За новую адукацыю (біл.)

Майкл Уолкер

?Як можам мы рупіцца мінуўшчынай, пагарджаючы будучыняй? ці рупіцца будучыняй, пагарджаючы мінуўшчынай??. Гэтыя словы Т.С.Эліята з ягонага твору «Узьяднанне Сям'і» выдаюць на ўводзіны ў адукацыю.

Адукацыя, што скіроўвае кожнае новае пакаленне ў дарослае жыцё, - гэта ўзаемасувязь мінуўшчыны ды будучыні. Адукацыя запрашае новае пакаленне далучацца да супольнасці старэйшых. На глыбейшым роўні яна проста звязвае мінулае ды будучае пакаленні, на практычным і культурным роўні - забяспечвае неперарыўнасць. Таму адукацыя ёсць перадумоваю жыцця: без неперарыўнасці няма ні чалавечае цывілізацыі, ані чалавечае культуры. Адукацыйная сыстэма існуе дзеля таго, каб пазыцыянаваць тых, хто адукоўваецца, - яна дапамагае ім знайсці сябе ў грамадзтве, у якое яны прыйшлі як новыя чальцы, дапамагае адшукаць сваё сацыяльнае месца ў межах клясы, нацыі і ўсяго таго, што спрычыняецца да фармавання іхнае грамадовае ідэнтычнасці. Адукацыя надзвычай арупленая тым, каб зразумець мінуўшчыну, навучыцца з ейнага досведу й паўтарыць яго. У той жа час ува ўсіх грамадзтвах, якія не застаюцца статычнымі, адукацыя адначасова спрыяе руху грамадзтва да новых адкрыццяў, кіруючы новае пакаленне з мінуўшчыны ў будучыню, якую - прынамсі, часткова - адукацыя хоча кантраляваць.

Слова адукацыя паходзіць ад ducere - 'весці', і адукацыя насамрэч вядзе з аднаго пункту да другога - і ня толькі ў сэнсе ведаў, але і ў часе. Адукацыя мае на ўвеце змену, бо прасоўванне з аднаго месца ў іншае ёсць зменаю пазыцыі, і ў гэтым сэнсе адукацыю можна назваць «прагрэсыўнаю». Мы можам карыстацца з таго, што спазнана намі з досведу тых, хто быў да нас, - і на гэтым грунце ўзводзіць сваё. Адначасова адукацыя і «кансэрватыўная» - у тым, што яна мае на ўвеце перадаццё набытае веды й спарадкаванасці ды скіроўвае новае пакаленне няйнакш да ўлучэння ў грамадзтва. Такім чынам, адукацыя адначасова ёсць прагрэсаваннем і захаваннем. Арупленая і будучыняй, і мінуўшчынай, яна пратарноўвае сувязі паміж імі, з тым, каб грамадзтва было асэнсаваным для тых, хто неўзабаве мае стаць адказным чальцом грамадзтва, адказным на самой справе: здольным да рэакцыі на сытуацыю такім чынам, які адпавядаў бы грамадзкай згодзе.

Калі мы думае пра адукацыю, мы звычайна прыгадваем школы. Дзяржава заўсёды выкарыстоўвала школы, каб праз адукацыю прышчапіць насельніцтву пэўныя дамінанты мыслення. Фактычна адукацыя ўлучае ў сябе выхаванне бацькамі сваіх атожылкаў (у некаторых мовах «выхаванне» й «адукацыя» пазначаныя адным словам), інфармацыйныя й маніпуляцыйныя сродкі масавай інфармацыі, рэлігійныя рэглямэнтацыі і нават групавы ціск. Бэрнард Шоў аднойчы сказаў, што адукацыяй было ўсё ягонае жыццё за выняткам часу, прабаўленага ў школе.

