Мікалай Паўловіч
З лёгкай рукі вялікага Карамзіна школьнікам дэмакратычнай Расіі працягваюць убіваць у галаву манархічную схему расійскай гісторыі. І тым самым адвучваюць дзейнічаць у рэальным жыцці, дзе няма ўжо ні цара, ні генеральнага сакратара, якія ўсё за цябе вырашаць.
Год таму расійскі ўрад раптам ахапіла надзвычайная занепакоенасць станам школьнага выкладання гісторыі. Прэм?ер-міністра Касьянава асабліва абурыла тое, як апісваецца постсавецкая эпоха. Міністэрства адукацыі ўзяло пад казырок і абвясціла конкурс на новы падручнік найноўшай расійскай гісторыі. Нічога добрага з гэтага не выйшла. І не магло выйсці. Таму што гісторыя з канца ? ад сучаснасці назад у глыб вякоў ? пераасэнсоўваецца, але пішацца яна ўсё-такі па парадку: ад найстаражытнейшых часоў да нашых дзён. Нельга прышыць адэкватны і аб?ектыўны канец ? гісторыю Расіі ў XX стагоддзі ? да знявечанага пачатку.
У галіне палітычнай гісторыі, на якую перш за ўсё звярнуў увагу прэм?ер, гэта асабліва цяжка, бо грамадскія сістэмы маюць даволі вялікую інерцыю. І роля палітычнай традыцыі велізарная. Так што гаворку пра школьную гісторыю давядзецца пачынаць ab ovo.
?Гісторыя народу належыць Цару?
Ужо пры абеглым аглядзе падручнікаў, выдадзеных на працягу апошняга дзесяцігоддзя, кідаецца ў вочы іх незвычайнае родавае падабенства. (Далей мы будзем цытаваць толькі тры безумоўна найлепшыя дапаможнікі: Т. В. Чэрнікавай для 6-га і 7-га класаў ды Н. І. Паўленкі і І. Л. Андрэева ? для 10-га, што ўвайшлі ў пералік ?рэкамендаваных? міністэрствам.) Нягледзячы на прыватныя, фрагментарныя ўкрапіны асобных палажэнняў, выпрацаваных пазнейшай навукай, у цэлым усе яны прытрымліваюцца старадаўняй схемы, якую без вялікай нацяжкі можна называць карамзінскай.
Сутнасць яе афарыстычна выказаная ў выніковай ?Запісцы пра старажытную і новую Расію?, складзенай вялікім гістарыёграфам у 1811 годзе: ?Расія заснавалася перамогамі і адзінаўладдзем, гінула ад рознаўладдзя, а ўратавалася мудрым самаўладдзем?. Ці, у менш патэтычных сучасных тэрмінах: без моцнай уладнай вертыкалі Расія асуджаная на пагібель.
Менавіта ?апошні летапісец? Мікалай Міхайлавіч Карамзін падвёў гістарычныя падпоркі пад гэты міф. Ён вылучыў тэзіс пра манархічны характар княскай улады ў Старажытнарускай дзяржаве, ?жалю варты? заняпад якой быццам бы і адбыўся ад аслаблення гэтай улады. І ўсе нашыя школьныя падручнікі дагэтуль убіваюць у дзіцячыя галовы, што ?паводле формы кіравання Старажытнарускую дзяржаву можна аднесці да феадальнай манархіі?, дзе ?найвышэйшая ўлада належала кіеўскаму князю? (Паўленка і Андрэеў). Аднак князі Старажытнай Русі ўпарта не хочуць упісвацца ў гэты пастулат.
У адным толькі сучасным падручніку (цікава, што ў тых самых Паўленкі і Андрэева) удалося знайсці млявае напаўпрызнанне таго несумненнага факту, што ?ўлада кіеўскага князя не была абсалютная. Ён мусіў лічыцца з волевыяўленнем свабоднага вясковага і гарадскога насельніцтва зямлі-воласці, якое збіралася на народны сход ? веча. Веча, не зважаючы на вызначаны парадак спадкавання ўлады, магло паклікаць на княжанне ўпадабанага ім князя; магло адмовіць князю і прымусіць яго пакінуць пасад; магло не падтрымаць таго ці іншага пачынання князя і пабудаваць з ім узаемадачыненні на дамоўных падставах, уклаўшы рад ? дамову?. Іншымі словамі, агульнавядомы эпізод выгнання князя Аляксандра Неўскага ? зусім не ўнікальны прыклад буянства неўтаймоўных наўгародцаў, а паўсюдная і звычайная ў Старажытнай Русі практыка. Неўпадабанага князя, які парушаў умовы раду-дамовы і рабіў замах на гарадскія вольнасці, прасілі вон.
