Сяржук Злодзей
- Лявоне! Хадзі сюды! Паслухай, як чалавек «разгаварывает на рускім языку»! - прагаласіў у цемру Цімоха.
«Вот колхозаны!»-падумаў Ягор.
Падышоў, пазяхаючы, шчуплы патлаты юнак у акулярах; на ім была «касуха», - ад чаго Ягору адразу ж прыпомнілася даўнішняя пагарда да носьбітаў «гэтае субкультуры».
- Ну што такое?
- На, паразмаўляй зь ім, зрабі справу!
«Неформал» спытаў імя-прозьвішча, век, сацыяльнае становішча.Яшчэ адзін хлопец, стрыжаны «пад нуль», у камуфляжнай камізэльцы на голае цела, занатоўваў пасьля перакладчыка.
- У лесе цяпер хавацца - адно-ткі інсэктаў карміць, - скончыў перакладаць Лявон. Ён зьняў акуляры, выцер іх вышыванаю насоўкаю («Лявону ад Насьцёны»), апрануў, потым паўтарыў дзеяньне.Вогнішча дагарала, і камары ўжо нахабнічалі.Хлопцы, змораныя за дзень, засумавалі.Нарэшце, галоўны сказаў:
- Перакладзі, што спаць ён будзе тут, ля вогнішча.Хай сабе не хвалюецца - варта ў нас ня дрэмле, блёкпасты празь дзьвесьце мэтрў.Гэта я так, на ўсялякі непрадбачны, хто ведае.Жаўнер!Выдай палоннаму... э-э... госьцю спальнік!
- Слухаю, пане паручнік! - адказаў нехта і зьбег.
- Батальён!Адбой!-ужо праз колькі хвілін крыкнуў афіцэр.
І яшчэ праз хвілю, спазьніўшыся, музычны сыгнал падцьвердзіў загад.
Перад галоўным намётам засталіся тры-чатыры вартавыя, перакладчык ды Ягор.Тут Лявон выняў зь кішэні «карабель»; запаліўшы і ўцягнуўшы пару разоў гэты чікавы блакітны дым, ён працягнуў цыгарэту Ягору, адзінаму, зь кім ён тут мог падзяліцца кайфам.А той зь непрывычкі закашляўся.Адышло.Лявон забраў недакурак. «Дабіўшы касяк», ён па-братэрску пляснуў чужынца ў плячо і, глянуўшы ў жнівеньскае неба, уздыхнуў ды прамовіў:
- Значит, даём тебе три дня сроку: выучишь беларускую мову - будешь нашим дружбаном, а если нет - жопу проставишь!Всем!
Ягор ня ведаў, як адрэагаваць.
Вусны Лявона ня слухаліся больш, душыла ўсьмешка.Ён зьдзівіўся, чаму вартавыя, каторыя ўсё чулі, маўчаць як слупы, але тутака хвоі ператварыліся ў хмарачосы, і Лявон пайшоў адтуль, як ён вырашыў для сябе - у падземны пераход.
Ранкам Ягор абудзіўся ад камандаў: «Прыступіць да праверкі!Зважай!» Лежачы ў спальніку проста на зямлі, ён убачыў неўздалёк шыхт жаўнераў.Тыя стаялі, усе ў камуфляжы, у чорных бэрэтах.Усяго чалавек пад 50.
Па абедзе, учасе якога Ягор ужо засвоіў нават «Смачна есьці», ён быў адвезены на джыпе ў паселішча.
- Правільна, рабяты! - сказала настаўніца, - Мядзьведзяня!
І ад незразумелай для здаровага сэнсу асацыяцыі, каторая ўзьнікла, дзеці ня проста засьмяяліся, але зарагаталі.
- Warum lacht ihr?1- спытаў тоўсты Фрыдрых, доктар зь «Урачоў бязь межаў».Ён выйшаў, каб паназіраць за ўрокам вясковай школы, зладжаным у той дзень на дварэ.
- Darum!2 - адказаў яму самы ўвішны хлапчук (на ім былі «цудачаравікі», што за перамогу ў нейкім спаборніцтве падараваў малому вайсковец, каторы знайшоў у лесе Ягора).І кляса йзноў узарвалася рогатам: «Тоўсты, сьмешны дзядзька немец!»
- Ну досыць ужо!Грышка, кампутар глядзі не звалі!
Па-вясковаму прыгожая, маладая настаўніца спрабавала ўсталяваць дысыпліну, але «бабіна лета» , відаць, узьдзейнічала, што ўсе мэтадычныя прынцыпы забыліся й упарта супраціўляліся аднаўленьню ў памяці, хоць калісьці былі завучаныя як мае быць.
На тле ўсяго гэтага толькі адзін Ягор не сьмяяўся.Ён не адчуваў сябе ўжо больш, як загнаны сярод гэтых малалетак зьвер, але ўсё ж нэрвова-напружана ён корпаўся ў падручніку «Лемантар».Здавалася, на першы погляд блізкая, але такая адрозная, часам зусім недаступная разуменьню, Мова ўсё мацней і глыбей захапляла Ягора, уцягваючы, як дрыгва ўстарыну - калгасны трактар, загнаны п'янтосам-вадзілам у балота, што помсьціла за «мэліярацыю».