Кожная адукацыя ўлучае каліва «эґаізму» ў сабе. Якой бы антыіндывідуалістычнай адукацыя сябе ні абвяшчала, ейныя прыхільнікі ў кожным разе хочуць накінуць іншым асобам свае суб'ектыўныя пагляды, дзеля асабістага жадання наблізіць грамадзкі свет да свайго ідэалу. Гэта ня ёсць «няслушным»: якую карысць маюць хоць якія каштоўнасці, калі мы мы не жадаем, каб яны красавалі? Але калі мы хацелі б бачыць іх красуючымі, тады лягічна, што мы жадаем, каб канкуруючыя з імі каштоўнасці не красавалі. Таму першае пытанне адукацыйнае тэорыі - у якой меры адны каштоўнасці могуць праектавацца, выключаючы іншыя. Надта лёгка будзе сказаць, што свабода слова проста будзе абароненая. Нават калі меркаваць, што тая татальная свабода думкі будзе дазволеная ў школах (лібэралы самі ня вераць у гэта), рашэнне - што ўключаць, а што выключыць з навучальнага пляну - будзе палітычным рашэннем.

Ніводзін рэвалюцыянэр ня мог спадзявацца паступова змяніць істу грамадзтва, пакуль папярэдняя адукацыйная сыстэма не была б замененая іншаю, у адпаведнасці з новымі прыярытэтамі грамадзтва. Які кошт такой грамадзкай ідэі, якая не магла б быць перададзеная альбо можа быць лёгка скасаваная тымі, хто прыйдзе пасля? Кожны, хто з сумам глядзіць на гэта й прагне новага грамадзтва, мусіць шукаць новага ўладкавання, новага навучання, новай ідэі грамадзтва, новай адукацыі. Адукацыя або ёсць палітычнаю, або ніякаю - як ясна паказана ў Платонавай «Рэспубліцы», адукацыя гэта падрыхтоўка да пільнавання інтарэсаў полісу, грамадзкае згоды, дзяржавы.

Процілеглае гледзішча, якім захапляюцца старыя кансэрватары, завучы яго непалітычным, выказана Геґелем у ягонай «Прадмове да філязофіі закону»: «Абгрунтаванае ёсць рэальным, а рэальнае - абгрунтаваным», - прыносячы такім чынам узгадненне паміж тэарэтычнаю прычынаю ды абгрунтаванасцю пэўнае рэчаіснасці. Пэўны свет у такім разе паўстае рэчаіснасцю, якая мусіць быць вытлумачаная як «рэчаіснасць», - але такі падыход робіць цьмяным адрозненне паміж практычным навучаннем і культурным навучаннем. Культурнае навучанне надае рэчаіснасці каштоўнасць і кірунак ды ацэньвае гэта. Практычнае навучанне - ці ня лепшы шлях да развязання аб'ектыўна дадзеных задачаў. «Свабоднае ад каштоўнасцяў» навучанне можа быць карыснае (напрыклад, рэлятывізм у рэлігійным навучанні нівэлюе рэлігійныя канфлікты), але яно ўтрымлівае небяспеку «абясцэніць сакральнае» (паводле Алена дэ Бэнуа). Ацэньванне з нэўтральнае пазыцыі спрэс усіх каштоўнасцяў, уключаючы тыя, у якія навучэнец сам эмацыйна ўлучаны, ёсць уводзінамі ў лібэральнае думанне, калі каштоўнасць усіх рэчаў вымяраецца паводле іхнае карысці ў забеспячэнні матэрыяльнае перавагі; тады як у практычным адукаванні каштоўнасць кожнае сыстэмы можа напраўдзе быць ацэненая толькі ў асадах яе эфэктыўнасці. Практычны (матэрыяльны) аспэкт адукацыі звернуты да правілаў паспяховага завяршэння задачаў, атрыманых праз досвед. Культурны (духоўны) аспэкт мае прыярытэт перад фізычнымі сэнсамі.

