Вячаслаў Адамчык
Стрэлу ён пе пачуў. Хоць стралялi зблiзку, з палявога каменя, што старчма стаяў на ўтравелым замежку.
Ён толькi падышоў да парога i зняў з каромысла два поўныя вядры з сцюдзёнай крынiчнай вадою. I паспеў яшчэ ўзяцца за клямку. Агнiсты ўдар у галаву аглушыў яго i кiнуў у чорную прорву. Падаў ён спiною назад i на тыя два драўляныя вядры, перавярнуўшы адно з iх. На яго плюхнула сцюдзёная вада, але холаду яе ён ужо таксама не пачуў.
А смерць ён прадчуваў, бо яшчэ зранку, калi запалiлi лямпу, сказаў мацеры:
- Ты сёння пабудзь дома, нiкуды не адлучайся.
- Ой, яшчэ што скажаш. Соль i газа выйшла. Я ж сабралася прадаць курыцу. Цi ж забаўляюся ў тым мястэчку.
Твар у мацi быў зжоўклы, прывялы i са зморшчанаю, як на ўсохлым яблыку, скуркаю.
«Нездароўча яна. Як жа ж ёй будзе жыцца без мяне?» ? пагараваў, глянуўшы на яе, але сказаў коратка i цвёрда:
- Успеецца.
I ўзяў два пустыя драўляныя вядры, што стаялi з прыхаду, каля парога, каб iсцi па ваду. А iсцi было далекавата, за груд, на лужок у лагчыне, дзе кiпела, падымаючы залацiста-ружовы жвiр, жывучая, што не замярзала i лютаю зiмою, гарачая крынiца. Улетку вада была халодная, крамяная, што ажно скрыпела на зубах.
Колькi гадоў назад туды ўкапалi цэментную трубу, i на дне яе кожную зiму, распластаўшыся, спалi зялёныя жабы з чорнымi гарбатымi спiнкамi. Мацi брыдзiлася, а ён смяяўся i шкадаваў выкiдаць iх на снег. А на згоне зiмы яны невядома дзе дзявалiся ? знiкалi самi.
Сцежка да крынiцы вiлася, як невымоўная казачная радасць. На грудзе заўсёды мякка, прытульна i ласкава шумела змарнелая, пахiленая, як стары грыб, крываватая хвойка. Нават у бязветраны дзень тут вiрыў задзiрысты вiхор, абвяваючы спiну халодным скразняком.
I ён, Вiталь Якшук, трымаючы на каромысле цяжкаватыя дубовыя вёдры i робячы круг, палахлiва азiраўся. Ён ведаў, што ўжо болей як месяц, пасля таго, як загарэўся суседнi хутар, за iм палюе ястрабок з блiзкай вёскi, трохi малахольны Лёнiк Шашок, што запiсаўся ў «истребительный батальон» i прынёс дадому вiнтоўку i, кажуць, некалькi папяровых пачак з патронамi.
Наўкруга ў ранiшнiм сыраватым змроку серабрылася i ажно прылягла ад цяжкай расы кусцiстая рунь. У замглёнай далечынi цяжка каркаў самотны крумкач. Волкi туман, як паводка, залiўшы далiну, хаваў вёску i боханiстыя груды з прытоенымi хутарамi.
Вiталь уздыхнуў i, сцепнуўшы ад сырога холаду плячмi, росным замiжкам пачаў спускацца да лужка, над якiм таксама круглым азярцом расплыўся туман.
Высокi, плячысты, ён ступаў трохi размашыста. З-пад ног, з-пад мяжы раптоўна фуркнула i iмклiва знiкла ў тумане за крынiцаю чародка маладых курапатак. «Значыць, тут нiкога не было, раз сядзелi курапаты», ? Вiталь падвесялiў сябе i рашуча падышоў да глыбока ўкапанай трубы. Вада цурчэла праз вышчарблены край. На метраў дваццаць ад крынiцы вузкiм каснiком сярод парудзелага лужку молада зелянела свежая трава.
Вiталь нагнуўся i зачэрпаў першае вядро.
Ён не ведаў, што з прылеску праз ядлоўцавыя кусты, як воўк да авечкi, прагна i настырна да яго падбiраўся ён, малахольны Лёнiк.
