла гандляра сімвалам усяго грамадства. Ліберальная эканоміка ператварыла ідэалогію прагрэсу ў культ вытворчасці: чым больш спажывання і прадукцыі, тым больш шчасця і камфорту. Грошы становяцца адзінай меркай і ўніверсальным эквівалентам усіх рэчаў. Культура ператвараецца ў канвеер, дзе штампуюцца рэчы, прыдатныя для як мага большай колькасці спажыўцоў і якія могуць прынесці найбольшы прыбытак. А. Габар кажа: «Гаворка ідзе нават не пра перамогу адной культуры над другой, а пра пашырэнне камерцыйнай культурнай прадукцыі, прынцып якой ляжыць у глыбінным адмаўленні ўсіх культураў, разадраных млынам мас-медыяў, які перамолвае мастацтвы, стылі, эпохі, краіны, рэлігіі ў нешта накшталт бясконцага гамбургера, нават і не амерыканскага, а проста спажывецкага». П. Крэбс да гэтага дадае: «Масавае спажыванне, якое не пакідае месца для каштоўнасцяў, прывяло да руйнавання культуры. Лішняя інфармацыя ўзалежніла ад сябе нашых сучаснікаў: яны больш не здатныя адрозніваць істотнае ад мізэрнага, збітыя з глузду ўсёй той навалаччу, якую нясе плойма марных вобразаў ды нікчэмных прамоваў і якая да таго ж прайшла праз дзясятак рук».
Лібералізм імкнуўся да рэалізацыі максімальнай чалавечай свабоды, але зрабіў чалавека заложнікам сваіх заганаў, ён усё талеруе, але нічога не шануе, ён ведае кошт усяго, але нічога не цэніць. «Свабоды», падараваныя ліберальным грамадствам, найчасцей не існуюць, бо ўяўляюць з сябе сімулякры таго, як мусяць выглядаць праўдзівыя свабоды. Каб штосьці рабіць, мала проста «свабоды». Скарэй тое, што трэба пры гэтым, — гэта здатнасць браць удзел у вызначэнні кірунку гістарычных падзеяў. Грамадства, захопленае сучаснымі ліберальнымі ідэямі, «дазваляе» тое-сёе толькі датуль, дакуль такі дазвол не сутыкаецца з агульнай грамадскай макрастабільнасцю, якая адмаўляе насельніцтву ў хоць якім рэальным удзеле ў фактычным працэсе кіравання. І паколькі сфера, у якой насельніцтву дазваляецца «рабіць усё», павялічваецца, пачуццё нацыянальнага паралізуецца і страчвае кірунак.
«Новыя правыя» шануюць свабоду дзеяння, слова і сумлення, прадпрыймальніцкую ініцыятыву ды права ўласнасці, але яны выступаць супраць фетышызму ўніверсальных «правоў чалавека», меркантыльнасці і камерцыялізацыі. Прынцыпы, якімі кіруецца ліберальная дактрына: эканамічны рэдукцыянізм, рынкавыя каштоўнасці, спажывецтва, індывідуалізм і геданізм. Яны вядуць да незваротнага распаду грамадства, канчатковага распылення калектыўных каштоўнасцяў і гістарычнай смерці чалавецтва.
ВЯРТАННЕ БАГОЎ
Апрача радыкальнай крытыкі сучаснага свету «новыя правыя» прапануюць і нешта, што можа стаць суцэльнай альтэрнатывай глабальнай цывілізацыі. Замест закліку «вярнуцца да прыроды» яны кажуць пра патрэбу вярнуцца да культуры — таго істотнага, што адрознівае чалавека ад дзікага свету і гарантуе захаванне яго людскасці. Культура разглядаецца імі і як сродак ачышчэння ды адраджэння, у сувязі з чым згадваецца канцэпцыя процістаўлення культуры, а дакладней гаймы культураў, адзінай механічнай цывілізацыі, сфармуляваная Освальдам Шпэнглерам. Ён меркаваў, што існуе ўласна культура як арганічнае развіццё грамадства ўва ўсіх сферах, як выяўленне і рэалізацыя натуральных патэнцыяў, закладзеных у душы гэтай культуры, цывілізацыя ж ёсць перыядам заняпаду культуры, калі звыраджаецца духоўнасць, адбываюцца працэсы ўрбанізацыі, масавізацыі і глабалізацыі. Культура для «новых правых» выступае першапачаткам і гарантам гарманічнага развіцця еўрапейскай цывілізацыі. Паводле азначэння А. дэ Бенуа, культура ў шырокім сэнсе ёсць сукупнасцю «ведаў ды літаратурных, мастацкіх або маральных каштоўнасцяў, якія складаюць культурную традыцыю і маюць яе працягваць». Культура беспасярэдне звязаная пераемнасцю з даўніной і спадчынай ды нясе ў сабе рысы лінгвістычнай, геаграфічнай і этнічнай своеасаблівасці. Глыбіня культуры вызначаецца магчымасцямі памяці, якая высвятляе фрагменты мінуўшчыны: чым глыбейшая памяць, тым большы культурны патэнцыял маюць тыя, хто жыве цяпер. Першаэлементы якой-кольвек культуры паходзяць з традыцыйнай культуры, або, правільней, — культуры тэсматычнай (ст.-гр. thesmos ‘даўняя завядзёнка, асвечаная традыцыяй, святы закон, усталяваны багамі’)4.
Традыцыя арганічна звязаная з калектыўнаю супольнасцю, яна адлюстроўвае канкрэтную ментальную схему, што цягам стагоддзяў увасаблялася ў розных сацыякультурных формах. Традыцыя — гэта тое, да чаго не далучаюцца, а тое, у чым нараджаюцца. Паводле А. дэ Бенуа, «традыцыя — гэта не мінуўшчына < ...> гэтаксама як не цяпершчына і не будучыня. Яна па-за часам і адпавядае не таму, што было «ззаду нас» і што аджыло, а таму, што перманентнае, што існуе ў нас самых»; чалавек не існуе сам па сабе, ён належыць да той або іншай культуры з яе ўласнымі характарыстыкамі і асаблівасцямі, «чалавек істота біялагічная, але яшчэ ў большай ступені ён прадукт культуры. Чалавек неадлучны ад сваёй культуры, асяроддзя і спадчыны, характэрных для гэтай культуры. Аднак апошняя, у сваю чаргу, неадлучная ад народу, які яе стварыў». Індывід можа меркаваць пра нешта ў адпаведнасці з тым, народжаны ён у той або іншай культуры. На прызнанні якаснай разнароднасці культураў грунтуецца асноўны метадалагічны прынцып «новай правіцы», які ўзыходзіць яшчэ да сярэднявечнага наміналізму: адмаўленне аб’ектыўна існай «універсальнай логікі» і, адпаведна, універсальнай этыкі, маралі, каштоўнасцяў ды г. д. Наміналізм супрацьстаіць усім універсалісцкім плыням, ён антыэгалітарны ў сваёй аснове, бо, з яго гледзішча, адрозненні між людзьмі не могуць быць зведзеныя да нейкай агульнай формы. Жан-Іў Лё Галю (Jean-Yves Le Gallou) тлумачыць: «Нешта можа быць добрым, праўдзівым, прыгожым толькі для таго тыпу людзей, чыйму этнічнаму субстрату, псіхічнаму стану, генетычнаму складу, а таксама сацыяльнаму і расаваму атачэнню гэтае нешта адпавядае. < ...> Кожнаму «этнічнаму субстрату» адпавядае яго ўласная логіка, уласнае бачанне свету». Разнастайнасць культураў «новыя правыя» разумеюць як шматстайнасць адмысловых, або нават альтэрнатыўных спосабаў існавання чалавека ў свеце, якія складваліся гістарычна, імаверна, праз прыстасаванне народаў да асаблівасцяў асяроддзя. Немагчыма казаць пра чалавека агулам або пра абстрактнае чалавецтва, бо ёсць адно канкрэтныя людзі, якія, у сваю чаргу, належаць да пэўных народаў — кожнага са сваёй культурай. Плюралізм культураў на зямлі вымагае і эксклюзіўнасці пэўнай культуры на яе радзіме — акрэсленай тэрыторыі ды ў рэгіёнах.
З гэткага гледзішча за любым універсалізмам хаваецца ў найлепшым разе пэўны этнацэнтрызм, які навязвае аўтахтоннай культуры чужыя ёй ісціны і паняцці. Менавіта гэтак адбылося ў Еўропе, калі ўласна еўрапейская (грэцка-рымская, кельцкая, германская, балцка-славянская ды інш.) культура была замененая юдэа-хрысціянствам, прынесеным і навязаным Еўропе звонку. Хрысціянскі монатэізм, ураўноўваючы ўсіх вернікаў, упершыню ўвёў у еўрапейскую сведамасць ідэалы эгалітарызму: «Ідэя адзінага Бога, — зацямляе А. дэ Бенуа, — азначае ідэю адзінай абсалютнай ісціны, монатэізм з яго схільнасцю да таталітарызму спараджае рэдукцыянізм (усялякая веда ўрэшце зводзіцца да адзінства), эгалітарызм (людзі роўныя перад Богам) і ўніверсалізм...» Інфільтрацыя монатэізму звузіла прыродны «арэал» еўрапейскай культуры на карысць іншароднай, зрабіўшы яе падпарадкаваным культурным субстратам.
Хрысціянства паслужыла не толькі матрыцай, з якой выраслі эгалітарныя ідэалогіі сучаснасці, яно стала крывавым чыннікам падзелу і нецярпімасці ў Еўропе. Лідэр «новай культуры» Бельгіі Роберт Стойкерс (Robert Steukers) пісаў з гэтай нагоды: «Кажучы гістарычна, няцяжка канстатаваць, што наймацнейшыя рухі еўрапейскага хрысціянства выклікалі дзеля свайго антаганізму безліч войнаў і пагромаў». Нам гэтыя словы добра зразумелыя, бо беларусы як ніхто іншы заплацілі вялікую цану за ўсталяванне той або іншай канкурэнтнай хрысціянскай канфесіі: з аднаго боку — паклаўшы тысячы жыццяў на алтар змагання між каталікамі, праваслаўнымі і ўніятамі, з другога — трапіўшы ў культурную залежнасць ад суседзяў пры панаванні «ўсходняга» або «заходняга» абраду.