Але расійская школьная гісторыя нават цяпер не можа прызнаць навуковую непераканаўчасць манархіста Карамзіна і ўзяць на ўзбраенне адэкватную тэорыю ўладкавання старажытнарускай палітычнай сістэмы, распрацаваную яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя В. І. Сергяевічам і развітую ўжо ў 80-я гады XX стагоддзя І. Я. Фраянавым і ягонымі вучнямі. Згодна з гэтай тэорыяй, Старажытная Русь не манархія, а хутчэй федэрацыя зямель-воласцей, палітычнае жыццё якіх вызначаецца ўзаемадзеяннем трох цалкам незалежных і аднолькава магутных уладных інстытутаў ? князя, дружыны і веча.
Зразумела ? і гэта прызнаюць сучасныя гісторыкі, ? ?старажытны князь патэнцыйна валодаў манархічнымі якасцямі і ўласцівасцямі. Але для таго, каб яны праявіліся і запанавалі, былі неабходныя іншыя сацыяльныя і палітычныя ўмовы. Гэтыя ўмовы ўзніклі за межамі старажытнарускага перыяду айчыннай гісторыі? (І. Я. Фраянаў і А. Ю. Дварнічэнка).
Наконт гэтых умоваў Карамзін і сам не меў ілюзій. Пераадоленне ?жалю вартай? раздробленасці ўлады ва ўдзельны перыяд ён звязваў з падпарадкаваннем князёў Паўночна-Ўсходняй Русі манголам. І адзіны школьны падручнік па нашай гісторыі, які застаўся ў міністэрскім спісе рэкамендаваных для старшай школы, ахвотна за ім паўтарае: ?Яшчэ вялікі расійскі гісторык М. М. Карамзін пісаў пра дадатны ўплыў ханавай улады на палітычнае развіццё Русі, паколькі міжусобныя войны пайшлі на спад і вярхоўная ўлада сканцэнтравалася ў адных руках? (Паўленка і Андрэеў). Нам фактычна прапануюць узрадавацца канцэнтрацыі ўлады ў адных руках як дабру, якое кампенсавала іншыя, безумоўна бядотныя, вынікі ардынскага панавання на Русі.
Не зусім ёмка зрабіць гэта адкрыта, і зноў бярэцца на ўзбраенне вынайдзеная тым жа Карамзіным камуфляжная канцэпцыя ардынскага ?ярма?. ?Прыблізна з 1240 году пачало фармавацца ярмо ? сістэма залежнасці падпарадкаванай Батыем Русі ад ханаў Залатой Арды?, ? эпічна апавядаецца ў падручніку Чэрнікавай для 6-га класа. Насамрэч загадкавае ?ярмо? ? звычайныя данніцкія адносіны, юрыдычна замацаваныя прысягай, якую прынёс Батыю ў 1243 годзе вялікі князь Уладзімірскі Яраслаў Усеваладавіч. Князі Паўночна-Ўсходняй Русі прызналі сябе васаламі Арды, а яна абавязалася абараняць іх у выпадку вонкавых нападаў. Хочацца запытаць: нашто спатрэбілася прыдумляць новае слова? А каб схаваць тую акалічнасць, што роль васала не толькі не прыгнятала расійскіх князёў ? яны яе дабіваліся.
Ізноў падручнікі спрабуюць нас пераканаць, што выбару ў Яраслава не было, нібыта расійскія ?князі не знайшлі і не мелі сілаў для супраціўлення?. У абгрунтаванне прыводзяцца міфічныя летапісныя звесткі пра колькасць мангольскіх войскаў, якіх не здольны ўспрымаць усур?ёз ніводзін вучоны-дэмограф. Дый дзіўна, што Ўладзімірскае княства не ?знайшло сілаў?, а значна слабейшае Смаленскае ? знайшло. Адбіліся ад мангольскай навалы чэхі і венгры, таксама цалкам раздробленыя.