Разважаючы пра гэтае вельмі важнае адрозненне паміж духоўным і матэрыяльным у адукацыі, Дэбэс і Мілярэ ў «Штудыях пэдагагічнае навукі» (1969) разглядаюць яго гэтак: «Уся адукацыя ўгрунтаваная ў два абавязковыя элемэнты: з аднаго боку, назапашванне ведаў і фактаў, узятых з адукацыйнае навукі, з іншага боку маштаб каштоўнасцяў, які ўсталёўвае мэту пэўнай адукацыйнай праграмы». Калі сцісла, адукацыйная сыстэма, каб быць поўнай, павінна вызначыць свае мэтады ды свае мэты. Для эўрапейскага рэвалюцыянэра новая адукацыя покуль паўстае толькі ў дыскусыях што да мэтадаў («прагрэсыўных» ці «кансэрватыўных», «нязмушаных» ці «аўтарытарных» і г.д.), але ня што да мэтаў; насамрэч жа менавіта дыскусыі наконт апошніх ёсць узбагачэннем эўрапейскае культуры і абаронаю расы, культуры і жыццёвае прасторы. Калі адукацыя адбываецца ў культурным вакуўме ці калі ў клясным пакоі культурная разнастайнасць прадстаўленая бы тыя ўсе гатункі вінаў, тады школьная адукацыя пазбаўляецца хоць якой культурна вызначанай мэты ці культурна вызначанай ідэнтычнасці. Адукацыя ў культурным сэнсе тады будзе адбывацца па-за клясным пакоем, што, зрэшты, сёння і назіраем. Культурны і духоўны, або тэарэтычны, аспэкт адукацыі вымагае, аднак, кляснага пакою. Калі ж усё, што застанецца школе, - гэта практычная адукацыя, тады трэ' будзе прызнаць наяўнасць мноства альтэрнатываў такога практычнага навучання ў школе. Калі так, дык нашто тая школа ўвогуле? Калі школьная адукацыя з тае ці іншае прычыны адмаўляецца ад культурніцкае гамагеннасці, няма ніякай прычыны, каб такая школы існавала.

Практычная адукацыя арупленая поспехам мэтадаў. Культурная адукацыя мае на ўвеце ня факты, але прыярэтыты. У ідэале яна намагаецца ня гэтулькі ацэньваць факт, колькі напаўняць навучэнцаў пачуццём энтузыязму да сапраўды важнага. Напрыклад, для францускае школы вывучэнне значна больш францускай літаратуры, чым расейскай, будзе не ацэнаю таго, якая з іх вышэйшая, але пацверджаннем большай істотнасці першай у франкамоўным кантэксце. Заняпад нацыянальнага гаспадарства ў Эўропе і яго паслабленне ў эўрапейскім канглямэраце, які намагаецца ўхіліцца ад зважання на гісторыю, зробіць навучанне гісторыі надта далікатным пытаннем. Да сённяшняга дня гісторыя, якую выкладаюць у Эўропе, мела папраўдзе вялікую нацыянальную афарбоўку. Бэртран Расэл называў гэта «хлуснёй нацыянальнае гісторыі» (гэты пісьменнік памятае, як быў надта здзіўлены, калі ў школе пра Стогадовую вайну казалі, нягледзячы на перамогу брытанцаў, - што ўрэшце перамаглі французы!). Аднак, калі гісторыя выкладаецца так, нібы тое было на яве, навучанне гісторыі папросту становіць прыярытэты, патрэбныя для працягу нацыянальнае культуры - культуры, якая разбураецца, калі пэўны адсотак навучэнцаў не падзяляюць з іншымі навучэнцамі цнотаў супольнае спадчыны. Хоць якое спадзяванне (прыкладам, як за апошнім брытанскім урадам кансэрватараў) на тое, што ўведзены нацыянальны навучальны плян здольны аднавіць пачуццё ідэнтычнасці й спадчыны ў дзяржаўных ўколах і ўнівэрсытэтах, будзе збэшчанае праз этнічныя рэаліі навучэнцаў, якія ня маюць анічога супольнага з тою культураю, якая ім выкладаецца. Якую такую зацікаўленасць чакаюць ад бальшыні чарнаскурых у Ангельшчыне, калі апавядаюць пра Бітву пры Гастынгсе? Або нават ад белых навучэнцаў, калі тыя не прымаюць, што яны маюць супольны нацыянальны лёс, часткаю якога ёсць гэная падзея?