Лёнiк жыў толькi адным жаданнем i прагай ? застрэлiць. Гэтую хваробу, гэты магнэз забiваць чалавека ён набыў яшчэ ў партызанскiм атрадзе. Спачатку было здзiўленне, а потым насалода. Калi ў атрадзе судзiлi каго за здраду, разбой i гвалт, i калi выстраеныя партызаны на запытанне камандзiра, хто прывядзе ў выкананне загад, упарта i зацята маўчалi, пачаў вызывацца ён, Лёнiк:
- Я, таварыш камандзiр!
Потым доўга i адрошана перажываў гэтае забойства, седзячы зводдаль ад усiх на пнi i зацягваючыся задушлiвым самасадам. Лёнiку яшчэ бачылася тая жахлiвая хвiлiна, калi застрэлены ў патылiцу партызан падаў перед iм жа самiм выкапанай ямай i хроп i турзаўся ў страшнай агонii.
Забойства, учыненае Лёнiкам Шашком, ператваралася ў свой, яму толькi вядомы рытуал.
Але на такую ж бяду, што з гарачкаваю асалодаю Лёнiк чынiў над iншымi, ён напароўся i сам. Пасланы на «хозаперацыю» ? вынюхаць у вясковым хляве парсюка i, уклаўшы яго на воз, прывезцi ў атрад, Лёнiк да страты прытомнасцi напiўся. Сярод белага дня пры калодзежы ён пакацiў, схапiўшы ў поясе, падлетка-дзяўчынку, спрабуючы яе згвалцiць. Але вёрткае дзяўчо ўмiг выкруцiлася з-пад асалавелага Лёнiка i ў знак помсты днiшчам акутага вядра смальнула яму па пераноссi.
I Лёнiк, прывучаны страляць, ? стрэлiў. У атрад яго прывялi з чорным апухлым тварам, але без парсюка i з нечаканаю навiнаю, што ён застрэлiў дачку аднаго з тутэйшых партызанаў.
Лёнiка Шашка, вядома, судзiлi. Нават адчыталi перад строем грозны загад, але ў чорную яму ён не ўпаў ? па малалецтву даравалi.
Праз гэта малалецтва ? Лёнiку было семнаццаць ? яго не ўзялi i на фронт, калi пасля партызанскага парада ўсiх маладых мужчын i хлапцоў прыгналi на прызыўны пункт.
Вярнуўшыся дадому ў прыцiшэлыя, напалову спаленыя ў час астатняй аблавы родныя Лукi, жыць прыгнечаным, спакойным дамаседам Лёнiк Шашок ужо не мог. Па незабытай i спакуслiвай партызанскай звычцы спакваля поначы пачаў абiраць далёкiя хутары, ходзячы ажно пад Нёман ? там яны былi багацейшыя. У супольнiкi i ў помач сабе ўзяў, як смяяўся, «прычэпа», нейкага прыблуду з Расеi, агiдна i брыдка ўпрыгожанага наколкамi на пальцах, вытатуiраванай галавою тыгра на левай лапатцы i выгiнастаю змяёю на правым бядры.
Тут жа, на прынёманскiх хутарах, яны абое незнарок нарвалiся на акоўцаў ? польскiх партызан, што бадзялiся па лясах, ваюючы ўжо з саветамi, ? i, мусiць, прызнаўшы Лёнiка i яго супольнiка за энкавэдзiстаў, далi з-за хутаранскага хлява колькi аўтаматных стрэлаў, уклаўшы насмерць «прычэпа». Лёнiка ж выратаваў спярша глыбокi равок, а потым ? высокiя i круглыя, як копы сена, ядлоўцавыя кусты.
Пацягнулася зноў вусцiшнае да брыдоты, агорклае жыццё. I на табе ? яго рукi займелi жаданую i зваблiвую вiнтоўку i ўчулi, як дрогка i радасна турзаецца яна пры стральбе. Кароткi, як таўкач, абрэз, ды яшчэ з адламаным прыкладам, з якiм ён хадзiў калашмацiць, як казаў, прынёманскiя хутары, Лёнiк заткнуў назад пад застрэшак, падалей, для iншага часу. Акрамя мосiнскай вiнтоўкi, яму ў мiлiцыi выдалi новы вайсковы бушлат з залацiста-бляшанымi гузiкамi i пасведчанне байца «истребительного батальона», цi ястрабка, як называлi яны сябе. Фуражкi Лёнiку не дасталося. А насiць вясковую кепку, хай сабе i наўкруга падкладзеную для штыўнасцi згорнутаю ў некалькi столак газетаю, было не да гонару. У сельсавецкага начальнiка ваенна-ўлiковага стала, былога франтавiка, ён выпрасiў добра падношаную i добра зашмальцаваную зверху, над цемем, нехлямяжую фуражку. Засмучаў яго i чорны аколыш. Хацелася мець нешта з малiнавым альбо блакiтным, як у лётчыкаў. Але ўсё ж на галаве трохi набакiр сядзела тое, што прылучала Лёнiка да важнай i таямнiчай вайсковай справы.