Часам цвердзяць, што хрысціянства можа быць наймацнейшым складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці, як, прыкладам, у ірландцаў, палякаў, харватаў, расійцаў, сербаў ды г. д. Але відавочна, што свае «нацыянальныя» рысы хрысціянства набывае збольшага праз улучэнне ў сябе дахрысціянскіх элементаў, якія робяць з яго нешта накшталт вонкавай формы для этнічнага зместу. Гэныя «нацыянальныя» рысы насамрэч ёсць рысамі даўняй ментальнасці, якая не знікла. Агульным жа правілам існавання хрысціянскай рэлігіі было імкненне да максімальнага пашырэння сваёй «адзінай ісціны», што немінуча прыводзіла да нівелявання этнічных адметнасцяў, нават знікнення цэлых народаў (да прыкладу, прусаў, палабскіх славянаў) або ўтварэння этнакультурных хімер. Дарэчы тут згадаць і тую ролю, якую хрысціянізацыя адыграла ў працэсе моўна-культурнай асіміляцыі тутэйшых балтаў, якія, прыймаючы хрост, пакрысе страчвалі ранейшую этнічную тоеснасць і станавіліся «славянамі». Хрысціянства спрычынілася да разбурэння нашай ідэнтычнасці — культурнай і рэлігійнай — тым, што выразала цэлыя істотныя сэнсавыя блокі з культуры, якіх вельмі не стае для нармальнага нацыянальнага існавання.
Адмаўленне «новымі правымі» хрысціянскай метафізікі зусім не азначае, што яны агулам негатыўна ставяцца да рэлігіі. «Мы не супраць рэлігіі, — падкрэслівае А. дэ Бенуа. — Наадварот, простае назіранне феномену чалавека сведчыць, што існуе праўдзівая патрэба ў святым. < ...> Мы ні ў якім разе не прапагандуем атэізму». Р. Стойкерс звяртае ўвагу на тое, што для пераадолення наступстваў, якія былі «катастрафічным завяршэннем хрысціянства, трэба вярнуцца да праўдзівых вытокаў Еўропы, да рэлігіяў асобных мясцовасцяў». Рэлігіі асобных мясцовасцяў — гэта рэлігіі дахрысціянскія, гэта індаеўрапейская спадчына, жывую повязь з якой трэба ўзнавіць дзеля адраджэння еўрапейскай культуры.
Такім чынам, яшчэ адна адметнасць, якая вылучае «новых правых» — гэта прыхільнасць да стараеўрапейскага паганства і політэізму. Важна, аднак, разумець, што яны не нейкая рамантычна-спірытуалістычная або фальклорная суполка. Старшыня «GRECE» гаворыць: «Мы, вядома, не секта і мы ні ў якім разе не абвяшчаем «вяртання» да паганства. Але мы бачым у спрадвечным паганстве нашых дзядоў выяўленне шэрагу своеасаблівых каштоўнасцяў і духоўных пазіцыяў ды імкнёмся іх актуалізаваць, а не проста скапіяваць». Не адмаўляючы чыста практычнага ўвасаблення паганскага космасу, да прыкладу, у форме працягу або ўзнаўлення старавечных рытуалаў, «новыя правыя» засцерагаюць ад ператварэння даўніх еўрапейскіх веранняў у прафанны спектакль ідалапаклонства. Найважнейшае — гэта скарэй зварот да політэістычнага светагляду. А. дэ Бенуа зацямляе: «Быць паганцам у наш час перадусім азначае вывучаць старавечныя індаеўрапейскія веранні ды іх гісторыю, тэалогію, касмагонію, сістэмы сімвалаў, міфы, міфемы (тыя складнікі, з якіх паўстае сам міф). Але ж гэта не адно інтэлектуальная веда — гэта яшчэ і веда духоўная! Не толькі эпістэмалагічнае спазнанне — яшчэ і спазнанне інтуітыўнае! Паганства гэта не проста назапашванне ведаў пра культуру ды традыцыі Еўропы, хоць, бясспрэчна, нам таксама трэба быць глыбака ў іх абазнанымі. Перадусім паганства мае на ўвазе праекцыю пэўных культурных каштоўнасцяў на сённяшніх людзей — беспасярэдніх спадкаемцаў культуры, якая нас узгадавала».
П. Віяль даводзіць, што зварот да паганства — вельмі своечасовы і заканамерны крок: «Політэістычная сістэма каштоўнасцяў натуральна супрацьстаіць аднамернаму ўсясветнаму парадку. Для «новай культуры» політэізм азначае ўхваленне разнастайнасці і адназначнае адмаўленне ад монатэістычнага паняцця «адзінай ісціны». Вызнаваць адну адзіную ісціну і жадаць навязаць яе ўсім людзям і ўсім народам — для «новай культуры» гэта вяршыня дыктатуры, у якой універсалізм і манія аднастайнасці (эгалітарызм) найшчыльнейшым чынам звязаныя міжсобку». Варта таксама ўдакладніць, што «політэістычная» разнастайнасць зусім не тоесная ўхваленню акультызму, геданізму, культу плоці, амаральнасці, усёдазволенасці, анархіі ды г. д. Як цалкам справядліва зацямляе Г. Фай, «паганства — гэта дыяметральная процілегласць разбэшчанасці і разбурэнню жыццёвых энергіяў, назіраных на сучасным Захадзе. Яно ўзвышае і робіць рытуаламі імператывы касмічнага парадку. < ...> Усё, што шкодзіць здароваму існаванню віду і народу, аднароднай арганічнасці полісу або дзяржавы (у рымскім сэнсе слова), не можа называцца «паганскім». < ...> Паганства нельга таксама блытаць ні з нецярпімым дагматызмам, ні з абсалютнай талерантнасцю».
Даследаванне дахрысціянскай спадчыны дзеля выяўлення духоўнай спецыфікі еўрапейскай культуры складае адзін з галоўных кірункаў чыннасці «новай правіцы». Вывучаючы вытокі еўрапейскай цывілізацыі, у прыватнасці, асаблівасці міфалагічнага мыслення і дзяржаўнага ўладкавання, аўтарытэтныя навукоўцы (Ж. Думезіль, Э. Бенвеніст, Ж. Адры) высветлілі, што кельцкая, германская, грэцкая, рымская, інда-іранская, балцка-славянская культуры ўзыходзяць да агульнай мадэлі ідэальнай арганізацыі індаеўрапейскага соцыюму. Гэтая мадэль мела ў сваёй аснове ідэалогію, надзеленую трыма функцыямі, якія забяспечвалі стабільнасць, асэнсаванне рэчаіснасці і фармаванне сацыяльных сістэмаў. Першая функцыя спрыяе ўсталяванню ўлады і парадку сакральнага, другая прадугледжвае абарону і мілітарнае дзеянне, трэцяя звязаная з забеспячэннем ўрадлівасці і дабрабыту. Пералічаныя функцыі ўзнаўляюцца ў грамадскіх структурах, кожная з якіх суадносіцца з пэўным грамадскім станам. Першая — са святарамі, другая — з ваярамі, трэцяя — з вытворцамі матэрыяльных каштоўнасцяў. Гэткая трохчасткавая структура, якую спецыялісты прасочваюць цягам вякоў, утварала пэўнага кшталту еўрапейскі менталітэт, што знаходзіў сваё выяўленне ў самых розных філасофскіх, рэлігійных і сацыяльных абсягах. Еўрапейскае грамадства ўзнаўляла гэтую структуру з сівой даўніны ажно да 1789 г. у выглядзе традыцыйнага падзелу на духавенства, шляхту і трэці стан, яе адлюстраваннем была і герархія каштоўнасцяў. Толькі пазней, пад уплывам свецкіх эгалітарных дактрынаў, гэтая герархія выцерлася разам з адрозніваннем трох станаў ды была перакуленая гэтак, што цяпер эканоміка і вытворчасць матэрыяльных дабротаў займаюць першае месца і фармуюць менталітэт. «Сёння ж жаданні масаў кіруюць учынкамі ўладаў, клас вытворцаў і гандляроў падпарадкаваў сабе класы ваяроў, носьбітаў ідэяў, суверэнаў», — канстатуе А. дэ Бенуа.
Выйсце з сучаснага заняпаду і магчымасць спынення пашырэння спажывецка-гандлярскай псіхалогіі бачыцца «новым правым» у вяртанні да арганічнай канцэпцыі грамадства, дзе апазіцыя між асобнымі «функцыямі» не перарастае ў класавае змаганне, нагэтулькі ж бязглуздае, як, прыкладам, вайна органаў унутры цела. Хоць у свеце няма a priori натуральнага парадку, аўтары «новай культуры» цвердзяць, што існуе натуральная тэндэнцыя да арганізацыі ўсіх жывых сістэмаў. Усялякая арганізацыя, якая гэтай тэндэнцыі адпавядае, не можа не быць арганічнай, а ўсялякі парадак, які з яе вынікае і адпавядае свайму найменню, ёсць непазбежна герархічным. Трохфункцыянальная мадэль падзелу сучаснага грамадства (дарэчы, самых функцыяў ніхто не скасоўваў) — не ўтопія і не анахранізм. У любым соцыюме, які б не існаваў у гісторыі, заўсёды ёсць лепшыя ў любой галіне, сацыяльнай або прафесіянальнай, ды заўсёды існуе клас палітычных кіраўнікоў. Мерытакратыя5, угрунтаваная на адборы найлепшых з усіх класаў, якія забяспечвалі б належнае выкананне грамадскіх функцыяў, была б, як уважаюць «новыя правыя», найлепшай формай сацыяльнай справядлівасці.
«Новых правых» нельга блытаць з прыхільнікамі простага вяртання, рэстаўрацыі даўняга ладу або з «рэакцыянерамі». Гэта скарэй рэвалюцыйны рух, які мае кансерватыўную істу, — г. зв. «кансерватыўная рэвалюцыя», якая паводле азначэння адмаўляецца ад эфемернага паняцця прагрэсу, процістаўляючы яму ідэю арганічнага развіцця. Як пісаў адзін з найвыбітнейшых нямецкіх кансерватраў ХХ ст. Артур Мёлер ван дэн Брук (Arthur Moeller van den Bruck), «кансерватызм — гэта інтуітыўнае веданне каранёў. Ёсць у нашай прыродзе штосьці вечнае, што ўзнаўляецца заўсёды і да чаго мае імкнуцца ўсялякая знішчаная або сканалая эвалюцыя. < ...> Кансерватызм ёсць вяртаннем да ўласных вытокаў, які не цураецца рэвалюцыйных сродкаў...»