У спрэчцы «біялягічнае супроць сацыяльнага» нават тыя, хто вераць у пераважную ролю першага, прыроды, пацвярджаюць, што адукацыя таксама становіць сваю істотную частку. Каб не станавіла, як тады чалавечыя істоты розніліся б ад жывёлаў, пры тым, што набытыя імі веды і ўменні збольшага атрыманыя ад папярэдніх пакаленняў, тады як спадкаванае ґенэтычна становіць меншую частку пры вызначэнне ведаў і ўменняў? (Дыханне, бег, харчаванне ёсць уласцівасцямі ґенэтычнымі, але, прыкладам, мова - не). Могуць запярэчыць, што чалавечая адукацыя - гэта складаная хорма таго сама перадацця досведу праз прапанаваны прыродаю натуральны адбор, але гэта не змяняе таго факту, што адукацыя чалавека чалавекам - гэта галоўны чыннік тварэння чалавечае культуры, чалавечага грамадзтва і ў пэўнай меры (да якой меры - усё яшчэ пытанне гарачых дыскусыяў) індывідуальнага характару. Характар адукацыі: на чым грунтаваць, як перадаваць уменні і веды, - зьяўляецца вырашальным для будучыні кожнага грамадзтва.

Як дыскутуюць на тэму сутнасці мастацтва ды яго зместу й хормы, гэтак і пра сутнасць адукацыі - што выкладаць і як выкладаць - таксама ідзе бясконцае дыспутаванне. Адукацыя мае два бакі: культурны і практычны; надта часта спрэчкі на тэму адукацыі заблытваюцца праз зманлівае перакананне, нібыта гэтыя два элемэнты ці ня роўныя. Адукацыя ўсталёўвае тыя прыярытэты, якія мы самі прапануем грамадзтву. Але адукацыя, якая таксама ёсць набытаю ведаю, палягае ў дыялектычных дачыненнях індывідуму ды рэшты грамадзтва. Адукацыя азначае змяненне грамадзтва. Можна сказаць, што жывы досвед ува ўсёй сваёй поўніцы і ёсць адукацыяй. Перакананне, што школа - гэта вышняя адукацыйная хорма, выдае, мякка кажучы, на надта сумнеўнае. Адукацыя не пачынаецца са школы, ёю не заканчваецца і можа вельмі паспяхова адбывацца бяз школы.

Меркаванне, нібыта адукацыя ёсць пытаннем толькі для настаўнікаў і ўвогуле ці не такой навукай, у якой могуць быць абазнаныя толькі адмыслоўцы, - гэта колішні аптымістычны, а цяпер надта сумнеўны, пагляд, быццам адукацыю могуць удасканаліць толькі дасканала адораныя настаўнікі, якія скасуюць забабоны і адчыняць дзверы ў эру розуму і памяркоўнасці. Такім было гледзішча тэарэтыка адукацыі Джона Дэўі, які лічыў, што адукацыйная практыка павінна быць перадусім хормаю сацыяльнага плянавання. Паводле Дэўі, перадаццё нечага з мінуўшчыны выклікае паслухмянасць; гэтаму паняццю ён проціпастаўляў адукацыю, угрунтаваную ў доказы і розум. Для Дэўі веда з мінуўшчыны была ў лепшым разе «магутным інструмэнтаром для эфэктыўных зносінаў з будучыняй». Некампэтэнтны настаўнік хаваецца па-за аўтарытэтам, ад імя яго ён прамаўляе і ў імя яго прыгнятае цэласнасць і арыгінальнасць сваіх вучняў, марнуючы такім чынам патэнцыйную творчасць тых, кім ён апякуецца.