На вечарынкi, што бывалi цяпер глухаватымi, i вяселлi, што скупiлiся на даўнейшыя пацешныя i прыгожыя выдумкi i звiнелi не так гучна, Лёнiк Шашок прыходзiў у шара-зеленкаватым бушлаце з гузiкамi-дутышамi i вайсковай фуражцы, з-пад якое выкручваўся чорна-сiняваты ўпарты чуб. Яго, неразважнага распусту, свае дзяўчаты баязлiва старанiлiся, а ў незнаёмых вёсках нябрыдкi з твару Лёнiк меў поспех ? на яго заглядалiся.
Трапiўшы да стрыечнай сястры на хрэсьбiны i запрошаны за стол, Лёнiк, як заўсёды, перабраў меру i звалiўся ў воз, што стаяў сярод двара з распрэжаным канём. А прыцемкам у гэты ж воз паляцеў вагкi камень. Кiнулi з-за вугла хаты. Лёнiкаву галаву выратавала ручка воза.
Другi камень, падкраўшыся ў глухую ноч пад Шашкову хату i пастукаўшы ў дзверы, кiнулi ўжо тады, калi яны адчынiлiся. Адчыняць iх якраз пайшоў бацька. Чакалi, вядома, яго, Лёнiка, i ў поцемку абазналiся. Учуўшы грукат i стогн, Лёнiк выбег падняць ужо i прынесцi ў хату беспрытомнага бацьку. Камень ? i зноў жа не малы ? трапiў бацьку ў нос, распляскаўшы яго ўшчэнт. Бацька выжыў, але з увагнутым, укалечаным носам прызнаць у iм ранейшага статнага Пятра Шашка было досыць цяжка.
Назаўтра Лёнiк пабег шукаць след. За вёскай, праз сiвую рунь зелянела вузкая стужка абабiтай расы. Яна вяла, як здалося Лёнiку, на суседнiя хутары, якраз на асаду Якшука.
У той жа дзень Лёнiк завёз у раённую бальнiцу ўкалечанага бацьку, а сам завiтаў у мiлiцыю. Праз тыдзень, прыехаўшы наведаць хворага, ён атрымаў жаданую вiнтоўку, палахлiвае для iншых пасведчанне ястрабка i бушлат з блiскуча-таннымi гузiкамi. Душа яго вiравала ад радасцi ? ён мог цяпер паляваць за цiхмяным Якшуком.
Заўсёды памяркоўны, разважлiвы i паслухмяны Вiталь застаўся адзiн з двух сыноў у аўдавелай Настулi. Старэйшы Янак, болей упарты i рэзкi, трапiўшы з польскiм войскам у савецкi палон, згiнуў недзе ў Старабельску, у Расеi. Гультаяваты i не здатны да навукi, Янак адужаў толькi пяць класаў. Праўда, потым, пасталеўшы ўжо, апомнiўся: пайшоў чаляднiкам да местачковага Моўшы ? вучыўся за краўца. Але ўсё перайначыла вайна ? якраз напярэдаднi яе Янака забралi ў войска. I Настуля атрымала ад яго ўсяго дзве паштовыя карткi ? першую з польскага горада Пшэмысла, дзе ён быў уланам, другую, з васiльковаю маркаю i заштрыхаванымi некаторымi сказамi, ? з Расеi, з невядомага Старабельска, дзе Янак апынуўся ў лагеры палонных.
Разам з iншымi дакументамi, укруцiўшы ў хустку, Настуля беражэ i гэтыя дзве паштовыя карткi ? ляжаць яны ў яе яшчэ дзявочым куфры, у прымацаванай збоку шуфлядцы.
Настуля гаруе па iх ужо двох ? па сыну Янаку i яе Язафату, што быў застудзiўся на лесавывазках i праз два тыднi памёр ад запалення. Тады, у трыццаць дзевятым, зайшоўшы, бальшавiкi надта арыштоўвалi людзей i бязлiтасна ганялi iх на розныя работы, як называлi ? «трудовое участие».