Кансерватыўная рэвалюцыя процістаіць лінейнай канцэпцыі гісторыі, якая робіць з часу шэраг незваротных падзеяў, нівелюючы тым самым вартасць традыцыі і мінуўшчыны. Замест прынесенага разам з юдэа-хрысціянствам адналінейнага бачання часу «новыя правыя» прапануюць пазычаную з індаеўрапейскай касмалогіі цыклічную, або сферычную канцэпцыю гісторыі, дзякуючы якой, згодна з А. дэ Бенуа, «усялякая рэчаіснасць гэта не пункт, а скрыжаванне, кожнае цяперашняе імгненне актуалізуе сукупнасць мінуўшчыны і робіць магчымай сукупнасць будучыні. Пытанне пра тое, можна ці нельга «ажывіць мінулае», страціла сілу. Мінуўшчына заўсёды жыве ў цяпершчыне. Гэта адна з перспектываў, дзякуючы якім чалавек можа распрацоўваць праекты і каваць свой лёс». Гісторыя можа развівацца ў любым кірунку пры ўмове, што досыць моцная воля будзе вызначаць яе рух. Воля актывістаў «новай культуры» скіраваная на адраджэнне духу праўдзівай Еўропы, асэнсаванне яе спадчыны дзеля ўзнаўлення яе ў новых формах. Гэты шлях можна назваць словам, вынайдзеным Г. Фаем, — археафутурызм. Аўтар тэрміну ўдакладняе, што «архаіка» не значыць таго, што належыць выключна сівой даўніне: «Трэба вярнуць слову «архаічны» яго праўдзівае гучанне, якое ў сваім грэцкім этымоне arche мае станоўчы і незняважлівы сэнс, азначаючы разам «аснову» і «запачаткаванне» — то бок «стваральны імпэт». Аrche таксама мае значэнне таго, што «стваральнае ды нязменнае», і адсылае да цэнтральнага панятку «парадку»».
Найважнейшы фактар, які мабілізуе волю людзей ды натхняе іх на дзеянні і адначасна выступае асновай ды пачаткам любой цывілізацыі, — гэта міф. Патрыярх італійскіх «новых правых» Джоржыё Лочы (Giorgio Locchi) называе міф вялікай гістарычнай сілай, якае «дае жыццё грамадству, яго арганізуе», «структуруе супольнасць, надае ёй спосаб жыцця і таксама структуруе асобных дзеячоў». Міф — гэта не толькі заўсёднае вяртанне да вытокаў, але, як уважае М. Эліядэ, і касмалагічная візія прышласці, ён паведамляе пра магчымы канец свету, які часам можа быць пачаткам паўтарэння свету (народу) і нават аднаўлення свету (народу). Мае свой міф і «новая культура»: «Змагаючыся за культурнае адраджэнне, «GRECE» рашуча імкнецца ўсталяваць падставовы міф: міф суверэннай вызваленай Еўропы, звернутай да ўладарнага лёсу» (П. Віяль).
ЕЎРОПА ТЫСЯЧЫ СЦЯГОЎ
Галоўным вынікам Другой усясветнай вайны стала кардынальная змена сістэмы міжнародных дачыненняў, што існавала дагэнуль. Паўстанне і спаборніцтва дзвюх звышдзяржаваў — СССР і ЗША — сфармавала новую сістэму. Свет быў падзелены на антаганістычныя лагеры, дзе Еўропе не знайшлося апрычонага месца. Ранейшая Еўропа сканала, стаўшы ў «халоднай вайне» полем змагання камуністычнага і капісталістычнага ладаў жыцця. Паводле Ганса-Дытрыха Зандэра (Hans-Dietrich Sander), «перамога 1945 г. азначала трыюмф сілаў лібералізму і камунізму. Трыюмф святога альянсу амерыканцаў і расійцаў не развязаў усіх праблемаў, а толькі абвастрыў іх. За колькі дзесяцігоддзяў яны ператварылі свет у Аўгіевы стайні». Страта Еўропай ранейшых пазіцыяў разам з дэмаграфічнымі праблемамі і наплывам чужынцаў-гастарбайтэраў засведчылі культурны дэкаданс, трансцэндэнтную беспрытульнасць еўрапейца, які стаў бяздомным праз забыццё сваёй ідэнтычнасці.
Тады ці мае яшчэ на што-кольвек спадзявацца матка-Еўропа ды ейныя дзеці? «Новыя правыя» адказваюць, што так, але дзеля гэтага патрэбныя пэўныя захады. Адным з такіх крокаў мае быць перагляд геапалітычнага і цывілізацыйнага месца Еўропы. Перадусім гэта азначае скасаванне ўяўнага адзінства г. зв. еўраатлантычнай цывілізацыі. Трэба прызнаць відавочнае: еўрапейскі кантынент і Амерыка — два светы, якія маюць розныя пазіцыі і інтарэсы. Гістарычна ды геаграфічна ненатуральна і абмыльна прылучаць Еўропу да Захаду, адкуль і апеляцыя да «заходняй» салідарнасці траціць які-кольвек сэнс. Прадстаўнік італійскай «новай культуры» Клаўдыё Фінчы (Claudio Finci) перакананы: «Кожны, хто ўжывае тэрміны «Еўропа» і «Захад», не адрозніваючы іх, нібыта гэта сінонімы, або нібыта другі ўлучае ў сябе першы, робіць цяжкую гістарычную і палітычную памылку. Спадзеючыся на ўваходжанне Еўропы ў Захад, гэтыя людзі, сведама або нясведама, засвойваюць амерыканскі погляд на свет. < ...> Тыя еўрапейцы, якія ўяўляюць сябе сёння паладынамі Захаду, — гэта людзі, якія падпарадкаваліся свету быцця і мыслення амерыканцаў і якія, сведама або не, уважаюць, што былі выратаваныя і «вызваленыя» амерыканцамі. Выракшыся еўрапейскай традыцыі, гэтыя людзі насамрэч трапілі ў духоўнае рабства». Глыбінны падзел між ЗША і Еўропай мае гістарычнае, геапалітычнае, культурнае, метафізічнае абгрунтаванне, якое цягне за сабою гранічныя высновы. Як абвясціў напярэдадні 1992 г. А. дэ Бенуа, «цяпер мы адзначаем пяцьсот год адкрыцця Амерыкі, і, мяркую, ужо настаў час, каб пра яе забыць. Забыцца на Амерыку азначае вярнуць перспектыву ўкаранення ў часе, што нас істотна розніць ад Злучаных Штатаў з іх містыкай прасторы. Азначае гэта вяртанне да гістарычнага вымярэння, да каранёў, да эстафеты пакаленняў. Забыць пра Амерыку — значыць вярнуць усведамленне істы палітыкі, якой амерыканцы агулам не ведаюць, не цямяць, што палітыка — гэта не звычайны дадатак да маральнасці, права або эканомікі. Забыцца на Амерыку азначае выйсці з паноўнай філасофіі сучаснага свету: філасофіі ўтылітарызму. Чалавек жыве на зямлі не каб узбагачацца, але каб дасягаць найвышэйшай ступені экзістэнцыі, стану духу, недасягальнага для амерыканцаў». Рэдактар нямецкага часопісу «новых правых» «Nation & Europa» Карл Рыхтэр (Karl Richter) акрэсліў таксама, якім мае быць і наступны крок: «Надышоў час грунтоўнай светагляднай пераарыентацыі еўрапейскіх народаў. Ад чужых ім, насаджваных міжнароднымі жандарамі, ідэяў — да новага кантынентальнага парадку (Grossraumordnung), які адпавядае праўдзівым інтарэсам Еўропы і дазволіць ёй зноў стаць суверэннай суперсілай». Вяртанне Еўропе яе колішняга статусу і здабыццё патрэбнай магуты магчымае адно праз задзіночанне ўсіх еўрапейскіх краёў у кантынентальнае гаспадарства.
«Новыя правыя» паслядоўныя і прынцыповыя прыхільнікі еўрапейскага адзінства, бо ў глабалізаваным свеце будучыня належыць вялікім культурам і цывілізацыям, здатным арганізавацца ў аўтаномных прасторах і валодаць дастатковай сілай, каб супрацьстаяць уплыву іншых. Агульнаеўрапейская ідэнтычнасць выступае для іх сімвалам велічы і адраджэння (параўн. словы А. дэ Бенуа: «Я азначаю сябе найперш і перадусім як еўрапейца, як таго, чыя бацькаўшчына знаходзіцца ў Еўропе. Можна нават сказаць, што воля бачыць Еўропу гэткай, якой яна папраўдзе ёсць, — прыкладам для свету, аднавіць калектыўную ідэнтычнасць ды існаванне, — нязменная справа ўсяго майго жыцця»). «Новыя правыя» не прыймаюць ліберальнага «маастрыхцкага» праекту еўрапейскай інтэграцыі, які спрыяе інтарэсам амерыканскага культурнага і эканамічнага імперыялізму. Замест «Еўропы гандляроў» і «раю Макдональдса» яны прапануюць ідэю еўрапейскай этнічнай федэрацыі новага кшталту. Майкл Уокер (Michael Walker), ангельскі пратаганіст «новай культуры», заклікае: «Нам не патрэбная Еўропа пад адным сцягам, нам патрэбная Еўропа тысячы сцягоў свабодных супольнасцяў ад Атлантыкі да Уралу».
Супольны этнакультурны субстрат, які мае злучаць пераважную бальшыню еўрапейцаў у будучым гаспадарстве, — іх індаеўрапейскія вытокі6. Новая Еўропа пакліканая будавацца на федэратыўнай аснове, якая прызнае самастойнасць усіх сваіх складовых частак, арганізуючы супрацу рэгіёнаў і нацыяў. Супраць цэнтралісцкай традыцыі, што пазбаўляе ўсіх паўнамоцтваў на адным роўні, супраць бюракратычнай і тэхнакратычнай Еўропы, супраць Еўропы вялікага рынку, уніфікаванага вольным гандлем, супраць Еўропы, дзе нацыянальныя эга не здатныя ладзіць між сабою, на грунце плюралізму асобных статусаў, якія злучаюцца статусам супольным, мае паўстаць зусім іншае аб’яднанне. Кожны ровень добраахвотнага аб’яднання павінен выконваць сваю ролю і мець уласную годнасць, што не паходзяць ад вышэйшых інстанцыяў, а ўгрунтаваныя на згодзе ўсіх тых, хто бярэ ў ім удзел.