Гэтае (лібэральнае) перакананне, нібы аўтарытарызм, кансэрватыўнае навучанне ёсць «марнаваннем» чалавечага патэнцыялу, займае істотнае месца ў сучасным стаўленні да адукацыі. Лібэральныя тэарэтыкі грунтуюцца на перадумове таго, што кожны вучань валодае вялізным прытоеным скарбам энэргіі, фантазыі дыталенту, якія цалкам прыціскаюцца дысцыплінай, узорамі паводзінаў, забабонамі і традыцыяй. Аднак жа жыццяпісы велічных асобаў кажуць нам, што нават жорсткая дысцыпліна не замінае творчаму таленту: прыклады Байрана, Шылера, Ніцшэ рэзка б такому падыходу запярэчылі. Выпадак Шылера асабліва павучальны, бо без суворасцяў яго адукацыі цяжка было б уявіць, што ён натхніўся б на напісанне яго знакамітага выкрыцця тыраніі! Як шмат год таму заўважыў Эрык Лінклятэр, найлепшы клімат для творчай энэргіі - нелегітымная дыктатура. Але для лібэрала мэтаю адукацыі ня ёсць прарастанне індывідуальнага генія - як зьявы падазронай у кожным разе. Важнасць для іх зьяўляе толькі чалавечая эмансыпацыя ўвогуле, у часе якой прычыны зьяваў мяжуюць з ірацыянальным. Для Дэўі адрозненне паміж цывілізацыяй і дзікунствам палягае адно ў тым, у якой меры людзі навучаюцца з досведу і паляпшаюць свае ўмовы існавання на грунце таго, чаго яны навучыліся. У гэтым забабоне ўгрунтаваная ўся лібэральная філязофія адукацыі.

Аргумэнт, нібы адукацыю трэба пакінуць прафэсыяналам, сумнеўны ўжо з відавочнага поспеху непрафэсыйнага навучання і з заганаў тых школаў - ці прынамсі дзяржаўных школаў, - якія меліся паказаць, быццам прафэсыяналы працуюць лепш. Конрад Расэл у артыкуле «Пакіньце гэта настаўнікам» для «Лёнданскага кнігагляду» (сакавік, 1997г.) крытыкаваў новы лэйбарысцкі ўрад Ангельшчыны за яго жаданне палепшыць адукацыйныя стандарты праз штрафаванне ці нават закрыццё незаможных школаў. Гэта клопат палітыкаў - знаходзіць грошы, тлумачыў Расэл з зачароўвальнай фанабэрыяй. І настаўнікі вырашаць, куды найлепш іх выдаткаваць. Адны толькі лібэральныя дэмакраты, паводле Расэла, разумеюць гэта. Пра бацькоў, вучняў ці грамадзтва ўвогуле гэты лібэральны дэмакрат не прамовіў ані слова. Такі падыход спадкуе перакананне Дэўі, што адукацыя не павінна быць заплямленая «палітыкай», а павінна быць зведзеная да ласкавага клопату пра настаўнікаў, г.зн. лібэральных настаўнікаў. Але той факт, што дзяржаўная адукацыя знаходзіцца цяпер ня ў лепшым стане, ня можа замоўчвацца праклямацыямі, нібыта гэта не залежыць ад саміх настаўнікаў.

Акадэмічныя справаздачы прыватных школаў у сярэднім лепшыя за справаздачы дзяржаўных школаў. Ці было б дрэнна ў такой сытуацыі цалкам скасаваць дзяржаўную адукацыю? Чым больш дзяржаўная адукацыя аддаляецца ад нацыянальнае праграмы адукацыі, тым цяжэйшым становіцца бачыць сэнс у наяўнасці дзяржаўнай адукацыі наогул. Больш за тое, дзяржаўныя школы пачалі атаесамляцца не са шчырасцю, прагрэсам і роўнымі магчымасцямі, але з фанабэрлівым цэнтральным плянаваннем, бюракратычнай неэфэктыўнасцю, самазадаволенасцю і ананімнасцю, г.зн. з усім найбольш агіднымі аспэктамі сацыялізму. Дзяржаўныя школы ў вачох бальшыні людзей так ці інакш асацыююцца не з вясковымі школкамі і з вясковасцю, але з агульнаадукацыйнымі ды з мястэчкам.