Язафатава смерць выратавала сям'ю Якшукоў ад вывазу ў Сiбiр. Бо, кажуць, у тых, патаемна складзеных у сельсавеце спiсах было i iхняе прозвiшча.
I вось у Настулi, на глухаватым i далёкiм ад вёскi хутары застаўся ён, сарамяжы, трохi нерашучы, з жаночым характарам, чарнабровы з валошкавымi вачыма, прыгожы Вiталь.
У школе настаўнiкi нахвалiцца iм не маглi. Упарты да вучобы, ён паступiў у Наваградскую семiнарыю ўжо пры немцах. Але ж i вайною i вучыцца, i араць, i сеяць трэба ж было.
Аднак за семiнарыю, за той зеленкаваты касцюмчык, што яму выдалi, дараваць ужо не могуць, а свае ад зайздрасцi i злосцi яшчэ падтыкаюць.
На згоне зiмы трое з чырвонымi пагонамi i ўзброеныя доўгiмi вiнтоўкамi прыходзiлi на хутар. Праўда, Вiталь якраз з канём паехаў у тыя ж Прылукi памагчы нямогламу дзядзьку выкiнуць з хлявоў i вывезцi на поле гной. А там ужо хтосьцi шапнуў, што дома яго чакаюць госцi.
Там, у Прылуках, Вiталь перачакаў бяду i, вярнуўшыся на трэцi дзень дадому, пачаў рабiць схрон ? у варыўнi клаў другую сцяну. Туды, у засценак, можна было залезцi толькi з гарышча, адкiнуўшы на iм дзве лёгкiя дошкi.
Нiбы збаўленне i ратунак ад гэтага туляння на стол лягла павестка ? Вiталя забiралi ў войска, i ён, назапасiўшыся харчамi, з'явiўся ў райваенкамат.
Ужо далёка за Гомелем па вагонах сярод навабранцаў папаўзла чутка, што iх вязуць не ў вайсковыя часцi, а ў Данбас, на шахты. Сакрэт выдаў падкормлены пахучаю каўбаскаю i падпоены агнiстым першаком сяржант-татарын. I словы яго спраўдзiлiся ? навабранцаў пасялiлi ў бараках i, даўшы шахцёрскi лiхтар, кiркi i каскi, пачалi спускаць у забой.
У вузкай, з мала вышэйшым паднябеннем, як вясковай печы, штольнi вугальную пароду трэба было кiркаваць лежачы. З шахты падымалiся ледзь жывыя, не чуючы нi спiны, нi рук, нi ног.
Шахту аднойчы завалiла. Яны, пяцёра чалавек забойшчыкаў, ажно трое сутак начавалi ў сене разам са сляпымi коньмi, што цягалi ваганеткi з вуглем. I многiя пачалi чахнуць, здаваць i ад непасiльнай работы i ад галадухi ? у сталоўцы да тонкай лусты хлеба давалi рэдзенькi ружовы кiсель. Яго, Вiталя, ратавала яшчэ сала. А зямляк з-пад Зецелы, дробны, пасiнелы, з доўгай i худзенькай, як у пеўнiка, шыяй Iван Юргель, ледзьве ўжо цягаў ногi. Ён першы i не вытрываў. Аднойчы, адклiкаўшы ад грамады Вiталя, здушаным, цiхiм голасам выдыхнуў:
- Я ўжо выведаў, як ходзяць цягнiкi.
- Ты пра што? ? зразумеўшы намёк, усё ж перапытаў Вiталь.
- А пра тое, што на два бiлеты грошы ў мяне ёсць. Учора прыслалi з дому.
- Значыцца?..
- Як значыцца, то ацелiцца. Трэба ўцякаць! Бо тут альбо памром з голаду, альбо завалiць у штольнi.
I ў Юргеля задрыжаў на губе пякучы акурак:
- Уцякаць трэба, уцякаць, покуль яны не апомнiлiся i не загналi нас за калючы дрот. Тады не вырвемся.