Аляксандр Яраславіч Неўскі дзейнічаў якраз наадварот ? ён гвалтам прымусіў падуладныя яму расійскія воласці падпарадкавацца манголам. З усіх падручнікаў толькі ў Чэрнікавай, дый тое мімаходзь, згадваецца пра драматычныя акалічнасці гэтага ?прымучвання?: ?Адны навукоўцы асуджаюць імкненне Неўскага любымі шляхамі падтрымліваць мір з Ардой. Другія сцвярджаюць, што ў Русі не было сілаў для супраціўлення і курс Аляксандра Неўскага быў адзіна слушным?. Адпаведна па-рознаму ацэньваецца і з?яўленне на Русі ў 1252 годзе мангольскага войска царэвіча Няўруя, якое адбылося пасля падарожжа Аляксандра Неўскага да Батыя.
Цікава, што сучаснікі зусім не падзялялі пераканання гісторыкаў-карамзіністаў у непераадольнасці Батыевай сілы. Сумна вядомая ?няўруева раць? была наведзеная на Русь Аляксандрам для разгрому антыардынскай кааліцыі, якую ўзначальвалі ўласны ягоны брат Андрэй Яраславіч і галіцкі князь Даніла Раманавіч. У 1257 годзе адмовіліся падпарадкавацца Ардзе ды пусціць да сябе ардынскіх перапісчыкаў наўгародцы, і з імі родны сын Неўскага Васіль, які стаў на абарону гараджан. Тады святы дабраверны князь Аляксандр Яраславіч з?явіўся ў горад разам з манголамі і сурова расправіўся з паўстанцамі (іх завадатарам ?вылуплялі вочы?).
Сучасная навука тлумачыць гэтую зусім свядомую палітыку проста: у саюзе з манголамі князям Паўночна-Ўсходняй Русі было нашмат зручней дабіць вечавыя інстытуты, з якімі яны энергічна змагаліся паўтара стагоддзя. Вольныя гарады, дзякуючы якім у Еўропе сфармаваўся прававы, а затым ужо і ліберальна-дэмакратычны лад, на Русі былі свядома задушаныя расійскімі князямі, што абапіраліся на мангольскую сілу. І пра гэта ні ў адным падручніку не сказана ні слова.
Немагчыма знайсці ў падручніках і яснага ўказання на тое, што далёка не ўсе рускія землі дазволілі здзейсніць над сабой такі гвалт. Карамзін прыклаў нямала намаганняў, каб намаляваць ?дзікую? Літву ? галоўнага канкурэнта Масквы ў аб?яднанні рускіх земляў ? зусім чужой рускаму чалавеку дзяржавай. Так што нават нельга зразумець, як выжыў там князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад дзікунстваў Івана Грознага ? пра што, зрэшты, далёка не ва ўсіх падручніках згадваецца. Пра тое ж, што ў Літву, дзяржаву з вольным федэратыўным уладкаваннем і гарадамі, якія карысталіся шырокім самакіраваннем, так званым магдэбургскім правам, маскоўскія падданыя ? і знатныя баяры, і ?подлыя? мужыкі ? уцякалі тысячамі, цікаўны школьнік можа даведацца толькі са спецыяльнай літаратуры. Беглі, між тым, без страху, бо Вялікае Княства Літоўскае і Рускае (такая яго афіцыйная назва) было і па мове, і па культуры такім жа рускім, як Маскоўскае. Адрозненне было толькі ў паходжанні кіроўных дынастый: на Маскве сядзелі варагі-рурыкавічы, у Вільні ? літоўцы-гедымінавічы.
Народ мадзеў
Падручнікі маўчаць і аб тым, што празмерная цэнтралізацыя, якая стала вынікам маскоўска-ардынскага альянсу, віталася на Русі далёка не ўсімі. Апазіцыйныя сілы на працягу некалькіх стагоддзяў спрабавалі трансфармаваць маскоўскую палітычную сістэму ў значнай ступені на літоўскі ўзор. Часам мірна, як у эпоху Аляксея Адашава, які імкнуўся ператварыць Расію ў нармальную станава-прадстаўнічую манархію еўрапейскага тыпу. У 1547 ? 1560 гадах яму ўдалося правесці рэформы (станавае прадстаўніцтва, мясцовае самакіраванне, незалежны суд ? практычна суд прысяжных). Калі ж Іван Жахлівы пры дапамозе адмыслова для гэтай мэты заснаванага тэрарыстычнага апрычнага корпусу павярнуў палітычнае развіццё назад, да азіяцкай дэспатыі, апазіцыя ўзялася за зброю.