Роля дзяржавы як пэдагога паходзіць з развіцця моцнага нацыянальнага гаспадарства, у якім нацыяналізм паступова замяніў рэлігійную веру як галоўную ўмову абвязковага навучання. На працягу ХІХ стагоддзя была сумесная спроба нацыянальных дзяржаваў Захаду ўвесці пэўны стандарт для адукацыі сваіх грамадзянаў, хоць кошты і клясавыя адрозненні зрабілі немагчымым усталяванне сапраўды ўсебаковай адукацыйнай сыстэмы. У Нямеччыне дзяржаўная адукацыя развівалася з уздымам Прусіі і прускага мілітарызму. (Абавязковая школьная адукацыя была ўведзеная пратэстанцкімі рэфарматарамі: Лютэр быў вялікі прыхільнік абавязковага навучання. Галоўная мэта навучання дзяцей чытанню, з пратэстанскага гледзішча, была ў тым, каб прымусіць іх чытаць Біблію). У Францыі дзяржаўная адукацыя была ўведзеная рэвалюцыйным урадам з мэтаю зрабіць з усіх грамадзянаў роўных французаў. У Злучаных Штатах бясплатная дзяржаўная адукацыя была літаральна задуманая як вайсковая дзея супраць Поўдня, пачатая ў 1862г. і завершаная ў Біле Морыля ад 1867г. Як адзначыў сам сэнатар Морыль, «роля нацыянальнага ўраду - сфармаваць нацыянальны характар амэрыканскага народу». А таксама: «Недасведчаныя выбаршчыкі ствараюць небяспеку для свабоды. З бясплатнымі школамі на Поўдні больш ня будзе паўстанняў. Калі нашая моладзь навучыцца чытаць аднолькавыя кніжкі, вучыць аднолькавыя ўрокі, мы станем адным народам, зьяўляючыся адной арганічнай нацыянальнасцю». На біль наклаў вэта прэзыдэнт, але гэтак быў запачаткаваны прынцып бясплатнай дзяржаўнай адукацыі як сродка зруйнавання незалежнасці і ідэнтычнасці амэрыканскіх штатаў. У выніку гэта скончылася прымусовым накіраваннем чорных вучняў у белыя школы і фэдэральнымі атрадамі ў Арканзасе, каб змусіць штаты выконваць фэдэральную адукацыйную палітыку, а маладых людзей - наведваць расава змяшаныя школы.

Г.зв. «рух дэ-скулінґу», звязаны з імем Івана Ілліча, які ў 1971г. напісаў кнігу «Грамадзтва дэ-скулінґу» («De-schooling Society»), набыў папулярнасць, калі дэмакратычная сацыяльная тэорыя эґалітарнай дзяржаўнай адукацыі дастала благую рэпутацыю. Пашырылася меркаванне, што «маленькае ёсць прыгожым» толькі калі сабранае ў адзін імпульс. Даводзілася, што дзяржаўнае навучанне не адпавядала ідэі, сфармуляванай такімі постацямі як св.Васіль і Мішэль дэ Мантэнэ: маўляў, адукацыяй павінна быць індывідуальным добра'хвотным пошукам праўды. Паводле Ілліча, меркаванне, што дзяржава мусіць быць перадусім адказная за адукацыю, прывяло да паступовай дэградацыі ролі няшкольнай адукацыі. Ілліч падкрэсліваў, што адукацыя ўлучае працоўны досвед - відавочны факт, які ў той жа час для шмат каго ўсё яшчэ не відавочны. Дэ-скулінґ адмаўляе права адной асобы «абавязваць іншую асобу наведваць сход». Дзеля відавочных прычынаў Індыя заўсёды была асабліва зацікаўленая ў дэ-скулінґу і ў 1975г. першая Нефармальная адукацыйная канфэрэнцыя была праведзеная ў Мадрасе.