З дарогаю спачатку нават пашэнцiла ? да Харкава ехалi цягнiком. А там упрасiлiся ў вайсковы эшалон. Але ўжо ў Баранавiчах, калi таварняк, поўны салдатнi, спынiўся перад калонкаю, каб набраць вады, з падкручанымi вусамi старшына падклiкаў да вагона афiцэра з двума вахлакаватымi, нейкiмi абношанымi салдатамi ў шэрых трусовых шапках ? вайсковы патруль.
Да ваеннай камендатуры, куды ўжо вялi iх, Вiталь не дайшоў. Убачыўшы туалет, схiтраваў, адпрасiўся, спаслаўшыся на хворы страўнiк. I яны паверылi, нават не суправаджалi яго. А яму толькi i трэба было, каб знiкнуць у сутоках доўгiх складоў i пакгаўзаў.
Дадому з Баранавiч, не рызыкуючы болей садзiцца на цягнiкi, каб не злавiла чыгуначная ахова, Вiталь дабраўся пешшу. Што здарылася з Юргелем, куды яго адправiлi ? назад у шахты цi ў турму, ? ён не ведае.
На трэцiя суткi чуйным прыцемкам Вiталь пастукаўся ў акно паменшалай i яшчэ болей прыгорбленай за гэтыя два месяцы, калi ён не быў дома, роднай хаты. Мацi доўга не адчыняла, мусiць, ужо спрасонку ёй здалося, што за акном стаiць не ён, Вiталь, а яго брат Янак, якi ўваскрос з мёртвых.
На людзях Вiталь спачатку не паказваўся. Але ж цi ўседзiш доўга на адзiноце. Мацi, каб памагчы ў бядзе, нават напытала ў далёкай вёсцы, адкуль была замужам, як казала яна, нязгоршую дзяўчыну. Аднак Вiталь сватацца не стаў ? помнiў з Навагрудскай семiнарыi пухленькую, кучаравую, з анёлкавым тварам, Сабiну Мятлiк. За ёю ўжо тады ўвiхаўся нехта з рагулеўскiх афiцэраў. I цi не звёз разам з сабою ў Нямеччыну. Аднак схадзiць у Сялец, невялiкую вёску, што хавалася ў раўку за пяць вёрст ад Наваградка i адкуль Сабiна была родам, сарамяжлiвы Вiталь пабаяўся ? а раптам абязвечаць нечаканаю навiнаю, сказаўшы, што яна, Сабiна, ужо замужам.
I маўклiвы Вiталь затоена сядзеў на абрыдлым хутары, старонячыся чужога вока. Чуйна, як напалоханы заяц, прыглядаўся да кожнага, хто зварочваў на сцежку, што вяла з дарогi да Якшуковай хаты.
Але ўсё разрашыў i перайначыў пажар ? на суседнiм хутары загарэлася хата. Да Якшукоў з чатырохгадовым абпаленым сынам на руках прыбегла перапалоханая Аксеня. I Вiталь не схаваўся ў свой схрон, а, схапiўшы бусак, кiнуўся на помач. Але ў хаце на ўсю моц ужо бушаваў агонь. Падпалiў яе той жа хлопчык. Аксеня перад гэтым церла ў сенях лён, а ён, хлопец, забаўляўся на печы, седзячы на тым жа падсушаным лёне. Як дзiцячая рука намацала на мурку комiна карабок запалак, невядома. I запалка чыркнула па карычневым канце каробкi, каб лён успыхнуў, як порах. Аксеня ўчула енк i ўжо з агню выхапiла дзiця. Iншае што ўзяць, вядома, не ўскорала.
Уварвацца ў хату не змог i Вiталь. Яшчэ ў сенях дух забiвалi дым i гарачыня. Ён вынес толькi цернiцу, на якую наткнуўся тут жа, у сенях. I пачаў бусаком падварушваць ачэп ? верхнюю, пакладзеную на бэлькi дзеравiну. Але дзе ж ты адзiн яе сарвеш. З вёскi мужчыны падбеглi тады, калi абвалiлася страха. Неразважлiвыя жанчыны былi ўражаныя i агнём, i тым, што тут на пажары з'явiўся Вiталь, а казалi ж, што яго забралi ў войска. I Вiталь учуў у сябе за спiною здзiўлены ўскрык:
- Зiрнi, Гэлька, дальбог Вiталь Якшукоў тут!
- Цiхо, дурная.
- Мне што. Я так сабе.
З гэтага пажару, гайдануўшыся кругамi, як вада ад кiнутага каменя, разышлася па наваколлi чутка, што з войска ўцёк i хаваецца на сваiм хутары Якшукоў Вiталь.