...Засваеньне мовы, вядома, зьяўляецца неабходным варункам натуралізацыі.У шырокім разуменьні - натуралізацыя разглядаецца як дабраахвотнае ўступленьне індывіда ў чужое грамадзтва.Але на адмысловы загад Канцлера Рэспублікі, ва ўмовах вядзеньня вызвольнай вайны на этнічна-прыналежных тэрыторыях, распрацоўваліся праграмы прымусовай натуралізацыі насельніцтва калісьці забранага краю.У псыхалягічных лябараторыях распрацоўваліся мэтодыкі запапегу мажлівых мець мейсца нэгатыўных наступстваў...
Ягор ня памятаў ужо дурнога жарту, прамоўленага калісь у першы вечар перакладчыкам Лявонам, абкураным былым няўдалым фанатам аднаго - сьветлай памяці чальцоў - рок-гурта зь Імпэрыі, што ляснулася ўнеспадзеў для абывацеляў, якія чэрпалі былі духовае моцы ў ейнай, Імпэрыі, інфармацыйнай прасторы...Але трэба ж усім нейк жыць далей!Адаптаваны, Ягор мусіў прайсьці цяпер сымбалічны абрд ініцыяцыі : у прысутнасьці двух сьведкаў пасадзіць пладовае дрэва на пустым мейсцы.
Сьведкі былі знойдзеныя, і дзень прызначаны - субота.
Майстар меў права апрацоўваць зямлю.Таму яшчэ ён пагадзіўся быць сьведкам, бо хацеў зарабіць.За выкопваньне ямы для дрэўца ён запатрабавў цэлых пяць талераў.
Для хутчэйшага сканчэньня працы Майстар нават прыдумаў сабе «матыў» : ён уявіў, што пад пластам грунту ляжыць шчанятка, якое яшчэ можна выратаваць.І прымаўку, як ён меркаваў, успомніў дарэчы :
- Дык вось дзе сабачка наш закапаны!
Потым, узрадаваны, ён усадзіў рыдлёўку ў глебу.У правую руку ён узяў пляшку, зь якой стаў наліваць у дзіцячы плястмасавы кубак.Ён быў усхваляваны цяпер, і рукі яго калаціліся, таму частка сьмярдзючае вадкасьці пралілася.Нязгубленую ён уліў у сябе, асьцярожненька правёў рукавам фуфайкі па вуснах, нібы з боязі адклеіць вусы. «Як у савецкім кіне,» - падумалася Зосьцы.
Моладзь піць адмовілася.
Ад ксэнафобіі Майстар не мучыўся, нават часам ён зь яе цешыўся.Ягор адчуў недавер з боку гэтага мужыка.Хто параіў прывесьці яго з сабой?Казалі, Майстар, ён у пасёлку ўсё робіць.Актывіст Рабочай Грамады.
І, каб хоць які кантакт усталяваць, Ягор спытаў, што першае да галавы прыйшло :
- Пан калекцыянуе якія-небудзь прадметы масавай вытворчасьці?
- Ну, маркі раней зьбіраў, - абыякава адказаў чалавек у фуфайцы. - А цяпер не выпадае, не вырабляюць.Увялі нейкае еўра, ты тады дзіцёнкам быў.Па мне, дык гэта - грошы для педзікаў!
- Але я не пра тое хацеў у пана дазнацца...
- А хіба ты сьледчы, і я ў цябе на допыце?! - неспадзявана раззлаваўся Майстар. - І які я табе пан?! Паны, яны - там! - паказаў Майстар рукой на захад, дзе ледзь відзён быў беларускі горад Клімавічы.
Ягор тут падумаў, што нечага ён яшчэ не разумее і трэба ў панядзелак запытацца ў настаўніцы.
А Майстраў мысьленчы апарат выдаў : «Хітры ты, кацап, халера!»
Але ад прамовы ўстрымаўся.
Ягор казаў ужо да Зоські :
- Я раней калекцыянаваў... чалавечыя зубы.Збольшага, натуральна, не масавай вытворчасьці.Мой дзядуля ў Саратаве стаматолягам рабіў.Калі пацыент ад выдаленага зуба адмаўляўся, дзядуля мне яго дасылаў.У мяне 254 зубы было : 148 карэнных, 78 разцоў, 28 іклаў.
Ягору нават зрабілася сорамна за былую пыху ўласьніка.
- Фашык твой дзед, а ты - унук фашыка!
Майстар ізноў ня выказаў найбольш рэзкай думкі : «Вы, маскалі, усе - фашыкі !» «Хоць мог і рыдлёўкай трэснуць», - прыйшло пазьней.
Зосьцы стала крыўдна й няёмка.
Колькі хвіляў маўчалі.
Ягор пайшоў на апошні крок :
- Налі, дзядзьку, і мне трахан!
- Кульнеш? - недаверліва-ўзрадавана Майстар палез у рукзак па пляшку.
...Падыходзіў да завяршэньня яшчэ адзін з апошніх гожых восеньскіх дзён.Тры постаці стаялі наўзгорку ля новапасаджанай яблынькі.
А ў панядзелак настаўніца распавяла Ягору пра войны ў 17-м стагоддзі.
(Усялякае падабенства ўласных імёнаў выпадковае)
джерело: www.rightall.org