Выступаючы за адзіную Еўропу, «новыя правыя» крытыкуюць канцэпцыю сучаснай дзяржавы-нацыі, якая паходзіць з абсалютнай манархіі і рэвалюцыйнага якабінства. Дзяржава-нацыя надта вялікая, каб вырашаць малыя праблемы, і надта малая, каб вырашаць вялікія. Да таго ж, якабінскія гаспадарствы (г. зн. амаль усе еўрапейскія дзяржавы) падрываюць сваёй унітарнай палітыкай рэгіянальную шматстайнаць, дзеля чаго церпяць не толькі субэтнасы і этнасы, але і вялікія нацыі. На гэтым таксама ствараецца ўрадлівая глеба для сепаратызму і тэрарызму. «Нацыянальняя дзяржава» як правіла не ахоплівае ўсяго арэалу нацыі і таму не здатная ў поўнай меры развязваць праблемы яе самавыяўлення, гэтаксама як і праблемы нармальнай самаідэнтыфікацыі і аўтаномнага культурнага развіцця асобных этнасаў (фламандцаў, брэтонцаў, баскаў, каталонцаў, кашубаў, латгалаў ды інш.), што не маюць сваёй дзяржаўнай арганізацыі, праз узурпацыю тытульнай нацыяй улады ў дзяржаве і права вызначэння прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі. Здаволіць імкненне вялікіх нацыяў да самавыяўлення і малых народаў да самаідэнтыфікацыі, паводле «новых правых», можа «Еўропа бацькаўшчын», у якой асобныя «народныя групы» (Volksgruppen) — унікальныя або «аскепкі» вялікіх нацыяў — атрымаюць магчымасць самабытнага развіцця ў рэгіёнах свайго кампактнага пражывання.
«Новыя правыя» хацелі б пачаць унутраны працэс федэралізацыі існых нацыянальных дзяржаваў (вядома, калі ў гэтым будзе праўдзівая патрэба), каб апошнія лягчэй маглі федэралізавацца адна з адной. Да прыкладу, у дачыненні Францыі А. дэ Бенуа прадугледжвае гэткае: «Рэспубліка — адна і непадзельная — будзе замененая федэральнай рэспублікай французскіх народаў». Французская федэрацыя выратуе праўдзівую ідэнтычнасць Францыі, выяўленую ў духу яе правінцыяў, і адначасна ўзмоцніць Еўропу як трывалы і прадуктыўны кангламерат народаў. Апрача ўсяго, для Францыі, як цвердзіць Г. Фай, гэткі сцэнар мае на ўвазе перавызначэнне і адкрыццё наноў сябе як Галіі — этнічна кельцкай зямлі (параўн. ідэю крыўска-балцкага пераасэнсавання беларускай ідэнтычнасці).
Такім чынам, менавіта гамагенныя еўрапейскія рэгіёны, або этніі — Нармандыя, Брэтань, Каталонія, Галісія, Валія, Шатландыя, Фландрыя, Баварыя, Галіччына, Жамойць, Латгалія ды г. д., а не дзяржавы-нацыі (хоць яны могуць працягваць існаваць) будуць першаснымі элементамі новай Еўропы, рэзервуарамі аўтэнтычных каштоўнасцяў, укарэненасці і арганічнага грамадства. Этнічны рэгіён можа быць той структурай, якая дазволіць праводзіць далікатнае, нерасісцкае развязанне праблемы масавай іміграцыі ў еўрапейскае грамадства. Ён усталёўвае натуральны, а не бюракратычны бар’ер супраць імігрантаў. Іншымі словамі, ліберальная дзяржава, адказная за недальнабачную іміграцыйную палітыку, здатная выстаўляць легальныя абмежаванні іміграцыі датуль, пакуль яна мае падтрымку парламенту і грамадскага меркавання. Гэтага відавочна недастаткова, каб негвалтоўна перапыніць каланізацыю еўрапейскіх краінаў прыхаднямі. У адрозненне ад гэтага, этнічны рэгіяналізм не будзе выпрабоўваць чужынцаў драконаўскімі законамі і прымусовай «нацыяналізацыяй». Рэгіяналізм узводзіць станоўчыя, але непераадольныя культурныя абмежаванні нават для тых, хто жадаў бы інтэгравацца ў нацыянальную супольнасць, звязваючы канцэпцыю прадстаўнічага грамадзянства з адмысловымі этнакультурнымі каранямі. Прынцып эксклюзіўнасці адпаведнай рэгіёну культуры не азначае, што «новыя правыя» адрынаюць іншыя культуры, наадварот, ускладаючы адказнасць за прыцягненне іншаземцаў і іх асіміляцыю на ліберальнае капіталістычнае гаспадарства, яны кажуць пра пагрозу не толькі аўтэнтычнай еўрапейскай ідэнтычнасці, але і культурам неаўтахтонаў: «Першымі ахвярамі іміграцыі ёсць самі імігранты дзеля таго, што церпіць іх ідэнтычнасць. У гэтым сэнсе праблема іміграцыі мае паказваць нам хібнасць французскай мадэлі якабінскага праекту, што інтэгруе індывідаў, прымушаючы іх адмаўляцца ад сваіх культурных каранёў» (А. дэ Бенуа). Еўропа этнасаў ды рэгіёнаў — процілегласць Еўропе метысаў і ліберальнага мультыкультуралізму, які спрыяе ўтварэнню культурных гета і страце самабытнасці ўсіх удзельнікаў «інтэграцыі».
Наколькі актуальны «еўрапейскі міф» для Беларусі? Тэндэнцыі апошніх гадоў чарговага ўцягвання нашай краіны ў расійска-еўразійскі абшар не могуць зняпраўдзіць факту яе належнасці да еўрапейскага свету. Але рэалізацыя слушнага і высакароднага лозунгу «Беларусь — у Еўропу!» не канечне мусіць цягнуць за сабой далучэнне да цяперашняга Еўрапейскага Саюзу (да прыкладу, Нарвегія, якая не стала сябрам ЕС, ні на каліва не страціла сваёй еўрапейскасці). Шлях да праўдзівай Еўропы ляжыць якраз праз спазнанне і пераасэнсаванне істы сваёй культуры, гісторыі, геапалітыкі. Вытокі ўсяго гэтага схаваныя не ў Бруселі, Вашынгтоне або Маскве, а ў сваёй зямлі. Тутэйшасць вяртае кожнага беларуса да каранёў ды першапачаткаў, якія, у сваю чаргу, лучаць яго з еўрапейскім космасам. Не зважаючы на тое, што рэгіяналізм у сучаснай Рэспубліцы Беларусь рэпрэсаваны вертыкаллю цэнтралісцкага аўтарытарызму, этнатэрытарыяльныя элементы беларускай нацыі мусяць адыграць ключавую ролю ў фармаванні нацыянальнай і еўрапейскай ідэнтычнасці. Два нацыятворчыя архетыпы: даўняя Літва (з яе пачаўся інтэгральны міф «залатога веку» нашай дзяржаўнасці) і Крывія (параўн. меркаванне Сяргея Шыдлоўскага: «Спадчына Полацку бачыцца спрыяльным полем для агульнабеларускага ідэалагічнага кампрамісу») увасабляюць спадчыну, якая паўстала і выйшла з рэгіёнаў — Панямоння ды Падзвіння адпаведна, таму менавіта там яна мае і найбольшыя шанцы на адраджэнне. Вялікалітоўская традыцыя і культура немагчымыя без уз’яднання гістарычнай Літвы ды скасавання недарэчнай мяжы між літоўскай і беларускай дзяржавамі. Існавання паўнавартаснай Крыўі не можа быць без земляў смаленскіх, пскоўскіх і цвярскіх крывічоў. Гэтаксама і Заходняе Палессе не мае дастатковай магчымасці самавыяўлення ў варунках адлучанасці ад арганічна звязаных з гэтым краем украінскай Валыні ды польскага Падляшша, хоць яго «рэгіянальны патэнцыял» вельмі вялікі. Відавочна, што дзяржава-нацыя Беларусь ніколі не здолее даць гэтага. Гэта можа ўжыццявіцца толькі ў задзіночанай «Еўропе тысячы сцягоў».
Еўрапейскае федэральнае гаспадарства (Europ?ische Bundesreich) зробіць магчымым звяз суверэнных народаў, супольнаю асноваю якіх будуць этнас, культура ды гісторыя. П. Крэбс упэўнены: «Гэтая Еўропа індаеўрапейскіх народаў адкіне неапрымітыўныя формы цывілізацыі індывідуалізму, і як адзіная Еўропа Праметэя, грэцкіх багоў, Фаўста верне чалавека і прыроду да жыцця. Гэта наша Еўропа рашучага надмадэрну (?ber-Moderne) і ачышчанай паганскай памяці пра нашых дзядоў».
РАСІЙСКАЕ ПЫТАННЕ
Агульнае стаўленне «новых правых» да камуністычнай гіпастасі расійскай дзяржаўнасці — СССР, што разам з ЗША уважаліся за два бакі аднаго медаля, добра ілюструецца словамі Марціна Гайдэгера, які быў перакананы, што «з метафізічнага гледзішча і Расія, і Амерыка ёсць адной і той самай з’явай. Адным безнадзейным вар’яцтвам неўтаймаванай тэхналогіі ды фармавання неўкарэненага стандартнага чалавека». Аднак пасля распаду «апірышча дружбы народаў» перад еўрапейскімі думаннікамі паўстала праблема ўлучэння Расіі — галоўнай правапераемніцы сканалага калосу, у геапалітычны кантэкст, які стаў бы супрацьвагою аднапалярнаму свету амерыканскага дамінавання. Гэтае жаданне знаходзіла сустрэчнае імкненне з боку настроеных па-антызаходняму расійскіх радыкалаў, што знайшлі ў «новых правых» арыгінальны тэзаўрус ідэяў у гатовым выглядзе, якімі захацелася ўзбагаціць собскі звычайны набор партыйных праграмаў. Адным з першых, хто ўзяў на ўзбраенне тэарэтычныя распрацоўкі «новай культуры», прышчапіўшы іх да рэанімаванага еўразійства, быў колішні эрзац-ідэолаг эпатажнай Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расіі Эдуарда Лімонава, а цяпер «рэспектабельны» палітык і лідэр руху «Еўразія» Аляксандр Дугін. Пазней да яго далучыўся шэраг іншых тэарэтыкаў і публіцыстаў, якія ў меру сваёй адукаванасці намагаліся прыстасаваць Weltanschauung «новых правых» да расійскай рэчаіснасці.