Гэтыя разгайданыя кругi дайшлi i да Лёнiкавага берага. I якраз напярэдаднi таго здарэння, калi ноччу ў бацьку пацэлiў вагкi камень i зялёны след па сiвой ад расы рунi пайшоў на хутар, дзе ўзвышалася вялiкае, на двое дзвярэй, Якшукова гумно.
А вяртаўся дадому менавiта Вiталь, яшчэ прыцемкам i цярэспале, каб лiшне не трапляць на чужое вока. А быў ён у дзядзькi ? аддаваў пазычаныя грошы. Там i заначаваў, каб ледзь свет прыйсцi на хутар.
Помслiвы, гатовы на забойства Лёнiк не вельмi i верыў сабе, што рахманы, па-дзявочы сарамлiвы Вiталь Якшук, якога помнiў яшчэ са школы, мог падкрасцiся ноччу пад iхнюю хату i кiнуць у бацьку каменем. Зрабiлi гэта напэўна ж браты той застрэленай дзяўчыны. Яны, праўда, i не таiлiся, што хочуць адпомсцiць за сястру. I iх, двух вуграватых i насатых здаравякоў, шчуплаваты Лёнiк Шашок па-сапраўднаму пабойваўся.
Таму за ворага лепш прымаўся цiхмяны Вiталь Якшук, каб было хоць уяўнае апраўданне, што будзе пакараны ён не так сабе, а па-належнаму i слушна.
Тым больш, што ў Лёнiка зявiлася вiнтоўка, i яна спакуслiва апякала рукi i, здаецца, сама, як магнiтная стрэлка, дрыготка паварочвалася на той далёкi хутар з вялiкiм гумном.
Але першы раз Лёнiк абышоў усё наваколле без яе, перымерваючыся толькi, адкуль лепш страляць. I выбраў ружаваты, адсечаны зверху, пэўна, перуном пляскаты валун, што, як адзiнокi зуб з дзёснаў, вытыркаўся з затравелай мяжы. Дарэчы, якраз насупраць хаты.
Тады з прылеску, з ядлоўцавых кустоў, дзе ледзьве не наступiў на соннага зайца, ён i ўбачыў пры крынiцы з вёдрамi яго, Вiталя.
Гэта праўда: чалавек заўсёды чуе на сабе чужы зiрк. I Вiталь, падымаючыся на прывабны грудок з двума вёдрамi на каромысле, адчуў нават спiною, што нехта сочыць за iм. Дайшоўшы да крываватай хвойкi, што мяккiм i прыветным пошумам сустрэла яго, паставiў вёдры i азiрнуўся: у ядлоўцавых кустах на прылеску нiбы мiльганула круглая фуражка. «Ён, Шашок, вiжуе за мною. Але сёння страляць не будзе, ён толькi прыйшоў разведаць i выведаць».
Вiталь зноў па чарзе злавiў кручкамi восiлкi цяжкiх дубовых вёдраў, падняў iх на каромысле i пайшоў насустрач тугаватаму, напорыстаму, але не халоднаму ветру, што пахнуў саладжавай рунню i гаркаватым прэлым лiсцем восенi. I ўчуў над сабою мяккi, незнаёмы шорхат. Падняўшы голаў, убачыў трох сiва-срэбных жураўлёў, асвечаных перадвечаровым чырванаватым сонцам. Натужлiва, нiбы зморана махаючы крыламi, яны ляцелi ў вырай. I так нiзенька. Напэўна, на блiзкую ўжо i халодную зiму. Ляцелi якраз у кiрунку Наваградка. I Ваталю ўбачылiся сiнявата-ружовыя з чатырохкутнымi проймамi абсечаныя замкавыя вежы, белы з чырвоным дахам будынак iхняй семiнарыi i мiлая, кучаравая, як у анёлка, галава прысадзiстай, поўненькай Сабiны.
Як раўнаваў яе Вiталь, калi на iхнiм вечары да яе падышоў вастраносы афiцэр у зелянкаватай форме з жоўтымi кантамi на галiфэ i на абшлагах рукавоў ? рагулеўскi кавалерыст ? i запрасiў яе да танца. Аднойчы, праводзячы Сабiну да мураванага дамка, дзе яна кватаравала ў нейкiх сваякаў, за брамкаю Вiталь убачыў яго, афiцэра. Ён падпiльноўваў i чакаў Сабiну. Вiталь, як здурэлы, кiнуўся прэч, каб ноч ужо не спаць i прасядзець у пачакальнi чыгуначнага вакзала, да якога падыходзiлi малыя з чатырма вагончыкамi паравозы вузкай калейкi.