Ні ў адным падручніку не знойдзем мы даўно прынятай навуковай супольнасцю трактоўкі Смуты пачатку XVII стагоддзя як грамадзянскай вайны. Бо тады ж давядзецца казаць пра тое, што пад сцягі лжэдзмітрыяў-балотнікавых збіраліся зусім не авантурысты, а праціўнікі маскоўска-апрычнай палітычнай сістэмы, прычым з розных станавых груп. Апазіцыя пацярпела чарговую паразу, але адтэрмінавала панаванне абсалютызму. Нездарма пры першых Раманавых захоўваўся інстытут станавага прадстаўніцтва ? Земскі сабор.
Далей за Смуту сам Карамзін не пасунуўся, але канцэпцыя яго лёгка развіваецца. І школьнікаў вучаць, што рэформы Пятра ?значна ўмацавалі Расійскую дзяржаву, паставілі яе ў шэраг вялікіх еўрапейскіх краінаў?. Пра цану ?ўмацавання? ? спусташэнні і голад ? ні слова. Калектыў аўтараў на чале з Паўленкам наагул завяршае раздзел пра Пятра патэтычнай кантатай: ?На пытанне, што Пётр Вялікі зрабіў для Расіі, лепш за ўсё адказаць словамі, якія ў дзень ягоных хаўтураў прамовіў Феафан Пракаповіч: ?Якою ён Расію зрабіў, такая і будзе; зрабіў дабру любаю, любая і будзе; зрабіў ворагам страшнаю, страшная і будзе; зрабіў на ўвесь свет слыннаю, слынная і быці не перастане?. Добра яшчэ, што не словамі канцлера Гаўрылы Галоўкіна, сказанымі на ўрачыстасцях з нагоды ўкладання Нэйштацкага міру са Швецыяй: той і ўвогуле прыпадобніў Пятра да Бога-творцы.
Дзяцей вучаць любіць моцную ўладу. Моцную любой цаной.
Гісторыя працягваецца
Пры тым, што асобныя элементы навуковай канцэпцыі расійскай гісторыі прарываюцца ў новыя школьныя падручнікі, ніводзін аўтар не наважыўся прадставіць звязную некарамзінскую палітычную гісторыю. Жывучасць манархічнай карамзінскай схемы забяспечваецца не толькі прывабнасцю яе для ўлады. Галоўным чынам гэта сведчыць пра непадрыхтаванасць цяперашняга расійскага грамадства ясна сфармуляваць ?тэхнічнае заданне?, а навукова-педагагічнай супольнасці ? стварыць прынцыпова новы курс нацыянальнай гісторыі. Такой гісторыі, аб?ектам якой будзе не міфалагізаваная ўлада (клас, нацыя?), што выконвае тую ці іншую высокую місію, а звычайныя людзі, якія дасягаюць сваіх цалкам зямных мэтаў і маюць у галаве розныя праекты будучыні, аднолькава магчымыя і аднолькава законныя.
Цікава, што падручнікі постсавецкі час так і прадстаўляюць. На сучасных дзеячаў ужо не навешваюць ярлыкоў прагрэсіўных і рэакцыйных, гэта значыць такіх, што набліжаюць ці аддаляюць нацыю ад нейкай найвышэйшай мэты, а проста апісваюць палітычную барацьбу ў вярхах і вельмі ўскосныя дачыненні гэтай барацьбы да народных патрэбаў.
У гэтым пераходзе, падазраём, і палягае прычына нездаволенасці нашых дзяржаўных дзеячаў, чыім вестуном выступіў Міхаіл Касьянаў. У дачыненні да найноўшай гісторыі надзвычай цяжка містыфікаваць уладу. Немагчыма паверыць у ?богаабранасць? Юр?я Лужкова ці ?гістарычную непазбежнасць? з?яўлення ?кіндэр-сюрпрызу? Сяргея Кірыенкі. У падзеях найноўшага часу занадта выразна выяўляецца барацьба чалавечых, цалкам прыземленых інтарэсаў, у тым ліку і ва ўладзе.
Улада нездаволеная. І сапраўды, кантраст з папярэднімі эпохамі ў школьным пераказе выходзіць занадта вялікі і крыўдна несправядлівы. Аднак выйсце знаходзіцца не ў тым, каб напісаць новыя падручнікі найноўшай гісторыі, дзе ўлада зноў паўстала б агентам татальна-скіраванай і татальна-асэнсаванай гісторыі карамзінскага тыпу, а ў тым, каб перапісаць падручнікі па старажытнай і новай гісторыі, даўшы магчымасць і там дзейнічаць свабоднаму чалавеку на свой страх і рызыку. Ну як сёння.
джерело: часопис ?ARCHE?