Між тым, можна канстатаваць, што праўдзівага пашырэння падставовых прынцыпаў «новай культуры» ў Расіі не адбылося дзеля неразумення там іх істы, «адмысловага» прачытання ды шматлікіх скажэнняў. Фактычна «новых правых» еўрапейскага кшталту ў нашых усходніх суседзяў або зусім няма, або яны вельмі нешматлікія ды іх голас губляецца ў какафоніі расійскіх ультранацыяналістаў. Агульным жа ідэалагічным «субстратам» амаль усіх тых, хто дэкларуе сваю далучанасць да кансерватыўнай плыні ў Расіі, — свядома або не — застаеццца еўразійства, схаванае пад праваслаўнай, панславісцкай або неапаганскай маскай. Еўразійства, якое насамрэч ёсць істай «расійскай ідэі» par excellence, нягледзячы на пэўныя збліжэнні з еўрапейскай «новай правіцай», увасабляе хімерычную дактрыну месіянскага кшталту ды супярэчыць анталагічным асновам уласна еўрапейскай культуры7. Нават прыхільнікі этнарасавага «славянскага адзінства», якія рэзка крытыкуюць А. Дугіна ды яго паслядоўнікаў, часта разважаюць у катэгорыях, вельмі падобных да еўразійскай рыторыкі. Параўн., з аднаго боку, выказванне рэдактара расійскага часопісу «Атеней» Паўла Тулаева: «У этнакультурнай палітыцы нам патрэбныя: русізм і панславізм. Нам патрэбная крышталізацыя нацыянальнай сведамасці і духу дзеля выхаду спачатку на рэгіянальны (славянскі) ровень, затым на ровень кантынентальны (еўразійскі) і, нарэшце, на ўсясветны (універсальны) ровень», з другога боку — класічны дугінаўскі «імператыў»: «Існаванне расійскага народу як арганічнай супольнасці нельга ўявіць без імперабудаўнічага, кантынентальнага тварэння. Расійцы застануцца народам адно ў асадах Новай Імперыі. Гэтая імперыя, згодна з геапалітычнай логікай, гэтым разам мае пераўзыходзіць папярэдні варыянт (СССР). Адпаведна, Новая Імперыя мае быць еўразійскай, вялікакантынентальнай, а ў перспектыве — Усясветнай».
Уласна для нас з гэткай Дугінавай «логікі» вынікае: «У дачыненні да Беларусі геапалітычная карціна даволі ясная. З выняткам невялікай часткі паланізаваных беларусаў (каталікоў і ўніятаў, а таксама палякаў), пераважная бальшыня насельніцтва адназначна належыць да расійскай прасторы і павінна ўважацца за суб’ект цэнтральнага еўразійскага этнасу, то бок за «расійцаў» у культурным, рэлігійным, этнічным і геапалітычным сэнсах». Пры гэтым адметнасць расійцаў, часткаю якіх выстаўляюцца беларусы, бачыцца ідэолагу неаеўразійства гэтак: «У нас, расійцах, цяжка адшукаць чыстую кроў — маларосы, вялікаросы, татары, вугры, іншыя еўразійскія этнасы перамяшаныя ў ісцінна расійскім чалавеку. Гэта не нашая хвароба, гэта аснова нашай унікальнасці, нашага ўніверсалізму, нашай велічы». Грунтуючыся на гэткім разуменні собскай велічы, меркаваным чальцам будучай кантынентальнай імперыі (да прыкладу, Нямеччыне) прапануецца і адпаведная стратэгія: «Толькі з татарамі, з расійскімі бальшавікамі, з жыдамі і нежыдамі, з усёй еўразійскай этнічнай і культурнай разнастайнасцю Нямеччына можа даць рашучы бой Захаду ды заснаваць новы ўсясветны парадак, праўдзівы еўразійскі, расійска-нямецкі, планетарны нацыянал-савецкі парадак»8.
Зусім не дзіўна, што па наведванні Расіі, пазнаёміўшыся з асаблівасцямі тамтэйшага метапалітычнага думання, А. дэ Бенуа прызнаўся, што не ведае «ў Расіі нічога, што магло б быць падобным да «новых правых»». Не апошнюю ролю ў фармаванні гэткага погляду адыграла прынцыповая розніца між індаеўрапейскім, федэралісцкім і дыферэнцыялісцкім праектам Еўрапейскага гаспадарства А. дэ Бенуа ды дугінаўскай канцэпцыяй праваслаўна-ісламскай Расійскай імперыі. Дарэчы, стрыманая рэакцыя еўрапейцаў на месіянскія трызненні расійцаў не застаецца па-за ўвагаю. А. Дугін ужо імкнецца адмежавацца ад «новых правых», маючы, аднак, зусім іншыя прычыны: «Яны занадта цывілізаваныя, занадта кансерватыўныя… Таму мне не падабаецца параўнанне з імі… Еўропа мае сёння выбар: еўразійства або атлантызм. Або яна пойдзе за Расіяй, або за Амерыкай. Калі Новыя Правыя абяруць нас, г. зн. абяруць барбарскую стыхію, тады маюць прыняць і нашыя метады дзеяння». Не пакідаючы Еўропе ніякага самастойнага выбару, А. Дугін у якасці помсты за «суворае» стаўленне да Расіі кажа і пра магчымую кару: «Захад мае заплаціць за ўсё. Найлепш было б засяліць яго кітайцамі, татарамі, мусульманамі, усімі еўразійскімі вандроўнікамі».
Вельмі трапным і годным адказам на гэта могуць быць словы А. дэ Бенуа, напісаныя яшчэ ў часе існавання савецкай сістэмы, але надзвычай актуальныя і дарэчныя для сучаснай Беларусі, у якой дагэтуль, па вялікім рахунку, нічога не змянілася: «Між матэрыялізмам Захаду і матэрыялізмам Усходу, між Амерыкай разбэшчанасці ды гандлярскага духу і Расіяй ГУЛагаў, прыгнёту, вязніцаў і канцэнтрацыйных лагероў існуе цяпер прорва. Гэтая прорва — Еўропа. Акупаваная Еўропа: барбарствам з Усходу, заняпадам з Захаду. Найгоршая рэч, якая магла б здарыцца, — гэта канец людскога меркавання пра тое, нібы адна акупацыя мае перавагу над іншай. Што да мяне, я не схіляюся апранацца ні як казак, ні ў Levi’s. Між Масквой, якая забівае целы, і Вашынгтонам, які забівае душы, я чакаю Еўропы, што паўстане зноўку».
Шмат пярэчанняў выклікае і крэда расійскіх неапаганцаў-славянафілаў. Бадай найяскравейшае ўвасабленне інтэлектуальных намаганняў гэтай плыні — «творчасць» аўтараў згадванага ўжо часопісу «Атеней»9. У водгуку на змест «Атенея», звернутым на імя П. Тулаева, А. дэ Бенуа, канстатуючы, «якая бездань раздзяляе мае перакананні ад Вашых», зацямляе: «Вы пішаце, што «Атеней» успрыймаецца ў Расіі як «тэарэтычны орган новых правых». Калі гэта так, дык я мушу сказаць, што Вашае разуменне «новых правых» значна розніцца ад таго, якое мы маем у Францыі. Французскія НП не ўважаюць сябе ні за «правых радыкалаў», ні за «нацыянал-патрыётаў». Яны не маюць ані каліва сімпатыяў ні да нацызму, ні да ультраправых, якіх Вы ўзносіце ў сваіх публікацыях… Наадварот, яны змагаюцца з расізмам, ксенафобіяй ды ісламафобіяй. Яны супрацьстаяць логіцы капіталу і ідэалогіі гандлярства, якія ўяўляюць галоўную пагрозу грамадскім каштоўнасцям і народным культурам. Яны змагаюцца за якасную экалогію, тутэйшую дэмакратыю, аўтаномію і рэгіяналізм. Для іх непрыймальны як лібералізм, гэтак і індывідуалізм… У Заходняй Еўропе існуюць групы «правых радыкалаў», «расістаў», «неафашыстаў» ды г. д., падобныя да Вашай. Аднак мы не хочам, каб нас атаесамлялі з імі». У адказ на гэта П. Тулаеў звінаваціў А. дэ Бенуа ў недастатковай «правізне» і лявацкіх поглядах.
Досыць крытычная ацэна галоўным аўтарытэтам еўрапейскай «новай правіцы» расійскіх эпігонаў ды імітатараў сведчыць, што, нягледзячы на актыўнае прасоўванне апошнімі сваіх ідэяў (у т. л. нацыянал-бальшавіцкіх ды еўразійскіх) сярод замежнікаў, далёка не ўсе, каму рупіць вызваленне Еўропы ад ліберальнага і мультыкультурнага панавання, спадзяюцца адно на «святло з Усходу».
Маючы на ўвазе усё кагадзе сказанае, а таксама спрадвечную этнакультурную належнасць нашага краю менавіта да еўрапейскай цывілізацыі, можна сцвердзіць, што русізм, панславізм ды мроі пра ўсясветную еўразійскую імперыю — гэта рыхтык тое, што нясе ў сабе беспасярэднюю пагрозу і чаго тут не павінна быць. Балцкае паходжанне беларусаў і паўночная геапалітычная арыентацыя як асноўныя чыннікі апрычонасці нашага народу азначаюць, між усяго, адрынанне вышэй названых катэгорыяў, як процілеглых і варожых нашай ідэнтычнасці. Дарэчы, харвацкі прыхільнік «новай культуры» Таміслаў Суніч (Tomislav Suni?), які на прыкладзе сваёй краіны меў магчымасць бачыць, да чаго прывяла ідэя прымусовага «славянскага адзінства» (у паўднёваславянскай версіі), у сваім часе справядліва зацямляў, што фактычна «ўсе формы панславізму, якія калі-кольвек з’яўляліся на свет, заўсёды аказваліся найгоршымі ворагамі перадусім самых славянаў. < ...> Славянскі месіянізм у шмат якіх сваіх гістарычных аспектах супадаў з месіянізмам амерыканскіх пурытанаў».