Напаiўшы каня, Вiталь пайшоў да крынiцы яшчэ раз, каб прынесцi яшчэ ў хату вады i каб прыгледзецца: хто ж паходжвае там, на прылеску. Але ў ядлоўцавых кустах, здаецца, нiкога не было.
Ставячы вёдры з прыхаду ў парозе, Вiталь прызнаўся мацеры:
- Цi мне падалося, цi не, але нехта мяне высочвае. Напэўна ён, Лёнiк Шашок, што ў ястрабкi, кажуць, запiсаўся.
- Цi ж лiха яму, ? жахнулася мацi.
Нервова-ўстрывожанаму Лёнiку Шашку не спалася i ад поўнi, што, зазiрнуўшы ў акно, лiпла на вочы, i ад думак, што роiлiся i мiльгацелi, як лятучыя мурашкi. Ён калiсьцi бачыў, i шмат iх было з празрыстымi крыльцамi, i яны адна за адною ўзляталi з каранiстай лясной дарогi.
А думалася Лёнiку пра адно i тое ж: як да свiтання, яшчэ прыцемкам, ён падкрадзецца да вялiкага пляскатага каменя, што стаiць насупраць Якшуковай хаты i падпiльнуе Вiталя. З тымi двума дубовымi цяжкiмi вёдрамi, якiмi носiць з крынiцы ваду.
Мярцвяна-блакiтнае святло поўнi чамусьцi пераносiла Лёнiка на мiгiлкi ў чэзлы хвойнiк з пахiленымi збуцвелымi крыжамi. А ў гэтым смутна-сiняватым святле ўздымаўся свежы, падзёўбаны дажджом капец магiлкi, пад якiм ляжала яна, iм застрэленая грудастая дзяўчына-падлетак. I кожны раз страхатлiва-дзiўнае жаданне зманвала i пад'юшвала яго схадзiць у тое Хвоева, на тыя нiколi не бачаныя могiлкi. I нешта, таксама страхатлiвае, асцерагала i стрымлiвала яго.
Цяпер ён уяўляў, як побач з гэтаю магiлкаю паўстане яшчэ адзiн капец, пад якiм ужо ляжа Вiталь.
Лёнiк уставаў з ложка, неяк прыхапкам i нервова шукаў на стале пачак тонкiх, як цвiчкi, «флоцкiх» папярос. Закурваў. Доўгiмi зацяжкамi глытаў дым. Ён быў горкi, як атрута. Папярхнуўшыся iм, з печы злавала мацi:
- Усё курыш, каб на табе шэрсць курэла!
Лёнiк пляваў у далоню, тыкаў туды рубiнавы агеньчык недакуранай папяросы i клаўся зноў на ложак.
Ранiцаю, яшчэ пры лямпе, ён зняў з двух цвiкоў на сцяне, дзе яна заўсёды вiсела, палохаючы ўсiх, хто заходзiў у хату, зваблiвую вiнтоўку i, дурнавата ўсмiхаючыся, услых сказаў:
- Ну, я пайшоў на паляванне.
- Куды гэта поначы? ? бацька ўзняў свой шырокi, як у калмыка, з пляскатым носам i перакрэслены сiняватаю нарасцю твар.
- Глядзi ж, iзноў не нарабi бяды. А то нам, старым, хоць у свет уцякай. Брыдка людзям у вочы глянуць.
- Стыд не дым, вочы не выесць, ? руляю вiнтоўкi, што тырчала з-за пляча, Лёнiк зачапiўся за касяк i знiк у сенях.
Поўня, размытая лёгкаю мярэжаю хмарак, ужо знiжалася за старым адзiнокiм дубам, што рос на полi за вёскаю. Цяпер ён здаваўся падобным да вялiкага качана капусты ? круглая крона i кароткi тоўсты камель.
Iшлося лёгка. Чуваць толькi было, як шасталi калошы штаноў. Лёнiк раз за разам адкiдваў настылы прыклад вiнтоўкi, што бiў па клубе. Нарэшце зняў яе i за пасак панёс, як прывык насiць у партызанах, падыходзячы да якога-небудзь небяспечнага месца, каб не выдаць сябе, што ты ўзброены. Але тады, у партызанах, у яго была дзесяцiзарадка. Не раўня гэтай доўбнi.