Такія самыя тэндэнцыя былі заўважаныя ў ЗША, дзе Даклад Браўна пераконваў «прызнаць найшырэйшую разнастайнасць дасягальных альтэрнатываў» і заклікаў да зніжэння абавязковага веку для наведвання да 14 год. Даклад Райта ў Канадзе ў 1972г. настойваў, каб адукацыйны акцэнт быў перамешчаны дзеля «задавальнення патрэбаў індывіда». Такія дый радыкальнейшыя меркаванні ў той жа час гучалі з лягеру палітычнае правіцы. Прыкладам, настаўнік Андрэ Какатр-Зыльжен у інтэрвію францускаму часопісу Новых правых «Элемэнты» (снежань 1975г.) выказаў жаданне, каб дзяржава ўвогуле адмовілася ад неадольнай для яе задачы забеспячэння здавальняючай нацыянальнай адукацыі і дазволіць прыватнаму сэктару заняцца гэтай сфэрай цалкам. Але да нядаўнага часу «адукацыйная мафія» (паводле трапнага вызначэння Дэвіда Ботсфарда), прадстаўленая сацыялісцкімі й лібэральнымі журналістамі, палітыкамі, камэнтатарамі, настаўнікамі, ува ўсім Заходнім свеце паспяхова магла замоўчваць дэбаты што да дэскулінґу, змяшчаючы гэтую зьяву ў гета адукацыйных дзівосаў. Але ўсё больш людзей пагаджаюцца, што адукацыйным дзівам ёсць якраз дзяржаўнае навучанне, якое само павінна апраўдаць сваё існаванне, а ня тыя бацькі, хто ня хоча аддаваць дзяцей у дзяржаўныя школы, павінны камусь штось тлумачыць. Як дасціпна адзначыў францускі навэліст Поль Ґут, «калісьці непісьменнымі былі тыя, хто не хадзіў у школу; цяпер цалкам на'дварот».

Радыкальныя змены ў адукацыйнай сфэры, што мелі месца ў 60-х гг., улучалі, вядома ж, адмову ад большасці дысцыплінарных хормаў, асабліва ад цялесных пакаранняў. Дысцыпліна надта часта стае рэакцыяй за няўдачу, за якую адказны настаўнік ці сам адукацыйны мэтад. Выкарыстанне гэтага факту пакаленнем 1968-га дзеля адмаўлення агулам ад дысцыпліны - было само па сабе нядобрасумленным. Мера выкарыстоўванага дысцыплінарнага спагнання ў адукацыі мусіць вагацца ў залежнасці ад тыпу асобаў і ступені гамаґеннасці ў клясным пакоі. Калі няма ніякага зацікаўлення ў выкладаным прадмеце, часам дысцыпліна ёсць адзіным сродкам перадухілення ўпадання ў хаатычны стан. Але дысцыпліна таксама мае сымбалічнае значанне - як улады мінуўшчыны, права моцнага, дадатку да хормы (у процілегласць да зместу; дзеля ўсіх гэтых прычынаў дысцыпліна непрымальная для лібэрала, і ў ня меншай меры таму, што яна уключае простае ўжыванне стрэсавых стымулаў дзеля дасягненне пэўных вынікаў. Лібэральная філязофія цалкам ад гэтага адрозніваецца - лібэрал перакананы, што наконт усяго могуць быць заключаныя дамовы, і нават пагадненне, каб вучні былі ўважлівыя ў школе! Для лібэрала дзіцё ёсць чымсьці жахлівым, такой сабе чалавечай істотай бяз здольнасці да здаровага сэнсу. Лібэральная рэакцыя - паводзіць сябе з дзецьмі як з маленькімі дарослымі, якія падаюцца файнымі толькі датуль, дакуль дзіцё насамрэч выдае на маленькага дарослага. Але дзеці надта істотна адрозніваюцца ад дарослых. Поўная сіла здаровага сэнсу можа быць ужытая адно да тых, хто цалкам абазнаны, цалкам адукаваны і мае той сама здаровы сэнс. Адукацыя ж, якая выключае здаровы сэнс агулам, - як, зрэшты, і адукацыя, якая апэлюе толькі да здаровага сэнсу, - ніколі ня выхавае разумных людзей.