Да таго часу, пакуль Расія не пазбавіцца свайго месіянскага афекту (што амаль немагчыма ў агляднай будучыні дзеля яго фактычнай тоеснасці з нацыянальнаю сведамасцю бальшыні расійцаў), яна будзе асноўнай крыніцай небяспекі для самабытнага існавання ўсходнееўрапейскіх этнасаў. Амаль усе існыя ды тэарэтычныя шляхі развіцця расійскай дзяржаўнасці не здатныя забяспечыць належную культурную аўтаномію і апрычонасць этнічных супольнасцяў, якія яна ўжо ўлучае і намагаецца ахапіць яшчэ. Мы можам назіраць гэта і на прыкладзе алігархічна-ліберальнай Расіі, якая, выкарыстоўваючы антытэрарыстычную гістэрыю, салідарызавалася з Амерыкай ды атрымала індульгенцыю на вядзенне каланіяльнай вайны ў Чачэніі, а таксама крывадушна разыгрывае карту «правоў чалавека» супраць аўтахтонных народаў (у Латвіі, Эстоніі, Малдове), дзеючы праз расійскамоўную (нацыянальна стракатую) меншыню. Для Беларусі менавіта Расія была і застаецца «Вялікім Шайтанам», бо і цяпер найперш праз яе транслююцца як «творча пераасэнсаваныя» амерыканскія кшталты мас-культуры, меркантылізму ды ідэалогіі спажывецтва, гэтак і чужынскі нацыяналізм, які поруч з мясцовай звыродніцкай саманянавісцю, узніклай ад працяглага насаджэння расійскасці і савецкасці, знішчае нацыянальную мову, культуру, традыцыі ды робіць немагчымым існаванне іх носьбітаў і абаронцаў. Няма сумневу, што і ва ўяўнай расійска-еўразійскай імперыі, угрунтаванай на кульце барбарства, бальшавізму, мегаламаніі, азіяцка-еўрапейскай гібрыдызацыі ды фальшывага славянскага народніцтва асіміляцыя і вынішчэнне культураў карэнных народаў будзе адбывацца не ў менш агрэсіўнай і нахабнай форме.
Праектаванне якіх-кольвек геапалітычных камбінацыяў (накшталт транскантынентальнай восі Парыж — Берлін — Масква) у піку амерыканскай гегемоніі вымагае выключнай асцярожнасці і пільнасці дзеля таго, каб унікнуць спакусы падзелу Еўропы на сферы ўплыву, дзе, да прыкладу, Расія магла б прэтэндаваць на колішнія «страчаныя абшары». Недальнабачнае дапушчэнне або патуранне гэтаму немінуча ўзмоцніць нацыяналістычныя і, магчыма, «антыеўрапейскія» (калі флагманы еўрапейскай палітыкі — Нямеччына і Францыя такі падзел ухваляць) настроі ў краінах, якім будзе прызначаная роля расійскіх васалаў, чым пэўна паспрабуюць скарыстацца ЗША для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ды супрацьдзеяння ўзмацненню адзінай Еўропы. Курс на адраджэнне Еўропы народаў і рэгіёнаў прымушае звярнуць увагу на праблему шматвяковага этнацыду, асіміляцыі і дыскрымінацыі аўтахтонных этнасаў у Расіі (прыкладам, смаленскіх і бранскіх беларусаў, кубанскіх украінцаў, вепсаў, карэлаў, мардвы ды інш.). Мабыць, і расійскім дзеячам варта ўсё ж вызначыцца са сваёю ідэнтычнасцю ды зрабіць нармальны, а не хімерычны выбар: альбо Еўропа, альбо Азія10. Tertium non datur.
СУПРАЦЬ НОВАЙ ІНКВІЗІЦЫІ
Бескампрамісная ацэна прадстаўнікамі еўрапейскай «новай правіцы» самых асноваў сучаснага свету, выяўленне прычынаў яго глыбокага крызісу і заняпаду, зрабіла з іх ідэяў нешта накшталт «філасофіі непрыемных ісцін» для тых, каго гэты свет і тэндэнцыі яго развіцця цалкам здавальняюць. Неўзабаве па афіцыйным з’яўленні «новых правых» у Францыі іх спрабавалі маргіналізаваць — у лепшым разе, а ў горшым — дыскрэдытаваць рух як чарговую «фашыстоўскую рэінкарнацыю». Пасля няўдалай спробы замоўчваць новую плынь думання, яе няпрыяцелі абралі тактыку астракізму. Меркаванні «новых правых» часта прадстаўляліся ў вельмі дэфармаваным, карыкатурным выглядзе, адмаўлялася нават сама магчымасць дэбатаў і дыялогу на падставе нібыта іх адыёзнага характару, «дурной» рэпутацыі, стварэннем якой заняліся самі аўтары безапеляцыйнай крытыкі. Апрача гэткай дыскрэдытацыі ставілася мэта ўзбуджэння нянавісці і нецярпімасці, што мела засцерагчы публіку ад чытання твораў «новай культуры», спасылання на іх ды абмеркавання (параўн. метады лукашэнкаўскай прапаганды, скіраваныя супраць «свядомых спадароў», «нацыяналістаў» ды іншых «ворагаў народу»). Паказальнае ў гэтым сэнсе выказванне, якое дазволіў сабе ў дачыненні да «новых правых» галоўны рэдактар сацыял-дэмакратычнага штотыднёвіка «Le Matin»: «Любыя дэбаты павінны выключаць людзей і ідэі, чыё выяўленне нават не павінна існаваць у дэмакратычным грамадстве». Прыкра, але ў імя абароны дэмакратыі ад «правага рэваншу» многія die-hard «дэмакраты» гатовыя адмовіць сваім апаненатам у фундаментальным дэмакратычным праве — праве на свабоду слова. Вось як рэагуе на гэта А. дэ Бенуа: «Калі верыць некаторым людзям, свабода слова абмяжоўваецца адно талерантнымі выказваннямі. Але насамрэч тут яна толькі пачынаецца; прынамсі так заўсёды вызначалі свабоду тыя, хто змагаўся за яе перамогу. Свабода слова не мела б ніякага значэння, калі б ёю маглі карыстацца, каб пашыраць адно гэткія думкі, якія кожны вызнаваў бы за слушныя і разумныя. Бо яна — першая перадумова вольнага развіцця ідэяў і, разам з тым, існавання дэмакратычнай дыскусіі».
«Новую правіцу» найчасцей вінавацяць у расізме, ксенафобіі і фашызме, маўляў, гэта ўсяго толькі больш мудрагелісты адменнік ультраправай ідэалогіі. Між тым, усё далёка не так проста і адназначна. Бясспрэчна, расавая (і, шырэй, біялагічная) праблематыка карыстаецца пэўнаю ўвагаю «новых правых», але іх погляды ніяк нельга назваць расісцкімі. Па-першае, расізм не можа быць акрэслены як наданне перавагі эндагаміі (яўрэйскі народ, прыкладам, не ў апошнюю чаргу забавязаны сваім выжываннем забароне мяшаных шлюбаў)11. Па-другое, расізм — гэта тэорыя, якая цвердзіць, што паміж расамі існуе герархія з падзелам расаў на «вышэйшыя» і «ніжэйшыя», што вартасці індывіда цалкам выводзяцца з яго расавага паходжання і што нібыта раса канстытуюе цэнтральны факт чалавечай гісторыі. Паводле «новай культуры», усе гэтыя цверджанні хібныя. Расізм не хвароба розуму, народжаная «дасучаснымі» прымхамі ды забабонамі. Гэтая абмыльная дактрына — гістарычна датаваная, і паходзіць яна з навуковага пазітывізму, згодна з якім можна «навукова» вымяраць з абсалютнаю дакладнасцю чалавечыя грамадствы, і з сацыяльнага эвалюцыянізму, які намагаецца апісваць гісторыю чалавецтва як унітарны працэс, падзелены на «стадыі», што адпавядаюць розным этапам «прагрэсу» (быццам некаторыя народы былі больш «прагрэсіўныя», больш «развітыя» як іншыя).
Насуперак расізму існуюць універсальны антырасізм і дыферэнцыяваны антырасізм. Першы прыходзіць да тых сама высноваў, што і адрынаны расізм. Яны маюць алергію ў дачыненні да адрозненняў, універсальны антырасізм не прызнае іх, а замест таго культывуе адно супольную належнасць да цэлага віду ды намагаецца разглядаць спецыфічныя адрозненні як пераходныя або другарадныя. Зводзячы іншае да аднолькавага праз асіміляцыйную перспектыву, універсальны антырасізм паводле вызначэння не здатны прызнаваць і шанаваць інакшасць за тое, чым яна ёсць. Дыферэнцыяваны антырасізм «новых правых» сыходзіць з таго, што шматстайнасць чалавечых відаў складае праўдзівае багацце. Ён намагаецца надаць станоўчае значэнне «ўніверсальнаму» не насуперак адрозненням, але грунтуючыся на іх. А. дэ Бенуа цвердзіць: «Я веру, што гэтая разнастайнасць ёсць скарбонкаю свету і што эгалітарызм знішчае яе. Дзеля гэтага важна не проста шанаваць іншых, але паўсюль жывіць найбольш законнае жаданне, якое толькі можа быць, — жаданне сцвярджаць індывідуальнасць, непадобную ні да чаго іншага, бараніць спадчыну, кіравацца тым, кім ты ёсць. І з гэтага вынікае франтальнае разыходжанне як з псеўдаантырасізмам, які адмаўляе адрозненні, гэтак і з небяспечным расізмам, які ёсць не больш як адмаўленнем Іншага, адмаўленнем разнастайнасці». Для «новых правых» змаганне з расізмам не зводзіцца да адмаўлення расаў і імкнення распусціць іх у недыферэнцыяванай масе. Наадварот, змаганне з расізмам мае на ўвазе скасаванне і расавай выключнасці, і асіміляцыі: ні апартэід, ні плавільны тыгль.