Пераскочыўшы глыбокую каляiну, поўную дажджавое вады, Лёнiк з дарогi звярнуў да халоднага настылага лесу. Запахла горкiм асовым лiсцем i мокраю яловаю карою. З дрэў капала, пляскаючы па апалым подсцiле, сцюдзёная раса. Нават не заходзячы у лес, Лёнiк чуў яе холад. I ён пайшоў затравелым берагам, абыходзячы назвожаныя, ссунутыя сюды з поля белаватыя валуны i стаўбунаватыя, ацяжэлыя ад шчодрай расы ядлоўцавыя кусты.
Мiнуўшы цёмную непраглядную сцяну лесу, ужо з грудка ўбачыў страху доўгага Якшуковага гумна. Паджоўклая поўня вiсела нiзка над iм.
Цярэспале, гразнучы ў свежай раллi, Лёнiк пайшоў на поўню i на гэты доўгi i цёмны сiлуэт будынка. Натрапiў на замежак i ўжо iм накiраваўся да вышчарбленага пляскатага валуна.
Паволi i марудна выясняўся асеннi дзень. У Якшуковай хаце патухлi падслепаватыя, зробленыя на даўнейшы лад, у чатыры шыбы, два акны. Рыпнулi дзверы ? нехта выходзiў з хаты. Лёнiк прысеў за каменем. Рука мацней сцiснула настылую вiнтоўку. Па спiне прабеглi дрыжыкi i ад ранiшняга сыраватага холаду, i ад таго, што ўжо мае быць. Аб вушак тупа грукнула драўлянае вядро. Лёнiк збоку, з-за каменя зiркнуў на падворак. Трохi размытая ў прыцемку мужчынская пастаць паплыла за гумно. Узнятыя рукi трымалi за кручкi каромысла, на якiм пагойдвалiся вёдры.
Час цягнуўся марудна. Недзе адзiнока i дзярката, нiбы курэц зранку, захрыпеў крумкач. Развiдневалася. Паволi адсоўваўся полаг ночы.
«А можа, уцёк? Можа, згледзеў мяне?» ? Лёнiк падняўся з кукiшкаў i на вышчарблены, абсечаны перуном валун паклаў вiнтоўку.
«Не, iдзе вунь», ? Лёнiк зноў чуйна прыгнуўся. З-за гумна, трохi прыгорбiўшыся пад двума вёдрамi, размашыста i неяк клышанога ступаў Вiталь. Угнуўшы голаў, глядзеў недзе сабе пад ногi.
«Панясе ў хлеў? Не, закiроўвае ў хату», ? Лёнiк павярнуў вiнтоўку на праём дзвярэй, i яго вока знайшло дрыготкую мушку.
«Стрэлю тады, калi спынiцца перад дзвярыма. Ён будзе мой».
Лёнiк напружыўся, сцяўся ўвесь, нiбы ястраб перад тым, як кiнуцца на здабычу, i падвёў мушку на самы вушак. А там якраз i спынiўся, здымаючы з каромысла вёдры, Вiталь Якшук. Ён толькi ўзяўся за клямку, як гарачы ўдар кiнуў яго ў чорную прорву ? куля пранiзала голаў.
З рулi вiнтоўкi, што ўздрыгнула i ацiхла, курыўся сiняваты дым.
Лёнiк адрошана, як сам не свой, звар'яцела ўсмiхнуўся. Узяў за пасак вiнтоўку i панёс збоку сябе, як насiў у партызанах дзесяцiзарадку. Ён неяк абмяк, ссутулiўся, але на губах у яго яшчэ не астыла крываватая, як у шалёнага, брыдкая ўхмылка.
Яму зноў убачылiся могiлкi. Лёнiк азiрнуўся, шукаючы на небасхiле поўню i думаючы, як яе сiнявата-мройнае святло абалье свежы надмагiльны капец. Але поўня ўжо змеркла за далёкiм лесам.
Пачынаўся новы дзень жыцця i пакут. На парозе хаты дзiка i адчайна галасiла адзiнокая Настуля.
19-27 мая 1999 года
матеріал надіслано Алесем Явдахою, м.Мінськ, www.knihi.net
спец. for «Бриколяж web-log»