Тыя, хто не падзяляюць паглядаў лібэртарыянцаў на адукацыю, маюць тым ня менш быць поплеч супраць тых, хто прызнае дзяржаўны прымус у адукацыі, - поплеч, прынамсі, у свеце, які існуе сёння. Гэта значыць ня тое, што яны пагаджаюцца з лібэртарыянскімі перакананнямі, але тое, што ў той час, калі дзяржава схіляецца пад націскам дэструктыўных каштоўнасцяў (а чым яшчэ ёсць знішчэнне народаў у імя гуманісцкіх капіталістычных ідэалаў, якія не прызнаюць сапраўднай ідэнтычнасці?), а чужыя каштоўнасці пранікаюць у адукацыйныя ўстановы, - тады хатняе навучанне ды свабодная адукацыя стаюць ратаваннем жыцця. Нядаўныя выкрывальніцтвы ў прэсе групаў, якія намагаюцца засноўваць свае ўласныя альтэрнатыўныя групы (доктар Рыґер у Швэцыі, італьянскія каталікі ў Гішпаніі, розныя сэкты і г.д.), паказваюць, што шмат хто ўжо разумее гэта. Паколькі ўсё больш бацькоў пакідаюць існую Сыстэму дзеля розных прычынаў, магчымасці дзяржавы кантраляваць тое, што выкладаецца маладому пакаленню, істотна змяншаюцца. Добрыя паводле задумы, але наіўныя высілкі кансэрватараў усталяваць нацыянальны навучальны плян павінны таму разглядацца як частковае дабрадзейства (калі агулам не небяспека), бо «нацыянальны» мае на ўвеце нацыянальную згоду і нацыянальнае адзінства, якіх болей няма. Небяспека ў тым, што нацыянальны навучальны плян можа быць перакручаны і выкарыстаны, каб прыціскаць альтэрнатыўную адукацыю ў імя ўвядзення ўнівэрсальнага нацыянальнага адукацыйнага стандарту. Зусім верагодна можа надысці час, калі няшкольная адукацыя будзе радыкальнаю процівагою да адукацыйнае прапаганды рэклямовых мэдыяў і забаўляльнай індустрыі. Існая Сыстэма дазваляе разнастайнасць толькі дзеля таго, каб квітнець самой, і гэта ўключае разнастайнасць у адукацыі - пагрозу ж для Сыстэмы становіць менавіта гэтая разнастайнасць, якая можа лёгка выйсці з-пад яе кантролю і стацца паўстанчаю. Мала сумневаў, што пад узбуяным ціскам у будучыні ўрад прыйдзе да абмежавання альтэрнатыўных крыніцаў і цэнтраў адукацыі праз увядзенне законаў, у якіх будзе прапісана, што можна прапагандаваць і ажыццяўляць па-за мэйнстрымам - а чаго нельга. Іншымі словамі, слабасць лібэралізму ў тым, што ён дазваляе розныя хормы адукацыі, калі толькі такая шматстайнасць забяспечвае лібэралізму ўпэўненасць, што яго ўласная эліта ня стане поплеч з найбольш сацыяльна пагарджанымі, - але ў той жа час існаванне альтэрнатыўнай адукацыі ёсць пэрманэнтнай патэнцыйнай пагрозай.

Нацыянальная згода была падставовым прынцыпам дзяржаўнае школы, але дзяржаўная школа ня можа далей выжываць пры паслабленні нацыянальнаей дзяржавы. Апошнія даследаванні паказваюць, што дзеці бавяць нашмат болей часу перад тэлевізыямі ды маніторамі, чым слухаюць (ці хутчэй ня слухаюць) сваіх школьных настаўнікаў. У Ангельшчыне, дзе навучанне неабавязковае, а акадэмічныя вынікі ў сярэднім уражліва вышэйшыя за вынікі пры школьным навучанні, - павялічваецца колькасць дзяцей, якія навучаюцца ў хатніх умовах.

джерело: www.gegaruch.org