У «новых правых» няма варожасці да іншых — замежнікаў ды чужынцаў як такіх. На запыт, чаму трэба спыніць іміграцыю, А. дэ Бенуа адказвае: «Бо на гэты момант адсутнічае якасная іміграцыя, заснаваная на дакладных правілах і стратэгіі аб’яднання. Бо натоўпы імігрантаў не ўзбагацілі ні сябе, ні нашай дзяржавы. «Дзікая» іміграцыя сваёй злачыннасцю прынесла дзяржавам толькі адны праблемы ды гіганцкія цяжкасці. І вынік гэтага — страта культурнай ідэнтычнасці, як іхнай, гэтак і нашай». Праз свой шпаркі рост і масавыя маштабы іміграцыя, якую мы назіраем сёння ў Еўропе, — бясспрэчна адмоўная з’ява. Яна існуе галоўным чынам як кшталт прымусовага выкаранення, прычына якога перадусім эканамічная — спантанныя або арганізаваныя рухі з бедных і перанаселеных краёў у багатыя краіны, якія знаходзяцца ў дэмаграфічным крызісе. Ёсць таксама і сімвалічная прычына — прывабнасць заходняй цывілізацыі, якая ўзялася за вынішчэнне традыцыйных культур на карысць спажывецкага ладу жыцця. «Новыя правыя» ўскладаюць адказнасць (і ў гэтым іх важнае адрозненне ад нацыяналістаў накшталт «Нацыянальнага фронту» Жана-Мары Лё Пэна) у першую чаргу не на імігрантаў, а на індустрыяльнае ліберальна-дэмакратычнае гаспадарства, якое звяло чалавека да роўню пазбаўленага месца тавару, сістэму, якая «ўвезла імігрантаў і не адсылае іх назад». Іміграцыя не жаданая ні для прыхадняў, якія вымушаныя пакідаць родныя краіны дзеля іншых, дзе яны прыймаюцца як дублёры працоўнай сілы, ні для тутэйшых жыхароў, якія супраць сваёй волі сутыкаюцца з брутальнымі зменамі ў сваім чалавечым і гарадскім атачэнні. Якабінская дзяржава-нацыя змагла толькі прапанаваць мадэль паглынання і асіміляцыі чужынцаў у абстрактным грамадзянстве, якое не прызнае калектыўных ідэнтычнасцяў і культурных адрозненняў (менавіта таму А. дэ Бенуа выступіў супраць забароны французскім урадам мусульманскім жанчынам насіць галаўныя хусткі ў навучальных установах). «Новыя правыя» выступаюць за супрацу з імігрантамі праз раздзяленне грамадзянства і нацыянальнасці12.
Падозранне ў фашызме грунтуецца на павярхоўным знаёмстве з ідэямі Nouvelle Droite. Паводле чорна-белай логікі, што ўжываецца ў дачыненні да іх, фашыстам можна было б назваць і амерыканскага прэзідэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі, які аднойчы сказаў: «Не пытайцеся, што для вас можа зрабіць дзяржава, пацікаўцеся, што я магу зрабіць для дзяржавы». Разуменне дзяржавы «новымі правымі» вельмі блізкае да разумення яе генералам Шарлем дэ Голем, вінаваціць якога ў фашызме — нонсэнс. Галісцкая палітычная філасофія вызначае дзяржаву як тое, без чаго немагчыма ўсталяваць ні парадак, ні справядлівасць, немагчыма забяспечыць ні вонкавую бяспеку, ні ўнутраную салідарнасць. Дзяржава — найважнейшы інструмент палітыкі, які мацуе стабільнасць, яна павінна аддаваць загады ў імя радзімы і можа нават патрабаваць чалавечых ахвяраў; дзяржава знаходзіць сваё найвышэйшае апраўданне ў тым, што выконвае ролю вартаўніка, ахоўніка, назіральніка, але таксама і рашучага абаронцы інтарэсаў асобнага індывіда. Пры гэтым адно моцная дзяржава дае індывіду магчымасць пачувацца свабодным. Грамадства і дзяржава маюць права, маюць права народ і нацыя. Чалавек не можа адмаўляць дзяржаву, не адмаўляючы пры гэтым самога сябе і сваіх правоў. Калі гаспадарства не здатнае забяспечваць свае функцыі, калі яно несправядлівае, антынацыянальнае і таталітарнае — у гэтым вінаватая не дзяржаўная арганізацыя, а канкрэтныя ўлады і кіраўнікі, якія, прыкрываючыся супольнымі інтарэсамі, з дапамогаю дзяржавы забяспечваюць свае інтарэсы або навязваюць іх у якасці абавязковай ідэалогіі. Задача палітычнага змагання — у абароне дзяржаўнай улады ад дэмагогаў і авантурыстаў, што імкнуцца ёю завалодаць. Аўтаматычнае атаесамленне ўсіх, хто жадае бачыць моцную і аўтарытэтную дзяржаву, а таксама этнакультурную ідэнтычнасць замест бязмежнага вольнага рынку, «парадку» транснацыянальных карпарацыяў і «шэрага» натоўпу, дзе ўсе (белыя, чорныя, жоўтыя) перамяшаныя, з паслядоўнікамі Адольфа Гітлера і Беніта Мусаліні надта катэгарычнае, старонняе і беспадстаўнае.
Паводле ўласнага прызнання, А. дэ Бенуа за ўвесь перыяд сваёй інтэлектуальнай актыўнасці напісаў шмат артыкулаў і кніг супраць амаль усіх ідэяў, гістарычна звязаных з фашызмам і нацызмам: расізму, антысемітызму, F?hrerprinzip, таталітарызму, імперыялізму, каланіялізму ды г. д. Цалкам некарэктныя паралелі і паміж палітычнам політэізмам «новых правых» ды Трэцім Райхам, дзе, нібыта, як цвердзяць некаторыя хрысціянскія дэмакраты, назіраўся «рэнесанс» паганства. А. дэ Бенуа ўважае, што нацыянал-сацыялістычная рэвалюцыя 1933 г. была своеасаблівым эквівалентам французскай рэвалюцыі 1789 г. і расійскай рэвалюцыі 1917 г. — «усе гэтыя тры рэвалюцыі, нягледзячы на бясспрэчнае адрозненне іх дактрынаў, маюць гэткія характэрныя рысы, як стварэнне аднапартыйнай сістэмы, дыктатура ў імя грамадскага выратавання, цэнтралізацыя, мабілізацыя масаў, злоўжыванне тэрорам, упэўненасць у пачатку «новай эры», імкненне стварыць «новае чалавецтва» ды г. д. У сваёй практыцы нацызм быў карычневым якабінствам гэтаксама, як бальшавізм быў якабінствам чырвоным. Яго лозунг «Адно Гаспадарства, Адзін Народ, Адзін Правадыр», які падкрэслівае адзінкавасць, выразна адлюстроўвае палітычны «монатэізм»». Ведама, пры жаданні скампраметаваць нейкую з’яву досыць «знайсці» яе адыёзных ідэйных папярэднікаў (тых жа нацыянал-сацыялістаў), але наяўнасць у сям’і аднаго дэвіянта не павінна ставіць крыж на ўсёй дынастыі13.
Супраць курсу «новых правых» не аднойчы праводзіліся сур’ёзныя медыя-кампаніі запалохвання. 13 ліпеня 1993 г. газета «Le Mond» надрукавала «Заклік да пільнасці» («Appel a la vigilance») — адкрыты ліст сарака французскіх і еўрапейскіх дзеячоў (у т. л. У. Эка, Ж. Дэрыда, П. Бурд’е), якія заклікалі Еўропу «ўважліва сачыць за ўсімі дзеяннямі ўльтрапаравых». Падпісанты гэтаксама абавязаліся не браць удзелу ў выданнях, сустрэчах, радыё- і тэлеперадачах, кіраваных ці ладжаных людзьмі, звязанымі са «скрайне правымі». «Заклік да пільнасці» быў скіраваны збольшага супраць Nouvelle Droite / Nouvelle Culture. Склалася, як гэта каментавалі «новыя правыя», парадаксальная сітуацыя: колішнія радыкальныя тэарэтыкі, нонканфармісты, творцы падрыўных тэкстаў фактычна сталі на абарону ліберальна-буржуазнага грамадства і глабальнага капіталізму, на абарону спажывецкага і тэхнакратычнага МакГлобуса, фатальнай гамагенізацыі свету ды стварэння будучага «планетарнага супермаркету».
Кампанія дэфамацыі, арганізаваная супраць «новых правых», не здолела прынізіць іх ролі і дасягненняў ды пазбавіць патэнцыйных прыхільнікаў. Стыль «новай культуры» — стрыманасць, прыстойнасць, саліднасць, грунтоўнасць — вабіць многіх прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты. Сярод сотняў выбітных адмыслоўцаў, навукоўцаў, дзеячоў і людзей мастацтва з еўрапейскіх і амерыканскіх краінаў, якія супрацоўнічалі з «GRECE», можна прыгадаць хаця б лаўрэата Нобелеўскай прэміі К. Лорэнца, археолагаў М. Гімбутас (Гімбуцене), Л. Кільяна, гісторыкаў рэлігіі М. Эліядэ, Э. Паламэ, гісторыкаў П. Шаню, Ф. Дурана, Ф. Альтгайма, лінгвістаў Ж. Адры, Г. Гіпера, антраполагаў К. Куна і Б. Лундмана, генетыкаў С. Дарлінгтана, Ё. Гафмаера, Д. Райфа, псіхолагаў П. Дэбрэ-Рытцэна, Г. Айзэнэка, медыкаў К. Барнарда, Ж. Цванга, пісьменнікаў М. Друона, М. Брадэша, А. Кёстлера, Э. Ёнэску, палітыкаў М. Панятоўскага, У. Босі ды інш.
На паклёпы ды спробы абмежаваць свабоду слова ў Францыі, А. дэ Бенуа ад імя «новых правых» адказвае: «У нашай краіне, як і ў некаторых іншых, існуе група інтэлектуалаў, дастаткова мужных для аб’яднанай ініцыятывы супраць новай інквізіцыі; пакуль мы жывём — мы будзем працягваць гаварыць. І пакуль мы жывём — мы будзем і надалей гаварыць адрозныя ад іншых словы ды бараніць прывілеі крытычнага мыслення. Нарэшце, пакуль мы жывём — мы працягнем браць удзел у рабоце думкі. У момант, калі канфармізм знаходзіцца ў сваім апагеі, ідзецца пра тое, каб апеляваць да задзіночання вольных душаў і нескароных сэрцаў».
ЭПІЛОГ
«Новыя правыя» згенеравалі і назапасілі вялікі масіў веды, які, няма сумневу, рана або позна будзе запатрабаваны грамадствам. Значнасць «новай культуры» выяўляецца не толькі ў тым, што яна стала з’яваю пан’еўрапейскага маштабу — апроч радзімы, Францыі, яе моцныя асяродкі існуюць у Нямеччыне, Італіі, Бельгіі, Гішпаніі, Аўстрыі, Англіі, Партугаліі, Грэцыі (адбылося пранікненне яе ідэяў і ў краіны колішняга сацыялістычнага лагеру: Харватыю, Вугоршчыну, Румынію, Польшчу, Літву, Латвію, Украіну), — але таксама ў тым, што бадай упершыню ў найноўшай гісторыі з’явіўся рух, які вядзе няспынную грунтоўную і прынцыповую работу дзеля адраджэння і задзіночання Еўропы. Адзінай Еўропы разнастайных карэнных этнасаў, самабытнай, суверэннай, звязанай са сваймі культурнымі асновамі і даўняй спадчынай. Ужо сам гэты чын, вынікам якога ёсць многія бліскучыя ідэі і праекты, агучаныя дзеячамі «новай правіцы», уражвае і выклікае павагу. Пакуль яшчэ вельмі далёка да ўжыццяўлення ўсіх гэтых ідэяў, а таму работа, як і належыць кожнай годнай справе, будзе працягвацца. Гледзячы з перспектывы пройдзенага шляху, А. дэ Бенуа нядаўна падсумаваў: «Нашай задачай было пераладаванне ідэяў і канцэпцыяў праз энцыклапедычны працэс, стварэнне структураванага дыскурсу ў кожнай галіне думання і веды. Я не магу сказаць, што мэта ўжо дасягнутая. Прайшло трыццаць гадоў — работа працягваецца».
Погляды «новых правых» — далёка не ўніверсальны збор гатовых рэцэптаў. У кожнай еўрапейскай краіны свая спецыфіка і адметнасці, мае іх, бясспрэчна, і Беларусь. У нашай краіне, якая, відаць, зноў неўзабаве апынецца ў стане interregnum, ідэі «новай правіцы» могуць паслужыць пэўным арыенцірам усім тым, хто хоча яе аўтэнтычнага існавання і развіцця. Аднак па-за ўсёй спецыфікай, разам з супольнымі этнакультурнымі каранямі ёсць нешта, што лучыць усе еўрапейскія народы ў наш час, які сапраўды нагадвае кульмінацыю «жалезнага веку». Вельмі добра сказаў з гэтай нагоды Валянцін Акудовіч: «Беларусь сёння — гэта Францыя заўтра. Калi культура як цэлае перастае быць падставовым апiрышчам быцця, то ўсiх нас чакае аднолькавы лёс. I, магчыма, адзiнае, што нас неўзабаве будзе адрознiваць адзiн ад аднаго, — гэта колькасць волi да супрацiву сітуацыi Нiдзе i Нiхто». Францыя мае людзей, якія гэтаму супрацьстаяць. Ці ёсць гэткія ў Беларусі?..
1 Сучасныя беларуская філасофія, паліталогія і культуралогія еўрапейскай «новай правіцай» амаль не цікавяцца. Некалькі спроб апісаць «новых правых» у тутэйшым друку падобныя скарэй на кур’ёз як на сур’ёзны аналіз. Сціслы і больш-менш кампетэнтны выклад ідэяў «новай культуры» гл.: Ліпскі В. У Эўропу — направа! // Наша Ніва. 1999. 15 сакавіка.
2 «GRECE» была заснаваная 17 траўня 1968 г. у Ліёне ды зарэгістраваная ў прэфектуры Альп-Марытым 17 студзеня 1969 г. Першы нумар часопісу «Nouvelle Ecole» датаваны сакавіком 1968 г. З 1974 г. група дзейнічае ў Парыжы.
3 Ражэ Гарадзі (Roger Garaudy) — колішні галоўны ідэолаг Французскай камуністычнай партыі, які прайшоў складаную ідэйную эвалюцыю. Актыўна супрацоўнічаў з «GRECE», на нацыянальным калёквіюме гэтай арганізацыі ў 1995 г. прагучала ягонае спавешчанне «Супраць монатэізму рынку».
4 Пра тэрмін «тэсматычная культура» як больш дакладную замену паняцця «традыцыйная культура гл.: Санько С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. Мн., 1998).
5 Мерытакратыя (лац. meritus ‘годны’, гр. kratos ‘улада’) — улада найбольш адораных, здольных, кампетэнтных.
6 Сярод адносна вялікіх аўтахтонных этнасаў Еўропы да індаеўрапейскай моўнай сям’і не належаць баскі, вугорцы, фіны і эстонцы. Апошнія тры — фінска-вугорскія народы, культурна і антрапалагічна вельмі блізкія да сваіх індаеўрапейскамоўных суседзяў.
7 Параўн. словы праваслаўнага А. Дугіна — «Расійскі народ адназначна належыць да ліку месіянскіх народаў. І як кожны месіянскі народ, ён мае ўніверсальнае ўсечалавечае значэнне, якое канкуруе не толькі з іншымі нацыянальнымі ідэямі, але і з тыпамі іншых формаў цывілізацыйнага ўніверсалізму. < ...> Экспансіянізм складае неад’емную частку гістарычнага быцця расійцаў і шчыльна звязаны з якасцю яго цывілізацыйнай місіі. Гэтая місія нясе ў сабе нейкі «агульны назоўнік», які дазваляе расійцам інтэграваць у сваю Імперыю самыя розныя культурныя рэальнасці. Гаворка ідзе < …> пра сцвярджэнне адмысловага «расійскага» тыпу светагляду, які акцэнтаваны эсхаталагічна і прэтэндуе на апошняе слова ў зямной гісторыі. Гэта — найвышэйшая звышзадача нацыі як «баганоснага народу»» — з развагамі аднаго з найбольш уплывовых лідэраў расійскіх неапаганцаў-славянафілаў Вадзіма Казакова: «Украінцам і беларусам імперская ідэя чужая. Гэтыя народы ніколі не былі носьбітамі імперскага духу. < …> Або яны разам з Расіяй, або, адмовіўшыся ад Расіі, яны неўзабаве распусцяцца сярод суседзяў. Тое ж можна сказаць і пра іншых славянаў. Расійцы выраслі з усведамленнем сваёй велічы < …>, менавіта таму 1/6 частка сушы называецца Расіяй. Гэта не «шавінізм», гэта рэальнае бачанне гісторыі». Расійскі «паганец» В. Казакоў перакананы: «Адна Радзіма, адна кроў, адна мова, адна вера! Вось што нам трэба!»
8 З іншага боку стаіць П. Тулаеў, які мроіць пра ўлучэнне тутэйшага люду ў «новую Русь» на падставе ўяўных «агульнаславянскіх родавых каранёў». Гэты дзяяч дагаварыўся да таго, што немцы нібы напалову складаюцца з нашчадкаў заходніх славянаў, забываючыся пры гэтым, што самі «заходнія славяне» утварыліся зладнага на германска-балцкім субстраце.
9 Кажучы аб’ектыўна, гэтае выданне досыць эклектычнае з канцэптуальна-эстэтычнага гледзішча. Яго тэкстам уласцівыя квазі- ды паранавуковы пафас, псеўдатрадыцыйная кічовая славянска-расійская стылістыка; пазычаныя ў еўрапейскіх «новых правых» ідэі падаюцца ў вульгарызаваным выглядзе.
10 Параўн. пазіцыю Аляксея Шырапаева — аднаго з расійскіх патрыётаў, які ставіць у сваёй кнізе «Турма народу» нетыповае для тамтэйшых нацыяналістаў, але, на наш погляд, слушнае пытанне: «Расійцам прыспеў час задумацца: што нам заўсёды было карысней — бяскрайняя, адчужаная ад нас вампірычная дзяржава або кампактнае (максімум да Уралу) нармальнае еўрапейскае гаспадарства?..»
11 Параўн. словы аднаго з актывістаў цыганскай грамады Беларусі Мікалая Калініна: «Калі мы будзем адкрытымі, мы не зможам сябе захаваць як этнас, як народ. Таму ў нас вельмі мала міжнацыянальных шлюбаў. Яны ніколі сярод нас не віталіся і не будуць вітацца. Мы маем захаваць сябе як народ. Гэта закон прыроды».
12 Г. Фай мае радыкальнейшае стаўленне да праблемы. У некаторых сваіх кнігах ён разглядае праблему мусульманскай прысутнасці ў Еўропе як трэці ў гісторыі наступ ісламу. Кажучы пра планамерную і мэтанакіраваную каланізацыю Еўропы дзеля ператварэння яе ў «ісламскі халіфат», Г. Фай спасылаецца на меркаванні лідэраў мусульманскіх грамадаў. Гэта аднак не перашкодзіла французскім уладам пачаць судовы працэс супраць яго за распальванне «расавай нянавісці». Суд прысудзіў выдаўца кніг Г. Фая ды яго самога да выплаты штрафу ў памеры 50 тыс. франкаў, праігнараваўшы сведкаў адказніка — афрыканцаў і арабаў, якія пацвердзілі, што ў Фаевай кнізе «Каланізацыя Еўропы» не адлюстраваная і палова праўдзівай сітуацыі. У якасці прыкладу абсурду заходняй «палітычнай карэктнасці» параўн. выпадак, апісаны Уладзімерам Арловым, які ў Англіі, дэманструючы тамтэйшым экспертам у праблемах Усходняй Еўропы відэа з менскіх вулічных акцыяў апазіцыі, сутыкнуўся з падозраннем, нібы ў мітынгах і дэманстрацыях магло быць нешта расісцкае, бо сярод удзельнікаў не было ніводнага цёмнага твару.
13 Параўн. сітуацыю з гaненнем беларускіх нацыянальных сімвалаў: бела-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня», а заадно і іх прыхільнікаў на падставе таго, што, маўляў, у часе Другой усясветнай вайны гэтыя сімвалы выкарыстоўвалі «гітлераўскія паслугачы».
джерело: тэкст з першага нумара альманаху «DRUVIS» Цэнтру этнакасмалогіі «Крыўя»
спец. for «Бриколяж web-log»